Филин

Сяргей Васілеўскі

Ці дазволіць Кіеў беларускім добраахвотнікам ладзіць рэйды ў Беларусь

Меркаванне ўкраінскага палітолага Яўгена Магды.

Дэпутат Дзярждумы Расіі Канстанцін Затулін выступіў з заявай пра неабходнасць дабівацца больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў вайне ва Украіне:

— Калі не наўпрост, то гэтак жа, як і на першым этапе спецыяльнай аперацыі, выдзеліць сваю тэрыторыю для таго, каб нашы Узброеныя сілы маглі з гэтай тэрыторыі апераваць, калі ўзнікне такая патрэба. А яна, цалкам магчыма, узнікне.

Филин абмеркаваў гэтую заяву з палітолагам, дырэктарам украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдай.

Яўген Магда, фота facebook.com/yevhen.mahda

— Заява Затуліна зроблена публічна. Ён і раней выказваўся пра ролю Беларусі, крытыкаваў Лукашэнку. Ці можа гэта быць пэўнай артпадрыхтоўкай да закулісных размоў на гэтую ж тэму, але ўжо на найвышэйшым узроўні?

— Думаю, гэта сведчыць пра тое, што расійскіх ваенных у Беларусі насамрэч мала. І яны там не граюць вырашальную ролю. Але тут ёсць яшчэ адзін момант. Затулін сказаў гэта не проста так. Гэта такі элемент ягонага палітычнага штрафбата пасля ягонай заявы пра адсутнасць поспехаў так званай «спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Я думаю, Лукашэнка добра разумее, што калі ён актыўна выступіць у ваенным плане на баку Расіі, то гэтым разам ужо не будзе сітуацыі, якая была вясной 2022 года, калі па тэрыторыі Беларусі не наносіліся ўдары ўкраінскімі ваеннымі.

Яго папярэдзілі больш за палову года таму, што такія ўдары будуць у выпадку, калі беларускія вайскоўцы непасрэдна ўступяць у вайну з Украінай на баку Расіі, альбо калі Беларусь дазволіць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для расійскага ўварвання.

Проста ў лютым 2022-га Лукашэнка думаў, што Украіну захопяць за тры дні. Цяпер жа ён выдатна разумее, што гэтым разам гэтага не здарыцца.

— Наколькі ўвогуле вам падаецца верагодным такі сцэнар менавіта цяпер, калі Украіна мае сур’ёзную праблему на поўдні?

— На маю думку, увогуле расійская ваенная прысутнасць у Беларусі дазваляе вырашаць больш задач, чым гэта было ў пачатку вайны. Лукашэнку ўжо неаднойчы параўноўвалі з Мусаліні. Ён насамрэч па многіх параметрах падобны на дучэ.

І беларускія вайскоўцы, якія не маюць сёння ніякага досведу баявых дзеянняў, нагадваюць італьянскую армію часоў Другой сусветнай вайны.

Нагадаю, што ў 1930-я італьянская армія атрымала паразу ад арміі Эфіопіі. І толькі пасля спрабавала выраўняць сітуацыю з дапамогай атрутных рэчываў.

Я не бачу ў прынцыпе ў беларускіх вайскоўцаў стоадсоткавага жадання ваяваць. Хоць і дапускаю, што могуць быць задзейнічныя нейкія прыватныя ваенныя кампаніі.

Але і гэта не стане вырашальным фактарам. Бо страты сярод беларускіх вайскоўцаў могуць справакаваць сур’ёзны крызіс у самой Беларусі.

Няма нейкага дакладнага параметра, колькі гэта павінна быць жыццяў — пяцьдзесят, сто або тысяча. Але такія страты, а таксама пахаванне гэтых людзей у Беларусі непазбежна справакуюць досыць вялікія праблемы.

— Расійскія добраахвотнікі дзейнічаюць на тэрыторыі Белгародскай вобласці. У сувязі з гэтым экспертам ужо не раз даводзілася адказваць на пытанні пра магчымыя аналагічныя дзеянні добраахвотнікаў з Беларусі. На вашу думку, калі ідэя Затуліна знойдзе падтрымку, ці можа быць рэалізаваны і такі варыянт у адказ? 

— Па стане на сёння — не. Таму што паміж Украінай і Беларуссю захоўваюцца дыпламатычныя адносіны. Таму што Кіеву палітычна не выгадна ставіць Беларусь і Расію на адну дошку. 

І такія дзеянні ў дачыненні да Беларусі, пры ўсёй неадназначнасці Лукашэнкі, могуць прывесці да непрыемных для Украіны наступстваў.

То бок, калі ў выніку рэалізацыі падобнага сцэнару будзе аслабляцца заходняя падтрымка Украіны, то відавочна, што гэта не будзе варта высілкаў.

У любым выпадку сёння лёс Лукашэнкі найбольш залежыць ад Пуціна. Параза Крамля — гэта ключ да змены ўлады ў Беларусі.

І я б хацеў, каб як мага больш людзей гэта разумела.

— То бок найбольш верагодным можа быць усё ж удар у адказ па вайсковых аб’ектах у Беларусі?

— Так, у выпадку, калі Беларусь першай уступіць у баявыя дзеянні, альбо дазволіць Расіі дзейнічаць са сваёй тэрыторыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(18)