Филин

Сяргей Васілеўскі

Гісторык: Верагодна, сярод спецслужбаў пачалося сацыялістычнае спаборніцтва

Аляксандр Пашкевіч тлумачыць, чаму Генпракуратура ўзялася за школьныя падручнікі.

Генпракуратура сумесна з Нацыянальным інстытутам адукацыі правяла праверку якасці навучання школьнікаў. Па выніках праверкі была зробеная выснова: «вучні не могуць паўнавартасна засвойваць прадметы школьнай праграмы з-за складанага навучальнага матэрыялу».

Сярод іншага былі выяўленыя няякасныя навучальныя матэрыялы па біялогіі. У дадзены момант паводле патрабавання Генпракуратуры профільныя спецыялісты займаюцца пытаннямі карэкціроўкі школьных падручнікаў.

Аляксандр Пашкевіч, фота з уласнага архіву

Пра ініцыятыўнасць пракурораў Филин пагутарыў з гісторыкам Аляксандрам Пашкевічам.

— Школьныя падручнікі і навучальныя праграмы і раней рэгулярна былі ў полі зроку ўладаў, на гэтую тэму неаднойчы выказваўся Лукашэнка, які патрабаваў «навесці парадак». Тое, што цяпер якасць падручнікаў ацэньвае пракуратура —лагічнае развіццё падзей?

— Не ведаю, наколькі лагічнае. Але ў нашых умовах, відаць, нечаму здзіўляцца ўжо не даводзіцца. Сілавыя структуры, і Генпракуратура ў тым ліку, сапраўды выявіліся спецыялістамі ва ўсіх сферах, яны бяруць на сябе зусім не ўласцівыя ім функцыі.

Хоць, зразумела, усё гэта выглядае надзвычай абсурдна. Нават з гледзішча простай логікі. Бо прычым ужо тут Генпракуратура — не да нейкіх злоўжыванняў, напрыклад, фінансавых — а да зместу падручнікаў, які камусьці з вучняў складана засвойваць.

Па вялікім рахунку, гэта не пракуроры павінны вызначаць. Гэтым мусяць займацца спецыялісты, педагогі. Гэта зусім  не пытанне заканадаўства. 

— Ці можна чакаць, напрыклад, «справы выдаўцоў падручнікаў»? Вас бы такі крок не здзівіў?

— Я б не здзівіўся. Гледзячы, на якіх фармальных падставах гэтую справу бы заводзілі. Адна справа, калі падставай робяцца, ізноў жа, фінансавыя злоўжыванні. Або ў матэрыялах знойдзены нейкі «экстрэмізм», прычым масавы, калі ў многіх падручніках наскрозь пракідваюцца «экстрэмісцкія», на іхні погляд, думкі і выказванні, прапаганда.

Тады можна было б зразумець удзел пракуратуры ды іншых сілавых органаў, калі б заводзіліся справы ды ішлі працэсы. Але калі галоўнае абвінавачванне палягае ў тым, што гэтыя падручнікі заскладаныя для ўспрымання вучняў, як гэта сцвярджаецца, то пры чым тут пракуратура? Калі кепскія падручнікі, то іх трэба перапісаць, а не заводзіць нейкія справы.

— Наіўнае пытанне: ці можна з дапамогай такой кампанейшчыны вырашыць праблему падручнікаў і праграмаў?

— Вядома, што не. Гэта не тыя метады, якімі можна падобныя праблемы вырашыць. Рашыць іх можна толькі ў нармальнай сітуацыі, калі гэта стане прадметам грамадскага абмеркавання, калі будзе кансэнсус сярод спецыялістаў, з прыцягненнем шырокіх колаў настаўнікаў-практыкаў, у дэмакратычнай атмасферы.

А калі гэта здзяйсняе хтосьці з невядомымі кампетэнцыямі і памкненнямі, вырашае, што добра, а што кепска, ды яшчэ пагражае рэпрэсіўнымі мерамі, то ў такой сітуацыі добры падручнік не зробіш.

Альбо зробіш тое, што будзе задавальняць гэтых канкрэтных людзей, але гэта не азначае, што гэта насамрэч надаецца для рашэння педагагічных задач. Мне сумнеўна, што густ гэтых людзей з’яўляецца эталонам якасці. Як і тое, што падручнік кепскі з-за таго, што ім у гэтым падручніку нешта незразумела.

— Калі зірнуць на сітуацыю шырэй. Чаму пракуратура бярэцца за такія справы? Гэта праява канкурэнцыі сярод сілавікоў?

— На апошняй нарадзе з сілавікамі Лукашэнка выказваў незадаволенасць: мала саджаюць, мала заводзяць крымінальных спраў, мала рэпрэсіўнай актыўнасці, ледзь не сабатаж.

Цалкам верагодна, што сапраўды пачалося сацыялістычнае спаборніцтва, калі спецслужбы адна перад адной стараюцца выслужыцца, паказаць сябе, шукаюць, дзе можна прыкласці свой імпэт. У выніку такія зусім нечаканыя моманты і трапляюць пад іхнюю ўвагу.

Мяркуючы з агульнай логікі развіцця падзей, мы яшчэ не адзін раз будзем сведкамі такіх дзіўных рэчаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(21)