Филин

Сяргей Васілеўскі

Фрыдман: Масква і Мінск рухаюцца ў бок Паўночнай Карэі, беларуска-еўрапейская мяжа можа быць зачыненая

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман расказаў Филину пра небяспеку сітуацыі «ні вайны, ні міру».

— Лукашэнка ізноў прымервае да сябе ролю міратворцы. І робіць гэта, як заўсёды, ва ўласцівай яму манеры. У часе сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў — сяброў АДКБ ён заклікаў неадкладна спыніць канфлікт, а пра яго прычыны падумаць пасля. На каго гэта разлічана, асабліва пасля ягоных шкадаванняў аб тым, што Украіну не даціснулі яшчэ ў 2014-м?

— Мне падаецца, што ён выпрацаваў для сябе ўласную версію, погляд на падзеі. І гэты наратыў ён прасоўвае ў розных кантэкстах у залежнасці ад сітуацыі і аўдыторыі.

А наратыў гэты такі: мы супраць вайны, мы яе ніколі не жадалі. Але так атрымалася, вайна ўжо ідзе, мы тут на расійскім баку і будзем Расію падтрымліваць. Але ўсё адно мы супраць вайны, мы — людзі мірныя, неагрэсіўсныя. Галоўнае, каб не было крыві.

Гэты наратыў складаецца з дзюх частак. Першая — мы за перамовы, пажадана ў Беларусі. Другая — мы за мір, але ўсё адно за Расію.

І гэта тое, што ў прынцыпе розныя сегменты аўдыторыі Лукашэнкі жадаюць пачуць. Мы ведаем, што ў Беларусі пазіцыяй большасці з’ўяляецца жаданне, каб вайна спынілася. Пра гэта кажуць многія апытанні. Вайну падтрымлівае пераважная меншасць.

Таму ён гэта і кажа, паказвае гэтай сваёй аўдыторыі, што ён робіць усё, каб вайны не было, каб не было пагрозы для Беларусі. Гэта ж паказваецца і аўдыторыі па-за Беларуссю — «Лукашэнка не за вайну».

І трэцяя аўдыторыя — пераважна расейцы. А ў гэтым кантэксце АДКБ яму важна паказаць не толькі тое, што ён знаходзіцца на расійскім баку, а што ён фактычна адзіны, што на баку Расіі знаходзіцца да апошняга.

Што ён фактычна застаўся адзіным саюзнікам Масквы. Вось гэтыя сігналы яму трэба прасоўваць. Таму гэта і падкрэсліваецца. Нічога надзвычайнага з яго боку не было. Гэта звыклая ягоная рыторыка.

Лукашэнка каторы месяць робіць падобныя заявы, а падзеі, што цяпер адбываюцца, ён трактуе ў прыемным для сябе рэчышчы.

— Мы неаднойчы раней чулі гэтыя словы, сёння яны гучалі ізноў: па версіі Лукашэнкі ніякага контрнаступу няма. Ці можа ён такім чынам маскіраваць свой страх? У тым ліку і страх таго, як мяркуе аналітык Арцём Шрайбман, што Пуцін яго можа кінуць у самы адказны момант. Як фактычна кінуў Белгародскую вобласць у гэтыя дні.

— Відавочна, што гісторыі, падобныя да падзей у Белгародскай вобласці, непрыемныя для Лукашэнкі. І гэта ўскосна пацвярджае беларуская прапаганда.

Бо тое, што яна паказвае — гэта тое, як бачыць свет Лукашэнка, як ён разважае. І, адпаведна, што падабаецца, ці не падабаецца Лукашэнку.

Ёсць шэраг тэмаў, якія для яго відавочна непрыемныя. І таму яны альбо наўпрост замоўчваюцца, альбо ім надаецца падкрэслена мінімум увагі.

Гэта і гісторыя з магчымым гаагскім ордарам на ягоны арышт. Гэта і падзеі ў Белгародскай вобласці, пра якія прапаганда паведмляе вельмі сцісла і без канкрэтыкі.

І, натуральна, украінскі наступ — тая самая гісторыя. Гэтая тэма непрыемная, таму гаварыць пра яе не жадюць. Акрамя таго, ёсць жа шматлікія расійскія ваенкоры, якія акурат гэтую тэзу і праводзяць — маўляў, няма ніякага контрнаступу, усё гэта блеф.

Мы ж не ведаем, што ў выніку Лукашэнка чытае, што яму кладуць на стол, якія аналітычныя паведамленні. Магчыма, што ўсе гэтыя наратывы пра блеф акурат і трапляюць у аналітыку, якую яму рыхтуе Міністэрства абароны і КДБ.

Я не выключаю, што Лукашэнка у гэта верыць. У яго светапогляд тыповага канспіролага. «Усё зусім не так, як вы бачыце. Я вам раскаажу, што адбываецца насамрэч». Ён і сёння пачаў прамову з патаемных сэнсаў.

Відавочна, і гэта прызнаюць некаторыя расійскія аналітыкі, што пэўныя наступальныя дзеянні пачаліся. Галоўны гэта наступ, ці пакуль негалоўны, ці гэта ўвогуле гульна ўкраінскіх вайскоўцаў, але пэўныя дзеянні ўжо адбываюцца.

Лукашэнка ж не жадае гэтага бачыць, бо яму гэта непрыемна. Таму ён больш схільны распаўсюджваць наратыў «няма ніякага контрнаступу».

Акрамя таго, не варта забывацца, што ён гэта паўтараў неаднаразова.  Чым больш ты нешта паўтараеш, тым больш сам пачынаеш у гэта верыць.

Што датычыць белгародскага сцэнра, то яму гэта відавочна непрыемна. Але я думаю, што ён пра гэта шмат разважае. І тыя крокі, якія робіць цяпер улада, паказваюць, што іх гэтая тэма моцна турбуе.

І тут нават пытанне не ў тым, дапаможа Пуцін у цяжкую хвіліну ці не дапаможа. Іх турбуе, якой будзе рэакцыя ў самой Беларусі, калі на яе тэрыторыі сапраўды нешта такое адбудзецца.

Калі адбудзецца абстрэл памежных беларускіх райцэнтраў, калі нейкі з беларускіх градоў ператворыцца ў Шыбекіна.

Што тады будзе? Ці ў стане беларуская армія будзе на гэта адказаць? Якімі будуць унутрыпалітычныя працэсы? Я думаю, акурат над гэтымі пытаннямі сёння разважае Лукашэнка.

— Таксама сёння прагучала красамоўная заява пра тое, што Лукашэнка «мае намер прапанаваць Пуціну выпрацаваць праграму дзеянняў Расіі і Беларусі, каб забяспечыць самадастатковасць і не азірацца ні на Захад, ні на Усход».

На Захад яны абое ўжо даўно не азіраюцца. Ці не азначае гэтая ініцыятыва, што яны могуць перестаць азірацца і на Кітай?

— Так, я таксама звярнуў увагу на гэтую акалічнасць. Але я б тут абазначыў гэта, як пэўны сіндром Паўночнай Карэі. Бо ўжо зараз на Захадзе ідуць разважанні пра тое, што будзе, калі ўкраінскі наступ не атрымаецца. Альбо атрымаецца не так, як яны гэтага жадалі, калі наступ не стане вырашальным.

Што будзе, калі гэты канфлікт апынецца замарожаным, як гэта было ў выпадку Паўднёвай Карэі і КНДР? Тады ваенныя дзеянні прыпыніліся, мірнага пагаднення не было і фактычна дзесяцігоддзямі не было нармальных адносінаў паміж краінамі. Яны і да сённяшняга моманту лічацца ворагамі.

Паўночная Карэя фактычна ад самага пачатку свайго існавання ўзяла курс на самаізаляцыю. У нечым гэта быў вымушаны крок. Цяпер яна знаходзіцца ў залежнасці ад Кітая, але так ці інакш, ступень ізаляванасці яе вельмі вялікая.

Калі гэты сцэнар сапраўды рэалізуецца — баявыя дзеянні трывала спыняцца, але пры гэтым не будзе падпісанае мірнае пагадненне — гэта будзе азначаць, што мы вернемся, хутчэй за ўсё, да карэйскага варыянту ў Еўропе.

А гэта азначае, што ў зоне ўплыву Расіі застанецца Беларусь, яна ўжо ў значнай ступені знаходзіцца пад уплывам. А той жа Таджыкістан, Казахстан ідуць на дыстанцыю.

Мне падаецца, яны даўно для сябе вырашылі, што будучыня за Кітаем. Адначасова яны намагаюцца не пагаршаць адносіны з Захадам, але Кітай для іх відавочна з’яўляецца галоўным партнёрам.

Я думаю, з гэтым сцэнаром і гуляе сёння Лукашэнка. Расія, а разам з ёй і лукашэнкаўская Беларусь, могуць апынуцца ў поўнай ізаляцыі. І тут нават адносіны з Кітаем будуць зусім не такімі, як ім бы хацелася, бо Пекін не будзе рызыкаваць усім астатнім дзеля Масквы.

Вось такое пераўтварэнне так званай «саюзнай дзяржавы» ў Паўночную Карэю — гэта тое, як мне падаецца, пра што яны ўсё болей і болей разважаюць. Не тое, каб ім гэтага хацелася, гэта можа быць вымушная сітуацыя.

Але ім у такіх умовах неабходна рабіць усё, каб неяк існаваць. Без заходніх тэхналогій, інвестыцый, з абмежаванай тэхналагічнай дапамогай Кітая. Менавіта гэта, мне падаецца, Лукашэнка і меў на ўвазе.

Ён жа сёння зрабіў яшчэ адно цікавае выказванне ў гэтым накірунку. Маўляў, усё адно мы ўжо ў адным чоўне. Мы ўжо там, нам з яго не выйсці.

Думаю, ён гэта для сябе ўжо вырашыў. Гэта не тое месца, дзе б ён жадаў апынуцца, не тыя ўмовы, але ўжо ёсць як ёсць, з сітуацыі гэтай ужо не выйсці. А таму трэба шукаць усе магчымыя варыянты, каб у гэтай сітуацыі існаваць.

І гэта такі курс, на які паступова ўжо пераходзяць і Масква, і Мінск. Масква, выглядае, згубіла надзею неяк дамовіцца з Захадам, знайсці нейкую мадэль суіснавання, каб выйсці з гэтага становішча. 

Выглядае так, што калі нават Расія вытрывае гэтую вайну, пазбегне татальнай паразы, нармальных адносінаў ужо ўсё адно не будзе. І гэтая сітуацыя можа закансервавацца на дзесяцігоддзі. Не выглядае на тое, што ўсё вырашыцца хутка і мы адносна хутка вернемся да адносна нармальнага суіснавання паміж Усходам і Захадам.

А для Лукашэнкі гэта асабліва дрэнная сітуацыя, бо Беларусь мяжуе з Захадам. І ў сітуацыі, калі міру не будзе, а канфлікт будзе замарожны, мяжа з Літвой, Латвіяй, Польшчай і Украінай можа ператварыцца ў сапраўдную мяжу «халоднай вайны».

І фактычна застанецца толькі мяжа з Расіяй, якая будзе адносна нармальна функцыянаваць. Кепска, што многія з тых, хто разважае пра «карэйскі сцэнар», дрэнна ведае, як разгортваліся падзеі ў Паўднёвай і Паўночнай Карэях, і чым гэта скончылася для карэйцаў, што жылі ў КНДР. 

Я думаю, што калі гэты сцэнар будзе сапраўды рэлізаваны, беларуска-еўрапейская мяжа можа быць увогуле зачыненая. І тое, што зараз гучыць на міжнароднай арэне, надзвычай неспрыяльнае для Беларусі.

Словы Макрона, прамоўленыя на мінулым тыдні, не былі належным чынам ацэненыя ў Беларусі. Як я гэта разумею, беларускае пытанне на дадзены момант пастаўленае на паўзу.

І адзінае, што сёння цікавіць Захад — каб вайна не распаўсюдзілся на беларускую тэрыторыю і, адпаведна, не наблізілася яшчэ больш да межаў Еўразвязу. Астатнія пытанні сёння на парадку дня не стаяць. 

Калі вайна спыніцца, то гэтае апошняе пытанне можа знікнуць. І тады для Захаду не будзе ніякіх беларускіх пытанняў. Фактычна, гэтая мяжа будзе прызнаная падзелам паміж дзвюмя цывілізацыямі. І спрабаваць змяніць гэтую сітуацыю, каб выцягнуць Беларусь з-пад расійскага ўплыву, мне падаецца, ніхто ўжо не будзе. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(251)