Диаспоры

Вікторыя Захарава

Кацярына Ваданосава: «Калі не спяваю, не граю, не маю права вышываць чырвонымі ніткамі па белай тканіне – то не магу нармальна жыць»

Апальная спявачка і тэлевядоўца – пра вымушаны ад’езд з Беларусі.

Ратуючыся ад пераследу, сям’я выкладчыцы, спявачкі, рамесніцы і экс-тэлевядоўцы Кацярыны Ваданосавай вымушана з’ехала ў Вільнюс. Пра сыход з тэлебачання, крыніцу натхнення і складанасці акліматызацыі Кацярына расказала ў вялікім інтэрв’ю «Салідарнасці».

«Здраднікамі» мы сталі адразу, як падпісалі заявы на звальненне»

– Летам 2018-га на канале «Беларусь 3» з’явілася праграма «Жывая культура», і тэлевізійнікі вельмі ганарыліся гэтым праектам. А летам 2020-га нібыта пачалося іншае жыццё: стала не да праектаў, не да культуры, не да чаго... Памятаеце той свой настрой?

– Мне было вельмі блага. І рашэнне звольніцца з тэлебачання на той момант далося вялікай крывёю. Зразумела, што іншага рашэння прымаць я не магла – але, праўда, было вельмі цяжка.

Са мной ніхто не гаварыў: напісала заяву, яе падпісалі і ўсё. Убачыла толькі спіну сваёй начальніцы, дырэктаркі канала – яна выходзіла з кабінета, таксама ўбачыла мяне і хуценька сышла назад, каб не сустракацца і ні слова не сказаць.

А я так баялся, шчыра кажучы – думала, у сваю абарону такую прамову выкажу. Але ніякіх прамоваў не было, усё адбылося хутка і адназначна.

– Вялізныя мітынгі каля БТ многім давалі спадзеў, што ў тэлевізійнікаў атрымаецца «дастукацца» да кіраўніцтва…

– Мне ў гэтым плане было прасцей, бо па жыцці я даволі моцная песімістка. Пачынаю разумець, апынуўшыся тут, у бяспецы, наколькі сіндром вывучанай бездапаможнасці, няверання ў свае сілы – гэта ўсё прыдбанае ў Беларусі цягам многіх апошніх гадоў.

Таму я не верыла ў хуткую перамогу. У доўгатэрміновае змаганне – так, мне і зараз падаецца, што гэта расцягнецца яшчэ гадоў на 10. А эйфарыі, якая была ўласцівая шмат каму, у мяне не было ні разу. Бачыла спісы тых, хто падпісаўся ў лісце за страйк – максімум чвэрць супрацоўнікаў тэлебачання. Памятаю «прэс-канферэнцыю» з Качанавай. Я ўжо была зволеная, але прыйшла пад будынак БТ, і знаёмыя выходзілі і казалі: гэта шлях у нікуды, ніхто нічога не чуе, не бачыць і не хоча.

«Здраднікамі», па маім адчуванні, мы сталі яшчэ на тым тыдні, як падпісалі заявы. Тыя, каго я лічыла сябрамі, з кім літаральна дзяліла кавалак хлеба, далі зразумець, што я для іх здраднік – сваім маўчаннем, ігнараваннем.

Я, у прынцыпе, магу іх зразумець: як ты самому сабе прызнаешся, што служыш злу? А можа, у іхніх вачах гэта не ёсць зло – не ведаю, мне цяжка меркаваць. Няма тых людзей, якія былі і засталіся ў сістэме і пры тым спрабавалі са мной наладжваць нейкія стасункі. Тыя, хто застаўся, парвалі ўсе сувязі – гэтак сталася з камандай на тэлебачанні, з чальцамі майго музычнага гурта. Нават бывае, што чытаю часам пра сябе брыдкасці ад тых людзей, з кім насамрэч сябравала.

«Доказ таго, што ўсё недарма»

Калі мноігя сышлі з сістэмы «ў нікуды», адразу пераехалі ў іншую краіну і нават змянілі прафесію, то Кацярына засталася – у Беларусі і ў музыцы. Яна ўдзельнічала ў вулічных канцэртах, выпускала ў сеціве новыя кліпы (так, сумесная праца з Піліпам Беспамылковым, убачыла свет зусім нядаўна), пісала адмысловыя «сярэднявечныя» лісты палітвязням… Што давала сілы не спыняцца?

Кадр з кліпу «На сваёй хвалі». Усе здымкі з асабістага архіву Кацярыны Ваданосавай

– Пару месяцаў я знаходзілася ў творчай стагнацыі і нічога не магла рабіць, – прызнаецца спявачка. – А потым выратавалі дваровыя выступы, канцэрты –  яны далі штуршок і асэнсаванне: тое, што я раблю, недарэмнае. Гэтая запатрабаванасць дала вялікі стымул, каб рухацца далей.

Што падпітвае? Не ведаю. Напэўна – людзі. Калі б я сядзела дома, пакутвала і растраўляла  свае раны, нічога б не адбылося. А так кожны выхад на марш, дваровы выступ – гэта быў велізарны доказ таго, што ўсё недарма, і надавала смаку жыцця.

Такія рукапісныя лісты ў сярэднявечным стылі спявачка дасылала палітвязням

Узімку Кацярына пабралася шлюбам з каханым мужчынам. У «нармальным» жыцці маладзёны хацелі дачакацца лета, склікаць сяброў і родных, нявеста давышывала б сабе народны строй. Але ў краіне, дзе ў многіх стаіць ля дзвярэй дзяжурная торбачка з бялізнай і зубной шчоткай на выпадак арышту, давялося прыспешыцца. Ажаніліся як найхутчэй, каб, калі аднаго пасадзяць, то дзеці засталіся з другім, а не адправіліся ў прытулак.

З мужам і дзецьмі

– Але па беларускіх законах аказалася, што ўсё больш складана: пакуль сапраўдны бацька не пазбаўлены бацькоўскіх правоў, айчым для дзяцей лічыцца нікім, і не можа выступаць апекуном.

Так сама не можа выступаць апекуном і мая мама – у 70 гадоў яна афіцыйна лічыцца занадта старой для гэтага… Карацей, мы зразумелі, што і так не ў пратык, і так не ў пратык. І, калі стала не ўяўнай, а вельмі яскравай праблема маёй «адсідкі» – трэба было з’язджаць.

Я з самага пачатку думала, што адсяджу тэрмін. Як сказаў Павел Аракелян пасля аднаго з выступаў: «Не хвалюйся, Каця, адсядзяць усе». Але не была гатовая, што дзяцей чакае такая страшная доля – пры жывой маці, пры сваяках з цудоўнай, інтэлігентнай сям’і яны маглі апынуцца ў дзіцячым доме. Нават самая магчымасць гэтага выбівала з каляіны.

Пры тым, я ж педагог і працавала ў школе, няхай і прыватнай. Кажуць – не ведаю, галосныя гэта правілы ці не галосныя – што педагогаў не ставяць у сацыяльна небяспечнае становішча. Але пра тое я даведалася постфактум.

На выязным уроку гісторыі з вучнямі

– Наколькі я ведаю, былі прэтэнзіі і да школы, дзе вы працавалі?

– Так. У мяне няма маніі велічы і хваравітага эга, каб лічыць, што ўсё гэта з-за мяне, але асноўная прэтэнзія, падаецца, была ў тым, што выкладчыцкі склад і некаторыя з бацькоў вучняў не карэлююцца ва ўяўленні чыноўнікаў з тым, якія павінны быць бацькі і настаўнікі. Мяне дакладна згадвалі.

Справа не ў адукацыі – якраз маю чырвоны дыплом БДПУ і курсы павышэнні кваліфікацыі пройдзеныя, я па адукацыі гісторык-рэлігіязнаўца, выкладала свой прадмет. Але былі пытанні да «маральнага аблічча». Відаць, у вачох дзяржаўцаў я «разлажылася» – смяецца Кацярына.

«Жменькі цацак у дзіцячых ручках – мяне зусім гэта дабіла»

Зрэшты, гэта цяпер яна можа дазволіць сабе смяяцца. Але зборы сям’і ў дарогу за некалькі гадзін былі зусім не вясёлыя. Дзеці, акрамя рэчаў, прыхапілі некалькі самых улюбёных цацак, а дачка ўзяла яшчэ скрыпку, сама несла яе ўсю дарогу і нават, скурчыўшыся, спала на інструменце, каб толькі яго забраць на чужыну…

Выбіраць, куды з’ехаць, не даводзілася

– Як дзеці прынялі вымушаны ад’езд?

– Стаічна. Яны паводзілі сябе вельмі годна і вельмі спакойна, я ўсё ўспрымала значна больш балюча. Калі сказала, што можна ўзяць толькі адзенне, то прынеслі кожны па жменьцы цацак і папрасілі: мала месца зоймуць, можна, возьмем?

Жменькі цацак у дзіцячых ручках – мяне зусім гэта дабіла. Сядзела і рыдала… А ім было нармальна, атрымалі дазвол і спакойна з тымі цацкамі паехалі.

– Напэўна ж, падказвалі і раней: Кацярына, добра было б з’ехаць. Што сталася апошнім штуршком?

– Так, казалі з розных бакоў… Вось адзін з выпадкаў, як развіваліся падзеі. На мужа завялі  адміністрацыйную справу за несанкцыянаваную падачу аўтамабільнага сігналу. Ён падаваў скаргі, судзіўся, сам сябе абараняў. Адбыліся ўжо тры суды, але кожны раз справу адпраўлялі на пераразгляд. Апошні суд быў ужо без нас, калі мы з’ехалі – і там яго правоў такі пазбавілі на 10  месяцаў.

А ў справе, якая займае 50 з нечым лістоў, напісана, што рэйды да нас прадстаўнікоў розных структур былі ўжо 9 разоў. Хто гэта быў, сказаць не магу, не ведаю; аднак апошнім часам мы не ночылі дома, бывала, шукалі, да каго з сяброў паехаць. Бо кола звузілася настолькі моцна: арыштоўваюць настаўнікаў, музыкаў, былых тэлевядучых – усе тыя, хто быў для мяне сябрам, альбо сядзяць, альбо ў лепшым выпадку ўжо адседзелі.

Дый пасля з’яўлення «недобранадзейных» спісаў стала зразумела, што ў маёй прафесіі «лавіць», даруйце за цынізм, у Беларусі няма чаго. Мяне б зараз на працу нікуды не ўзялі, нават у маленькую школу.

І ў творчасці – калі я не спяваю, не граю, не маю права вышываць чырвонымі ніткамі па белай тканіне – то не магу нармальна жыць. Мне цяжка, я фізічна хварэю. Адчуванне таго, што ты не можаш зрабіць тое і гэта, раздзірае знутры да невыноснасці. Калі пішаш песню і ведаеш, што не можаш нікуды яе падзець, просіш сесійных музыкаў дапамагчы яе запісаць – а яны адказваюць: «Э-э, не, мы, напэўна, пойдзем». І гэта ж песня на верш Янкі Купалы, не пра палітыку…

– Як гэта, Янка Купала – і не пра палітыку?!

– Ну так, проста лірычная песня, пра любоў, – смяецца суразмоўца. – Але мая персона стала настолькі «нонграцістай», што было зусім цяжка.

Падчас аднаго з канцэртаў

«Мы вернемся!»

– Прыехалі – нічога не ведалі, як у палонку кінуліся, і кожную парушыначку інфармацыі прыходзіцца проста выгрызаць. Спачатку сядзелі на каранціне, шмат «гуглілі», што ды як, бо не маем кантактаў, і толькі днямі, нарэшце, выйшлі на тых, хто ў муніцыпалітэце займаецца ўладкаваннем дзяцей у школу. А паколькі тут Еўропа, а не Беларусь, трэба не хадзіць, а пісаць лісты і чакаць на іх адказу – гэта ўсё займае час.

Няма ні рэсурсаў, ні матэрыяльнай базы. Я, напрыклад, хацела б, каб дзеці селі памаляваць – а маляваць няма чым, каб пачыталі – але ж кніжак таксама няма… Гэта дэмаралізуе крышку. Але нічога, з цягам часу абжывемся.

Вышыўку, рэканструкцыю жаночай наміткі, Кацярына ўзяла з сабой…

Мы не разглядаем Вільню як канчатковую кропку шляху. Выехалі, не выбіраючы месца – куды атрымалася. Працы яшчэ няма ні ў мяне, ні ў мужа, таму разглядаем варыянт далейшага пераезду. Калі гэта будзе, як, куды – абсалютна не загадваем. Думаем наконт Польшчы, але тое не дакладна.

Мне падаецца, зараз усе беларусы так жывуць – і тыя, хто ў краіне, і хто па-за яе межамі, ніхто не загадвае больш чым на два тыдні наперад.

З выездам сям’і дапамагла Беларуская рада культуры, але наконт фінансавай дапамогі Кацярына цвёрдая:

– Спадзяюся, што ніколі не наступіць такі момант, калі б я прасіла грошай для сябе ці для сваёй сям’і – хіба толькі хлеба ў доме не будзе. Ведаю, што шмат каму грашовая дапамога значна больш патрэбная.

Самы вялікі зараз дэфіцыт – гэта дэфіцыт інфармацыі, стасункаў, кантактаў. Напрыклад, тут жыве мая цымбалістка Аня, і мы ўжо сустракаліся, рэпеціравалі, думалі, добра было б зладзіць канцэрт – але якім чынам ён тут ладзіцца?

Гэта на сцэне я вясёлая і нават разбітная, а па жыцці даволі інтравертаваная, мне цяжка стасавацца з незнаёмымі людзьмі. Усё жыццё думала, што пазіцыя, як у «Майстары і Маргарыце» – «Ніколі нічога не прасіце» – гэта правільная, найлепшая пазіцыя. А на самай справе яна найгоршая, бо трэба ўмець наладжваць кантакты, і нічога зазорнага ў гэтым няма. Толькі цяпер спрабую тое ў сабе перамагчы, але даецца вельмі цяжка.

Кадр з кліпу «Для каго»

– Разумею, што пытанне хуткага вяртання ў Беларусь заўчаснае. Але які настрой на аддаленую будучыню?

– Я заўсёды жыла, расклаўшы па паліцах будучыя дзеянні і крокі – а зараз гэтага няма, і я не магу ўцяміць, што рабіць. Таму і настрой няпэўны, вельмі блізкі да настрою жніўня-2020.

З аднаго боку, вялікае шчасце, што магу дазволіць сабе засынаць, магу здымаць слухаўку, калі мне нехта тэлефануе, хаця ўсё роўна ўздрыгваю. Ужо не боязна, што дзецям патэлефануе міліцыя, як было аднойчы. А з іншага боку, будаваць новае жыццё, калі моцна трымаўся за дом, за радзіму – цяжка.

Нядаўна прасіла: скажыце, што ўсё будзе добра, мне зараз так не хапае гэтай веры – і дырэктар школы, дзе я працавала, адказаў: «Дык усё ўжо добра». Мяне працяла ў самае нутро. Праўда, вельмі класнае стаўленне: нягледзячы на цяжкасці, праблемы і страхі, адчуваць, што ўсё ўжо добора. І далей, спадзяюся, будзе лепш.

І мы вернемся. Адназначна. Я проста не магу ўявіць, што будзе іначай. Калі гэта адбудзецца – няпэўна, але ў самім факце нават не сумняюся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(45)