Кацярына Ваданосава пакінула Беларусь: «Мы вернем свой дом. І будзем у ім свабоднымі»

Цяпер сям’я спявачкі і паэткі ў бяспецы ў іншай краіне, але спадзяецца вярнуцца.

Фота са старонкі Кацярыны Ваданосавай ў Facebook

Кацярына Ваданосава з мужам і двума дзецьмі вымушаная была пакінуць краіну праз пагрозу крымінальнага пераследу. Зараз сям’я знаходзіцца ў Вільнюсе, куды патрапіла праз Кіеў з дапамогай Беларускай рады культуры.

– 9 жніўня 2020 года я і падумаць не магла, што роўна праз год мне прыйдзецца тэрмінова, амаль без рэчаў, з двума дзецьмі, без працы, ведання мовы і без планаў на будучыню пакідаць Беларусь, каб выратаваць сябе ад турмы, а дзяцей ад дзіцячага дома. А вось як бывае: аказваецца, так проста запакаваць усё жыццё сям'і ў тры валізкі, абняць маму і ката, расплакацца, потым сабрацца і з'ехаць у невядомасць, – напісала спявачка на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.

Кацярына вядомая як голас гурта «Kaciaryna Vadanosava & Fantasy Orchestra», што выконвае фэнтэзі-рок. Таксама яна была аўтаркай і вядучай цыклу праграм «Жывая культура», які з 2018 года  распавядаў на тэлеканале «Беларусь 3» пра народныя традыцыі, абрады і рамёствы са спісу нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

У жніўні 2020 года Ваданосава падтрымала пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і звольнілася з дзяржтэлебачання. Праз актыўны ўдзел у пратэстах і выпуск музычных кліпаў неаднаразова атрымлівала пагрозы, што сям’ю паставяць у СНП, а дзяцей забяруць у дзіцячы дом.

Як прызналася Кацярына, сям’я з’язджала ў роспачы і паспела ўзяць толькі самае неабходнае, а дзеці (сын мусіць пайсці ў першы клас, дачка – у пяты) прыхапілі акрамя рэчаў па жменьцы цацак і скрыпку.

На новым месцы давядзецца вырашаць шмат пытанняў: дзе дзеці будуць вучыцца, дзе ўзяць лекі для мужа спявачкі, інсуліназалежнага дыябетыка, як забраць да сябе ката, якога прытулілі ўзімку… І ўсё ж Кацярына спадзяецца на лепшае:

– Мы вернемся. Мы проста не можам не вярнуцца. Мы вернем свой дом. І будзем у ім свабоднымі. Не веру, што будзе інакш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(15)