Пашкевіч: «Сур'ёзны адказ — калі б'юць па зубах і паказваюць сілу. Якую адну толькі і разумеюць персанажы кшталту Пуціна ці Лукашэнкі»

Сябра Беларускага інстытута публічнай гісторыі  Аляксандр Пашкевіч — пра заклапочанасць адносна расійскага дрона, які трапіў у жылы дом у Румыніі.

— Прэзідэнт Румыніі Нікушор Дан заявіў, што дрон, які трапіў мінулай ноччу ў жылы дом у горадзе Галац, мог змяніць траекторыю пасля ўздзеяння з боку ўкраінскай СПА, — піша Пашкевіч. — Паводле яго слоў, калі беспілотнікі праляталі над тэрыторыяй Украіны, частку з іх збілі, а адзін, верагодна, быў пашкоджаны і пасля гэтага паляцеў у бок Румыніі.

Нікушор Дан адзначыў, што дрон паразілі кінетычна, гэта значыць фізічным уздзеяннем, а не проста ён выпадкова змяніў курс. Аднак пры гэтым прэзідэнт Румыніі падкрэсліў, што адказнасць за інцыдэнт усё адно ляжыць на Расіі, бо менавіта яна ажыццяўляла атаку.

Агульная выснова з боку ўладаў краіны, як і заўсёды ў такіх выпадках, такая: Расія, маўляў, не хацела біць па нас спецыяльна, гэта Украіна проста збіла іхні дрон і ён паляцеў не туды.

Аляксандр Пашкевіч

Не, зразумела, што вайну развязала Расія і яна ва ўсім вінаватая, Украіна толькі абараняецца. Таму асуджаць, а тым больш караць за інцыдэнт Украіну мы, канешне, не будзем. Але і нейкіх падстаў для таго, каб больш актыўна заангажоўвацца ў барацьбу з Расіяй самім, таксама як бы няма — бо яны ж гэта не спецыяльна, значыць і не напалі.

Таму лепш абмежавацца заклапочанасцю і вербальнымі асуджэннямі, але нічога рэальна не рабіць больш за тое, што ўжо робіцца. Каб не дай бажэ вялікага і ўжаснага Пуціна не справакаваць незнарок.

Гэта ўжо мы бачым і чуем пяты год, нічога новага няма. Толькі краіны часам мяняюцца. Бо на практыцы няма ніякага агрэсіўнага блока НАТА, ён існуе толькі ў прапагандысцкіх наратывах. У рэальнасці ж ёсць блок НАТА, асноўная задача якога — любымі спосабамі ўхіляцца ад вайны.

Калі Пуцін рэальна нападзе — тады ўжо будуць ваяваць, куды дзенуцца. Можа, нават і някепска будуць, асабліва як вопыт у баях атрымаюць. Але самі будуць ухіляцца ўсімі сіламі да апошнягаі, каб не пачаць першымі.

І Пуцін гэтым выдатна карыстаецца, прамацваючы чырвоныя лініі і ўвесь час іх пашыраючы, не атрымліваючы сур'ёзнага адказу. Асуджэнні словамі і збіранні на нарады — гэта несур'ёзны адказ. Сур'ёзны — калі б'юць па зубах і паказваюць сілу. Якую адну толькі і разумеюць персанажы кшталту Пуціна ці Лукашэнкі.

Але пакуль ніхто рэальна не гатовы яе прымяняць. Акрамя Украіны, вядома, якой няма куды проста дзецца з падводнай лодкі, само жыццё вымусіла пачынаць ваяваць яшчэ 12 гадоў таму. Хоць таксама, канешне, зусім не хацелася.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)