Политика

«Гэта падрыхтоўка да абʼяднаньня дзяржаваў у 2023 годзе»

Намесьнік рэдактара «Коммерсанта» Дзьмітры Бутрын на канале Свабода Premium — пра дамоўленасці ў Маскве.

Дзьмітры Бутрын, фота old.inliberty.ru

Якую ступень інтэграцыі прадугледжваюць новыя саюзныя праграмы, ухваленыя Лукашэнкам і Пуціным? Ці прадугледжаныя ў іх кантрольныя ці наглядныя органы? У якой ступені гэтыя дакумэнты абмяжоўваюць сувэрэнітэт Беларусі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае намесьнік рэдактара расейскай газэты «Коммерсант» Дзьмітры Бутрын. У Беларусі ён вядомы як аўтар артыкула 2019 году пра зьмест праекту «дарожных мапаў» інтэграцыі.

Дзьмітры Бутрын:

— Падпісаныя дакумэнты набудуць юрыдычную моц 4 лістапада, калі Пуцін падпіша адпаведны ўказ, а Лукашэнка — дэкрэт.

Мы апублікавалі на сайце «Коммерсанта» вытрымку з таго, што зацьверджана. Гэтыя дакумэнты крыху адрозьніваюцца ад таго праекту, зьмест якога мы абнародавалі два гады таму. Яны адрозьніваюцца інтанацыяй.

Калі б я ня ведаў, што ў Беларусі адбылося за 2 апошнія гады, я сказаў бы, што гэта вынік доўгіх і цяжкіх перамоваў.

Наконт праекту, пра які мы пісалі два гады таму, можна было думаць, што за ім стаяць яшчэ нейкія негалосныя дамоўленасьці.

Той пакет вымагаў дадатковых пагадненьняў, пра цяперашні гэтага сказаць нельга.

У цяперашніх дакумэнтах ключавое слова — не «рэгулятар», а «гарманізацыя». Я ня бачыў поўнага тэксту, але ў тым, што бачыў, слова «рэгулятар» я нідзе ня ўбачыў. У некаторых пытаньнях, скажам, у падаткаабкладаньні, рэгулятара няма дакладна, нават няма адзінага мытнага і падатковага кодэксаў.

Два гады таму праект быў грубай прапановай аб’яднаць падатковыя сыстэмы. Цяпер пазначана, што па ўскосных падатках будзе адбывацца адзінае адміністраваньне.

Можна гэта павярнуць у бок абмежаваньня падатковага сувэрэнітэту. Але можна і не паварочваць.

У нечым інтэграцыя, якая прапаноўваецца ў гэтых 28 праграмах, нават глыбейшая за тое, што прапаноўвалася 2 гады таму. Але ў прэамбулах і ў агульнай схеме пакідаецца магчымасьць прадэкляраваць, што гэта розныя дзяржавы.

Гэта падрыхтоўка да абʼяднаньня дзяржаваў у 2023 годзе. Ідэя такая — мы зараз зробім усе падрыхтоўчыя крокі, а ў 2023 годзе вырашым — гэта ў нас ужо адзіная дзяржава ці яшчэ не.

Адносна цэнтральных банкаў прадугледжваюцца практычна аднолькавыя інструмэнты рэгуляваньня, беларускае заканадаўства ад расейскага ня будзе практычна адрозьнівацца нічым.

Расея абвінавачвае Беларусь у тым, што тая за кошт свайго сувэрэнітэту мае магчымасьць займацца арбітражам. У Расеі ёсьць тэрмін «беларускія крэвэткі». Гэта адзін з кшталтаў арбітражу.

Беларусь зарабляе ў тым ліку і на глупствах расейскай зьнешняй палітыкі. Адна з задачаў гэтых 28 праграмаў — прапанаваць магчымасьць агульнага рынку.

Фігуральна кажучы, сэнс пагадненьняў — давайце мы зробім унутраны антураж нашых «кватэраў». Але жыць будзем у сваіх «кватэрах».

У 2023 годзе гэта, паводле задумы, будзе выглядаць так — ёсьць два дамы, адзін большы, другі — меншы ў 20 разоў. Яны абсалютна аднолькавыя. Але хто будзе гаспадарыць у малым доме? Той, хто там жыве.

Гэтая двухгадовая праграма выглядае да некаторай ступені ідэалістычнай утопіяй. Яна зыходзіць з тэзы, што калі мы створым дзьве падобныя сыстэмы рэгуляваньня, то эканомікі будуць вельмі падобныя.

Гэта хутка ня робіцца. Але каб яно рабілася наагул, закон павінен выконвацца. Ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі рэч ня толькі ў законах, і яна ўсё часьцей не ў законах.

«Часам не да законаў» усё часьцей робіцца правілам і ў Расеі. Аўтакратыя ня можа доўга функцыянаваць у межах закону, нават калі яна можа гэты закон прымаць. Менавіта таму Беларусь застанецца Беларусьсю, а Расея — Расеяй.

Каб рэалізаваць гэтую інтэграцыйную праграму, Беларусь і Расея павінны быць прававымі дзяржавамі. А яны імі не зьяўляюцца.

А які сэнс Беларусі мець расейскія законы? У яе крыху іншая эканоміка, крыху іншы народ, геаграфічнае становішча істотна іншае.

Я асабіста не разумею, навошта Расеі нейкімі землямі «прырастаць». Магчыма, менавіта таму я не зьяўляюся часткай расейскай улады.

Я за разнастайнасьць на нашым кантынэнце, і альтэрнатыва «беларускім крэвэткам» — гэта адсутнасьць крэвэтак.

Калі гэтая інтэграцыйная праграма будзе выконвацца, то з 2023 году цэны на газ для Беларусі будуць, як для Смаленскай вобласьці. Калі ня будзе выконвацца, то ня будуць.

Беларусь Лукашэнкі не гатовая выкарыстаць танны газ, не гатовая рабіць зь яго грошы. Яна гатовая толькі спальваць яго на ЦЭЦ і заганяць насельніцтву ў выглядзе гарачай вады. Расейцы ўвесь час баяліся, што беларусы на таннай энэргетыцы збудуюць нешта канкурэнтнае.

Цяпер відавочна, што пры гэтай уладзе ніхто ў Беларусі ня будзе выкарыстоўваць гэты газ ні на што, акрамя сацыяльнага спакою. Каб рахункі за ЖКГ былі танныя — вось адзінае, што ім трэба.

У Беларусі невялікая эканоміка. Так што можна пастаўляць туды танны газ, калі спаўняецца мара, сэнсу якой мы з вамі не разумеем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(18)