Экс-рэжысёрка БТ пра ноч у ізалятары: «Сілавікам нас здала мясцовая бабуля»

Экс-вядучую «Белтэлерадыёкампаніі» Наталлю Бібікаву разам з яе дачкой Аляксандрай Бабковай, экс-рэжысёркай «Беларусь-3», выпусцілі з Жодзіна. Іх затрымалі разам на нядзельным маршы 25 кастрычніка.

Аляксандра расказала «Нашай Ніве», што разам з усімі пратэстоўцамі іх кампанія, якая складалася з яе, музыкі Эрыка Арлова-Шымкуса і іх мам, спрабавала схавацца ў дамах на Арлоўцы, калі ў дэманстрантаў паляцелі святлошумавыя гранаты.

— Мы забеглі ў адзін з пад’ездаў, які знаходзіцца побач з РНПЦ «Маці і дзіця». Туды нас пусціў мясцовы хлопец, нават пасля выносіў нам ваду. Агулам там хавалася чалавек 25. У асноўным — дзяўчаты. Хутка дадому вярнуліся нейкія бабуля і дзядуля, яны былі незадаволеныя, што мы ў іх сядзім. Груба сказалі сыходзіць. У выніку бабуля паклікала сілавікоў і здала ім нас: «Вось, тут хаваюцца».

Саша падчас забастовак на «Белтэлерадыёкампаніі» ў жніўні, адкуль яна звольнілася пасля выбараў. Фота Надзеі Бужан

Забралі з пад’езда амаль усіх: хлопцаў і жанчын развозілі асобна. Пашанцавала толькі тым, хто ў момант затрымання папрасіўся да жыхароў у прыбіральню.

— У іх ліку была маці Эрыка. Пры гэтым сілавікі спрабавалі ламацца ў тую кватэру, але не атрымалася, — згадвае Саша.

У Савецкі РАУС дзяўчыну павезлі разам з маці, пасля яны заўсёды знаходзіліся побач.

— У РАУС мы проста стаялі гадзін 5—6, пасля нам дазволілі сесці. І нават далі вады, пусцілі ў прыбіральню. У Жодзіна павезлі позна ноччу, гадзіны ў дзве. У камеры на 4 чалавекі нас апынулася 10, без матрацаў і якой-кольвечы бялізны. Валанцёры патлумачылі, што гэта, верагодна, каб не парыцца з намі дзеля адной ночы.

Наталля Бібікава з Сашай, мужам і малодшым сынам

У выніку судовага пасяджэння справу Наталлі адправілі на дапрацоўку — у лістападзе будзе новы суд. Аляксандра пагадзілася з пратаколам, таму атрымала штраф у 7 базавых велічынь.

Музыка Эрык Арлоў-Шымкус цяпер знаходзіцца на Акрэсціна.

— Буду спрабаваць перадаць яму лекі ад ціску, - кажа Саша. — Яго заплечнік пры затрыманні застаўся ў мяне, на жаль. Я радая, што для нас з маці ўсё так скончылася, але выдыхнуць з палёгкай пакуль не атрымаецца.

Так выглядел разгон и задержания у Орловской: жесткие кадры

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.3(24)