Политика

Фядута напісаў эпіграму на Трусава

Канфлікт паміж Таварыствам беларускай мовы і кампаніяй «Гавары праўду» перайшоў на асобы.

Як вядома, падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася з нагоды затрыманняў актывістаў "Гавары праўду!", было паведамлена, што ТБМ адмовілася падтрымаць кампанію. Старшыня Таварыства Алег Трусаў пацвердзіў Радыё Свабода гэта і яшчэ дадаў каментар.

-- Мы ніколі ня будзем падтрымліваць кампаніі, якія праводзяць русыфікацыю нашага насельніцтва. Таму што ўсе іх паштоўкі былі зробленыя на расейскай мове, надрукаваныя ў Смаленску. Сябры ТБМ вельмі абураюцца, як беларускі паэт Някляеў вырашыў рабіць гэтую кампанію "Гавары праўду!" на расейскай мове, -- заявіў Трусаў.

ТБМ таксама адмовілася падтрымаць акцыю па зборы подпісаў на перайменаваньне вуліцаў у Менску і Горадні імём Васіля Быкава. Трусаў кажа, што не разумее, чаму для гэтага абралі менавіта Ульянаўскую, бо Быкаў на гэтай вуліцы ніколі ня жыў. Ён таксама зьдзіўлены, чаму б было не зрабіць у Менску новую вуліцу: "Я ім прапаноўваў калісьці зьвярнуцца да уладаў, каб новую вуліцу, любую, абвясьціць вуліцай Быкава, як мы зрабілі з вуліцай Брыля, вуліцай Сапегі".

-- Я так разумею, што ім піяр патрэбны. Ня трэба ім ні Быкаў, ні вуліца, ім патрэбны шум, і яны гэтага дамагліся: улады іх пачалі хапаць, -- мяркуе Трусаў. -- Гэта кампанія – дробная правакацыя, ад якой могуць пацярпець нашы пісьменьнікі і паэты. Я да усёй гэтай гульні ў праўду стаўлюся вельмі адмоўна. З усёй гэтай кампаніі тырчаць расейскія вушы, вялікія расейскія вушы. Таму я афіцыйна заяўляю, што ТБМ да гэтай "праўды" ня мае ніякага дачыненьня і мець ня будзе, таму што робяць яны гэта усё па-расейску".

Адказу доўга чакаць не давялося. Падчас анлайн-канфэрэнцыі на сайце Радыё Свабода эксперт кампаніі “Гавары праўду” Аляксандр Фядута заявіў, што напісаў эпіграму: “Падчас агульных ператрусаў заўжды знайдзецца нейкі Трусаў”.

У пушкінскія часы за такое выклікалі б на дуэль. Аднак, выглядае, што сёньня бакі абмяжуюцца высвятленьнем адносінаў праз сродкі масавай інфармацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)