Филин

Юлія Кот

Дракахруст: «Улады дэманструюць, што яны не дзейнічаюць паводле прымаўкі — як на паляванне, так сабак карміць, а кормяць, нават калі палявання не будзе»

Палітычны аглядальнік — пра геапалітычны выбар рэжыму і дэмсілаў, сітуацыю з палітвязнямі і ідэю фікс правіцеля.

План па выхаду Беларусі з залежнасці ад РФ — ці актуальны ён сёння? Што дасць уладам памілаванне  Рамана Пратасевіча і ці гатовы рэжым да торгу палітвязнямі? Гэтыя і іншыя пытанні, а таксама падзеі вакол і ўнутры Беларусі «Филин» абмяркоўвае з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— На Парламентскай асамблеі НАТО 21 мая Святлана Ціханоўская агучыла распрацаваны дэмсіламі пяцікрокавы план па выхаду Беларусі з залежнасці ад РФ і руху ў бок еўрапейскай перспектывы. Галоўная хіба плану — здзейсніць яго магчыма толькі пасля змены палітычнага рэжыму ў Беларусі. То які сэнс яго прагаворваць цяпер?

— Я сказаў бы, што яна малюе нейкую палітычную перспектыву, абазначае свой геапалітычны выбар (які, дарэчы, адрозніваецца ад таго, што дэкляраваўся ў 2020 годзе — маўляў, мы і з Захадам, і з Усходам). Пра выхад з АДКБ Ціханоўская гаварыла і раней, але што датычыцца цяперашняй яе прамовы — мабыць, такім чынам яна мабілізуе тых сваіх прыхільнікаў, хто будзе натхнёны гэтым еўрапейскім, заходнім выбарам.

Зразумела, зараз рэалізаваць гэта ў Беларусі нельга. Але Ціханоўская дакладна абазначае выбар, супрацьлеглы таму, які робіць цяперашняя беларуская ўлада. Бо выбар Лукашэнкі мы добра ведаем — гэта Расея, прычым усё далей і глыбей. Ціханоўская ж працуе на кантрасце.

У значнай ступені, мяркуе Юрый Дракахруст, такі выбар матываваны не столькі аналізам сітуацыі ў самой Беларусі, дзе сацыялагічныя апытанні не пацвярджаюць таго, што пераважная большасць беларусаў робіць еўрапейскі выбар — і нават далёка не ўсе праціўнікі Лукашэнкі схільныя да гэтага кірунку. Проста ў сённяшніх умовах, калі апазіцыйныя лідары знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі на тым самым Захадзе, выбар відавочны.

— Праўладная партыя «Белая Русь» абурылася «очередным наглым и неприкрытым вмешательством во внутренние дела РБ» — заявай Дзярждэпартамента ЗША пра беларускіх палітзняволеных. Ці не ёсць гэта ўскосны меседж уладаў, што ні да якога торгу палізтняволенымі яны не гатовыя?

— Так, безумоўна, на гандаль рэжым не настроены. Адзінае што, менавіта заяве «Белай Русі», мяркую, ніхто не надае асаблівай увагі, уключна і з беларускай уладай. Ім дазволілі пераўтварыцца ў партыю, чаго яны вельмі хацелі, але ад самага пачатку, ад устаноўчага з'езду, на які не прыйшоў Лукашэнка, было відавочнае стаўленне: гэта даволі другарадная арганізацыя. З такім жа поспехам асудзіць Дзярждэп ЗША мог БРСМ ці афіцыйны Саюз жанчын.

Калі б гэта была рэакцыя МЗС — іншая справа. Хаця наогул афіцыйная рыторыка беларускіх уладаў захоўваецца ўвесь час. Калі прыгадаць той жа 2015 год, калі пачалася «адліга» і вызваленне палівязняў, то перамовы на гэты конт былі канфідэнцыйнымі — а рыторыка наконт Захаду была тая самая. Таму сама па сабе яна мала што значыць.

Ці вядуцца сёння перамовы наконт вызвалення беларускіх палітзняволеных? Не выключана, што так. Хадзілі чуткі, што, можа быць, гэта будзе магчыма праз Ватыкан, альбо праз канкрэтных асоб — але, як мы бачым, гэта не тычыцца Эдуарда Бабарыкі, суд над якім пачаўся сёння.

— На кантрасце з навіной пра пачатак суда, у гэты ж дзень Раман Пратасевіч паведаміў, што яго памілавалі…

— Ну, што ж — што называецца, заслужыў.

Улады адыгралі спектакль цалкам: быў агучаны прысуд, а потым, паводле працэдуры, адбылося памілаванне — зрабілі ўсё юрыдычна чыста, як доказ таго, што «ў нас прававая дзяржава». Бо, напрыклад, у выпадку Васкрасенскага, якога проста выпусцілі, атрымалася няпэўная сітуацыя, і не да канца зразумела — ці то ён «спікер уладаў», ці ўсё так жа фігурант крымінальнай справы, абвінавачанні з якога не знятыя.

Што за гэтым стаіць? Дэманстрацыя таго, што калі будзеш паводзіць сябе так, як Пратасевіч — памілуем. Гэтая формула агучвалася і пры стварэнні камісіі Шведа-Азаронка: паўзіце на каленях, кайцеся. Ён усё гэта зрабіў.

Столькі і так не каяўся ніхто. Тая ж ягоная былая сяброўка Сафія Сапега адзін раз, здаецца, сказала, што дарма рабіла тое, што рабіла — але гэтым абмежавалася. І таму яе прысуд застаўся ў сіле, зараз будзе экстрадыцыя ў Рсею, і хоць яе бацькі заплацілі шалёныя грошы, ніякіх палёгкаў з гэтага не было.

Эксперт не выключае, што Раман Пратасевіч і надалей будзе выступаць у публічным полі ў якасці «перавыхаванага змагара», распавядаючы, якія зладзеі ягоныя былыя паплечнікі — але асаблівы  прапагандысцкі эфект гэта ўжо наўрад ці дасць.

— Сярод навінаў апошніх тыдняў — нягледзячы на тое, што Беларусь амаль х усіх бакоў абнесеная сценамі і плотамі, мігранты працягваюць штурмаваць суседнія з намі краіны ЕС. Як вы лічыце, ці кантралююць беларускія ўлады сёння гэта працэс, і навошта ім міграцыйны крызіс 2.0, калі папярэдні шантаж не спрацаваў?

— Вызначыць долю актыўнасці беларускі уладаў у гэтым працэсе — даволі складанае пытанне. Бо ў 2021 годзе, у разгар міграцыйнага крызісу, было відавочна, што яны запусцілі авіярэйсы з краін Блізкага Усходу і што ў саміх гэтых краінах вялася адмысловая агітацыя, кааб гэты паток быў вельмі шырокі. А зараз — магчыма, такая праца і ідзе, але ў больш памяркоўных памерах.

Аднак рэйсы ж працягваюць лятаць, і людзі могуць прыязджаць без усякага падштурхоўвання з боку беларускіх уладаў. Пры тым пазіцыя і палітыка ўладаў, прынамсі, Літвы і Польшчы, паказала патэнцыйным мігрантам, што пераадолець мяжу няпроста, і з кожным днём будзе ўсё цяжэй, і гэта, зразумела, іх дэматывуе.

Я думаю, што мэтанакіраванай, факусаванай палітыкі, каб нагнятаць сітуацыю на заходніх межах і ўзрываць іх, усё ж няма. Ці яна ідзе ў фонавым рэжыме, не сярод прыярытэтных мэт беларускага рэжыму.

Алармічнага настрою ў суседніх краін таксама няма. 100 чалавек у дзень — праблема, але не надзвычайная сітуацыя, і, здаецца, усе надзвычайныя становішчы ўсе гэтыя краіны ўжо скасавалі, зрабіўшы пэўныя захады дзеля бяспекі.

— А ў Беларусі, з аднаго боку, Лукашэнка ўслых расказвае пра «вар'яцтва Кіева» і сумняецца ў паспяховым контрнаступленні Украіны, а з другога — мы бачым перавод беларускай супрацьпаветранай абароны ва ўзмоцнены рэжым, большы кантроль за выкарыстаннем дронаў, супрацьтанкавую «лінію Хрэніна». Выглядае так, што рэжым гаворыць адно, але рыхтуецца да горшых варыянтаў?

— Думаю, яны рыхтуюцца да рознага. Развагі Лукашэнкі пра тое, ці магчымае контрнаступленне, ці немагчымае — у рэчышчы ўсіх апошніх заяў. І ў штогадовым пасланні народу, і цяпер ён паўтарае, што трэба весці мірныя перамовы ці хаця б прыпыніць вайну — таму абсалютна натуральна, што ён будзе дыскрэдытаваць любыя спробы ўкраінцаў пераламіць ход вайны.

Галоўны тэзіс, які прасоўвае Лукашэнка, — трэба мірыцца, бо прынамсі адзін бок нічога не можа дасягнуць. Хаця ў падтэксце, дарэчы, магчыма, што і другі таксама — хоць ён так наўпрост не гаворыць.

Што тычыцца мабілізацыйных захадаў уладаў — тут, адзначае Юрый Дракахруст, ёсць пэўныя рэактыўныя рэчы. Так, узмоцнены рэжым СПА і планы кантраляваць выкарыстанне дронаў — адказ на падзеі ў Бранску, на палёт дронаў у Маскве над Крамлём.

— Яны хочуць быць гатовыя на ўсякі выпадак: а раптам будуць з намі разбірацца? Такія галасы ва Украіне насамрэч гучаць. Можна прыгадаць заявы в.а камандзіра палка «Азоў», меркаванне некаторых палітычных назіральнікаў і экспертаў наконт «легітымных мэт у Беларусі».

Мне цяжка сказаць, наколькі гэтыя планы сур’ёзныя — магчыма, гэта форма інфармацыйнай вайны. Але ўлады, відаць, такога не выключаюць. Пэўным званочкам для іх былі Мачулішчы, дзе не выключаны ўкраінскі след. Хоць зараз мэйнстрым ва Украіне, ваенны і палітычны, у тым, каб Беларусь не чапаць.

А магчыма, хоць гэта ўжо адвольныя і малаімаверныя развагі, яны ведаюць, што праз пэўны час — месяц, два ці болей — Пуцін скажа, што расійскае войска зноў пойдзе праз Беларусь,  разам з беларускім ці без яго. І тады ўжо можа быць і ўдар Украіны ў адказ у раёне беларускай мяжы. Тады чаму б і не паставіць гэтыя супрацьтанкавыя пірамідкі, «лінію Хрэніна», на ўсялякі выпадак — не так гэта і дорага каштуе. Тут беларускія ўлады дэманструюць, што яны не дзейнічаюць паводле прымаўкі — як на паляванне, дык сабак карміць, а кормяць, нават калі палявання не будзе.

Дарэчы, 22 мая Аляксандр Лукашэнка анансаваў свой хуткі візіт у Маскву. На думку палітычнага аглядальніка, падрабязнасці гэтых перамоў саюзнікаў могуць і не з’явіцца ў публічным полі. Адной з тэм — прынамсі, гэту гіпотэзу абмяркоўваюць расейскія аналітыкі — можа стаць другая хваля мабілізацыі, у сувязі з якой нібыта ўведзены пашпартны кантроль на беларуска-расійскай мяжы. Але не менш, а быць можа, і больш важная задача для Лукашэнкі — палітыка-псіхалагічная, каб «перабіць» уражанне 9 мая, калі ўсе абмяркоўвалі ягоны хваравіты выгляд:

Ён можа нават зноў паехаць на Красную плошчу і ўжо дайсці сваімі нагамі да магілы Невядомага салдата, ці ў хакей згуляць з Пуціным, каб паказаць, што ён па-ранейшаму дужы і круты, і замест хвіліны слабасці на тым жа месцы паказаць хвіліну сваёй моцы, дужасці, спартовасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(24)