Гурневіч: «Дурань не той, хто не ведае, а той, хто не хоча ведаць»

Журналіст – пра тое, чаму 7 лістапада 1917 быў бальшавіцкі пераварот, а не рэвалюцыя.

– Беларусь – адзіная дзяржава ў свеце, якая адзначае гадавіну бальшавіцкага перавароту 1917 года, – пiша Дзмітрый Гурневіч. – Многія шчыра лічаць гэта рэвалюцыяй, якая дала беларусам краіну, бо не валодаюць фактамі.

Не трэба саромецца даведвацца новае. Бо дурань не той, хто не ведае, а той, хто не хоча ведаць.

Чаму 7 лістапада 1917 быў бальшавіцкі пераварот, а не рэвалюцыя?

Бо рэвалюцыя, у выніку якой у Расійскай імперыі зрынулі самадзяржаўе, адбылася ў лютым 1917 году, за 8 месяцаў да перавароту бальшавікоў.

Менавіта ў лютым цар адрокся ад улады. У Петраградзе ўзнік Часовы ўрад, у які ўваходзілі розныя палітычныя сілы. Бальшавікі тады былі маргіналамі, а не рухавіком пераменаў.

Што тады было ў Беларусі?

Праз пару дзён пасля адрачэння Мікалая ІІ у Мінску адбыўся дзень бел-чырвона-белага значка. Найстарэйшая і найбуйнейшая ў 1917 годзе партыя ў Беларусі — Беларуская Сацыялістычная Грамада — падтрымлівала Часовы ўрад.

Беларускія сацыялісты выставілі патрабаванне аўтаноміі Беларусі. Узнік Беларускі нацыянальны камітэт. Але Часовы ўрад і чуць не хацеў пра Беларусь. Беларусам заявілі, што не прызнаюць іх за асобны народ.

А як бальшавікі захапілі ўладу?

Сілай. Гэта быў класічны ўзброены пераварот. Бальшавікі гвалтам зрынулі законны Часовы ўрад.

Але ж народы Расійскай імперыі былі за бальшавікоў, праўда?

Не. Пра гэта сведчыць гістарычны факт. Пасля перавароту бальшавікі падтрымалі свабодныя выбары ў парламент. Але яны з трэскам іх прайгралі. Апаненты бальшавікоў – сацыялісты-рэвалюцыяннеры (эсэры) набралі амаль удвая больш галасоў (больш за 40%).

Пабачыўшы, што народ супраць іх – бальшавікі разагналі той парламент і пачалі ў краіне тэрор. Бальшавікі не былі народнаабранай уладай. Гэта фэйк.

Як беларусы сустрэлі пераварот бальшавікоў?

Беларусам ён быў да лямпачкі. У самой Беларусі быў дэфіцыт бальшавікоў, таму пасля перавароту ў Мінск з Расеіі адправілі бальшавікоў на браніраваным цягніку. Бальшавік Вільгельм Кнорын праз гады ўзгадваў: «25 кастрычніка 1917-га бальшавізм быў чужым для шырокіх мас у Беларусі».

Бальшавікі далі беларусам Беларусь, гэта ж праўда?

Не. У лістападзе 1917 году бальшавікі аб’явілі, што тэрыторыя Беларусі — гэта Заходняя вобласць (камуна) у складзе Савецкай Расіі. Галоўныя бальшавікі Беларусі – Аляксандр Мяснікоў, Вільгельм Кнорын, Карл Ландэр, у гонар якіх названыя вуліцы беларускіх гарадоў, усе яны нарадзіліся не ў Беларусі і не былі беларусамі.

Дык чаму тады Лукашэнка віншуе штогод беларусаў у гэты дзень?

Магчыма ён чуе нейкія галасы ў сваёй галаве. Ані Часовы ўрад, ані бальшавікі, і чуць не хацелі пра Беларусь. І тыя, і другія, заяўлялі беларусам, што не прызнаюць іх за асобны народ.

Толькі пасля абвяшчэння незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 году бальшавікі вырашылі пайсці насуперак і стварылі Савецкую Беларусь. І тое, дзякуючы намаганням беларускіх камуністаў, якіх пасля расстралялі.

А чаму БССР была не на ўсёй тэрыторыі Беларусі?

Бо палову Беларусі бальшавікі аддалі Польшчы на перамовах у Рызе ў 1921 годзе. Бальшавікі хацелі аддаць палякам больш (узамент на землі Украіны), але палякі адмовіліся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(43)