Общество

Калі ў Беларусі зьявіцца француская вакцына ад грыпу

Францускі «Ваксігрып» павінен зьявіцца ў Беларусі ў другой палове лістапада. А вось галяндзкага «Інфлюваку» сёлета больш ня будзе, паведамляе Радыё Свабода.

У Беларусі цяпер няма заходніх вакцын супраць грыпу ні ў камэрцыйных мэдычных цэнтрах, ні ў паліклініках. Можна прышчапіцца толькі расейскай вакцынай «Гриппол плюс».

Але ў прадстаўніцтве францускай кампаніі Sanofi Pasteur Свабоду запэўнілі: толькі што прынята рашэньне паставіць у Беларусь дадатковую партыю францускага «Ваксігрыпу».

Заходніх вакцын няма, толькі расейскія — за 6 рублёў 20 капеек

Сёлета ў Беларусі можна было прышчапіцца трыма відамі вакцын: «Ваксігрып» францускай кампаніі Sanofi Pasteur, «Інфлювак» нідэрляндзкай кампаніі Abbott і «Гриппол плюс» расейскай кампаніі «Петровакс».

Для вакцынацыі за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў «Белфармацыя» закупіла вакцыну «Гриппол плюс». Яна трохвалентная — абараняе ад двух відаў вірусаў грыпу А (A/H1N1+A/H3N2) і аднаго — вірусу В (Victoria).

Пэнсіянэраў, дзяцей, цяжарных жанчын, людзей з хранічнымі хваробамі прышчапляюць бясплатна. Для астатніх расейская прышчэпка каштуе ў паліклініцы 6 рублёў 20 капеек.

У 2020 годзе Мінздароўя плянуе прышчапіць ня менш за 40% насельніцтва і ня менш як 75% — з груп рызыкі.

Імпартныя вакцыны былі ў паліклініках яшчэ на пачатку кастрычніка, каштавалі 18 рублёў, але вельмі хутка скончыліся.

«Галяндзкай вакцыны больш ня будзе»

У аддзеле лекавага забесьпячэньня Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Белфармацыя» паведамілі, што больш ніякіх дадатковых паставак процігрыпозных імпартных вакцын у Беларусь сёлета ня будзе.

«Ні нідэрляндзкага „Інфлюваку“, ні расейскага „Грыполу“. А іншых вакцын „Белфармацыя“ не закупляла. Паўсюль у паліклініках ёсьць расейскі „Грыпол“, яго закупілі дастаткова. Мы рабілі дадатковы запыт на пастаўку нідэрляндзкай вакцыны „Інфлювак“ на завод-вырабнік, але нам адказалі адмовай. Сёлета павышаны ажыятаж», — сказала супрацоўніца «Белфармацыі».

У мэдцэнтрах кажуць, што да іх запісацца на вакцынацыю ўжо нельга

У камэрцыйным мэдцэнтры «ЛОДЭ» Свабодзе паведамілі, што сёлета вакцынацыя наагул больш праводзіцца ня будзе.

«Скончылася вакцынацыя. Запіс на прышчэпкі сфармаваны да канца лістапада. Тым, хто запісаўся яшчэ ў верасьні, прышчэпкі робяць рэшткамі вакцыны, працэдурны кабінэт працуе. Але запісацца нельга», — адказала супрацоўніца кол-цэнтру.

У цэнтры «Нардзін» таксама паведамілі, што вакцын няма і больш паставак у мэдцэнтар ня будзе.

«Была француская вакцына „Ваксігрып“, яна скончылася. У паліклініках ёсьць расейскія вакцыны, тэлефануйце туды. У пастаўшчыка, у якога мы закупляем, вакцыны няма. І ня будзе, бо межы закрытыя. Тэлефануйце ў Мінздароўя».

Попыт на вакцыны ад грыпу сёлета падвышаны

Францускую вакцыну «Ваксігрып» закупляла фармацэўтычная кампанія «Мэдвакс».

Прадстаўнік аддзелу продажаў «Мэдваксу» паведаміў, што ўсе заяўкі, якія мэдычныя цэнтры і паліклінікі зрабілі перад сэзонам прышчэпак, былі выкананыя. Цяпер рыхтуюць дадатковую заяўку ў кампанію Sanofi Pasteur.

«Вельмі дзіўна, што камэрцыйныя мэдцэнтры кажуць, што вакцынацыя скончылася. Проста ніхто не прагназаваў такога павышанага попыту. Гэта такі сусьветны ўздым сёлета. Хутчэй за ўсё, яшчэ і COVID-19 паўплываў. Плянуецца дадатковая пастаўка — у апошні тыдзень лістапада. Усё залежыць ад канкрэтнай колькасьці заявак ад тых жа „ЛОДЭ“, „Нардзіна“, паліклінік», — кажа прадстаўнік «Мэдваксу», дыстрыбутара францускай вакцыны ў Беларусі.

Ён патлумачыў, што неабходна набраць пэўную колькасьць заявак, бо кампанія можа адмовіцца пастаўляць зусім малую партыю, ёй гэта нявыгадна.

«Проста вакцына — гэта не таблетка, яна патрабуе вельмі дакладнага захаваньня тэмпэратурнага рэжыму. Усё залежыць ад таго, колькі будзе заявак. Калі менш за 10 тысяч — кампанія адмовіцца пастаўляць».

Француская вакцына будзе ў лістападзе

Свабода зьвязалася і з прадстаўніцтвам у Рэспубліцы Беларусь Акцыянэрнага таварыства Sanofi-Aventis Groupe.

Супрацоўніца кампаніі запэўніла Свабоду, што літаральна сёньня прынята рашэньне аб дадатковай пастаўцы францускай чатырохвалентнай вакцыны «Ваксігрып тэтра» ў Беларусь — у другой палове лістапада.

«Задача няпростая менавіта па пастаўцы вакцыны. Бо тут вельмі важна выканаць так званы «холадавы ланцуг» — ад моманту вытворчасьці да дастаўкі. Неабходныя адмысловыя кантэйнэры з тэрмадатчыкамі, гэта крыху ўскладняе задачу, бо звычайна лягістыка, дастаўка плянуюцца загадзя. Але рашэньне прынята — дадатковая партыя вакцыны «Ваксігрып тэтра» будзе дастаўлена ў Беларусь у другой палове лістапада",— запэўніла прадстаўніца Sanofi-Aventis Groupe.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(6)