Эканаміст: «Бізнес змог бы стаць абаронай ад дыктатуры»

Былы супрацоўнік Дзяржсакратарыята Савета бяспекі — пра тое, хто насамрэч з’яўляецца пагрозай для Беларусі.

— Калі я працаваў у Радзе бяспекі і ў мяне пыталіся, што з’яўляецца асноўнай пагрозай для Беларусі, я заўсёды адказваў — беларускія сілавікі, — кажа эканаміст Яўген Буры ў інтэрв'ю «Еўр*радыё». — Бо яны надзелены непамернай уладай нават у пытаннях эканомікі. Нават у камісіі па эканамічнай бяспецы палова склада — гэта былі людзі ў пагонах. І гэта вельмі ўскладняла прасоўванне рэформ, а некаторыя, якія прымаліся, проста не выконваліся.

Яўген Буры. Фота Е*рардыё

Эканаміст лічыць, што эканоміка Беларусі — гэта эканоміка сям’і.

— Эканоміка Беларусі будавалася так, як гэта было цікава набліжаным людзям. Калі гаварыць, як я бачу нацыянальную ідэю, — гэта развіццё ў тым ліку прадпрымальніцтва ў Беларусі.

Бо калі б у нас было заўсёды і асабіста ў 2020 годзе больш прадпрымальнікаў, у нас бы не было Лукашэнкі. Ён бы проста не змог існаваць у асяроддзі, дзе абараняецца права ўласнай маёмасці. Менавіта бізнес змог бы стаць абаронай ад дыктатуры.

Колькі гадоў рэжым рабіў так, каб чалавек працаваў на заводзе, які выконвае толькі функцыю працоўных месц, замест таго, каб чалавек рабіў уласны бізнес. І можа знойдуцца людзі, якія скажуць: навошта ісці к прадпрымальніку за 800 рублёў, які будзе ад мяне нешта патрабаваць, калі я магу працаваць на заводзе, шмат чаго не рабіць і атрымліваць 200 рублёў?

Гэта абыякавасць. Мы павінны гэта змяніць: не будзе абыякавасці, калі будзе развівацца прыватны сэктар.

Яўген Буры таксама прыводзіць прыклад, што шмат у якіх краінах самі жыхары ведаюць, што плаціць падаткі — абавязковая справа.

— У нас, на жаль, такога няма, бо людзі разумеюць, што гэтыя падаткі ідуць абы куды. Вельмі важна празрыстасць падаткаў. Трэба, каб чалавек бачыў, колькі грошай і на што ідзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(11)