Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Людзі майго пакалення памятаюць, як на іх вачах старэў, рабіўся нямоглым Брэжнеў»

Ці здолее прапаганда адрэтушаваць сённяшні вобраз Лукашэнкі? На гэтае ды іншыя пытанні Филина адказаў палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст.

Юрый Дракахруст

— Многія параўноўваюць сённяшнюю сітуацыю з сакавіком 2006-га, калі ён таксама на доўгі час знік з публічнай прасторы. А калі з’явіўся, то выглядаў так, што афіцыёзу давялося моцна рэтушаваць ягоны твар на здымках.

Сёння якасна іншая сітуацыя —  становішча ў краіне і вакол яе, фізічны ўзрост і статус кіраўніка. Ці атрымаецца ў прапаганды адрэтушаваць вобраз Лукашэнкі цяпер?

— Думаю, што атрымаецца. Урэшце рэшт, людзі майго пакалення памятаюць, як на іх вачах старэў і рабіўся нямоглым Брэжнеў. І нічога, кіраваў ён да таго часу, пакуль не памёр.

Так заўсёды здараецца са старымі дыктатарамі. Людзі фіксуюць для сябе, што яны ўжо немаладыя. Але я не думаю, што гэты факт будзе неяк істотна ўплываць на актуальную палітыку.

Адзінае — людзі, безумоўна, будуць гэта абмяркоўваць. І ў грамадстве, і сярод наменклатуры пытанні датычаць толькі аднаго: а што будзе пасля? І калі гэтае пасля наступіць?

Бо яно можа наступіць і раптоўна. Як казаў булгакаўскі Воланд, чалавек смяротны, а часам — раптоўна смяротны.

Акрамя таго, вы прыгадалі 2006 год. А пасля быў 2020-ы, калі ў яго хапіла волі супрацьстаяць таму выкліку, які быў яму кінуты. Волі і здароўя, у тым ліку.

Ці хопіць цяпер, хто ведае? Магчыма, праз месяц усе і забудуць пра гэты інцыдэнт, а можа і не. Мы не ведаем, што там за хвароба. Яны розныя бываюць. Здараецца, што чалавека так накрывае, што ён, здаецца, ледзь не памірае. А потым ачуньвае.

А бывае, як з Уга Чавесам, у якога быў рак. Яму рабілася ўсё горш і горш, але ён нікуды не сыйшоў са сваёй пасады, нягледзячы на дыягназ. Ён хварэў, усе гэта бачылі, нехта ведаў падрабязнасці. Ён так і памёр прэзідэнтам.

— Ёсць пытанне, што да паводзінаў чынавенства. Ці слушна казаць, што некторыя з іх ужо прымерваюць на сябе якасна новыя паўнамоцтвы, як тая ж Качанава?

— Безумоўна, яны пра гэта думаюць. Прычым, хтосьці пра гэта думае, таму што ведае пра стан здароўя. Ведае, што рашэнне давядзецца прымаць.

А нехта, магчыма, і не ведае пра рэальны стан, але ўсё адно думае, бо сітуацыя няпэўнасці можа быць больш небяспечнай. А раптам? Бо ўжо размова ідзе не пра тое, што ён пару дзён перахварэў і ўсё. Ужо не пару дзён, ужо амаль тыдзень гэта цягнецца (гутарка запісвалася да публікацыі інфармацыі пра з’яўленне Лукашэнкі на публіцы — Ф).

Таму зразумела, што пачынаюцца пэўныя падлікі. Тут трэба разумець, што для іх гэтыя падлікі — гэта не толькі тое, хто з іх падымецца вышэй, але і тое, хто апусціцца ніжэй.

Гэта не тое, што Качанава, Вальфовіч, ці Хрэнін, але нейкія іншыя людзі ўжо пачынаюць прыкідваць: а кім я буду пры кім? Вось зараз пад Лукашэнкам у мяне ёсць сваё месца, а калі прыйдзе Качанава, то што для мяне гэта будзе азначаць? А калі нехта іншы? А каго мне ў такім разе падтрымаць?

Каб галаву не адарвалі. І не таму, што той ці іншы чыноўнік — «экстрэміст», а проста таму, што ён можа прайграць наменклатурную гульню і страціць сваё сённяшняе становішча. Таму чыноўнікі ўважліва глядзяць, пралічваюць. Гэта і ёсць іхняе наменклатурнае жыццё. Яно з гэтага і складаецца — з такіх вось пралікаў. І для іх гэта не абстракцыя нейкая, як, напрыклад, для нас з вамі. А тое, ад чаго залежыць іх далейшае жыццё.

— А што можна сказаць пра супрацьлеглы лагер. Ціханоўская, напрыклад, кажа пра тое, што дэмакратычныя сілы ўжо зараз павінны рыхтавацца да магчымага сыходу Лукашэнкі. Былыя сілавікі, не агучваючы падрабязнасці, кажуць пра запасны план дзеянняў на такі выпадак. Наколькі слушна выглядаюць гэтыя рэакцыі?

— Гавораць яны правільна, таму што прэтэндуюць на ролю палітыкаў. Магчымы сыход першай асобы — насамрэч палітычая сітуацыя. Яны павінны на яе неяк рэагаваць, павінны ў ёй удзельнічаць.

Натуральна, у такім выпадку яны не могуць проста сказаць: як пойдзе, так і пойдзе. Яны мусяць казаць пра нейкія план дзеянняў, пра наяўнасць пэўных сілаў.

Але ці ёсць у іх рэальна гэтыя сілы, хто ведае? Мы чулі пра план «П*рамога», пра сотні або нават тысячы ягоных ўдзельнікаў. Але ці ёсць ён насамрэч, у якой ступені ён гатовы да рэалізацыі, цяжка сказаць.

Акрамя таго, тут ёсць адзін важны момант, калі размаўляць пра нейкія рэалістычныя рэчы. І я не адношу да іх паход палка К*ліноўскага на Мінск, ці ўсеагульны страйк.

Да рэальных сцэнароў трансфармацыі, якія не адносяцца да чыста наменклатурных, можна аднесці змову людзей сістэмы, прадстаўнікоў рэжыму і апазіцыі.

Бо ў Лукашэнкі ёсць свае падставы займаць пасаду, на якой ён знаходзіцца амаль трыццаць гадоў. А гэтыя людзі ніколі не займалі гэтае месца, таму яны сутыкнуцца з бракам легітымнасці. Хто б там ні быў — Качанава, ці Вальфовіч.  

І адзін з варыянтаў неяк кампенсаваць гэты брак легітымнасці — пайсці на кантакт з іншымі сіламі грамадства. Але пра гэтыя кантакты мы нічога не чулі, а пра іх цікава было б даведацца.

З кім і па якіх каналах камунікуе той жа Латушка? Ці той жа Азараў?

Мы памятаем зварот Сахашчыка да Вальфовіча. У той сітуацыі Вальфовіч не адказаў. А як ён будзе рэагаваць у іншай сітуацыі? Магчыма, што неяк іначай.

Думаю, усё будзе залежаць ад такой вось камунікацыі, а не ад таго, што раптам на вуліцу выйдуць сто тысяч. Я бы так сказаў: гэтыя сто тысяч выйдуць, калі такая камунікацыя будзе. А калі яе няма, то баюся, што не.

Бо мы ведаем, што ўсе структуры пабітыя, панішчаныя. Таму гэта можа быць хіба што нейкі спантанны выбух. Зрэшты, можна прыгадаць, як Ленін у пачатку 1917-га пісаў, седзячы ў эміграцыі ў Цюрыху, што ягонае пакаленне рэвалюцыянераў ужо не заспее новую рэвалюцыю. Што на іх век яна не прыйдзецца.

Прайшоў месяц — і Расія ўзляцела ў рэвалюцыю. У гэтым сэнсе варта адзначыць, ён вельмі спрытна дзейнічаў. Але самі па сабе гэтыя ягоныя словы сведчылі пра тое, што ён даволі аб’ектыўна ацэньваў сілы, рэсурсы і магчымасці сваіх прыхільнікаў у Расіі.

Ён не казаў пра сілы і магчымасці, нейкія планы, каб зрынуць тыранію.

У палітыцы Ленін сёе-тое разумеў. Само па сабе гэта азначае, што калі ўзнікне спрыяльная сітуацыя, многае будзе залежыць ад спрыту і ўмення манеўраваць, а не ад таго, у каго ёсць пэўныя наяўныя сілы.

Ізноў жа, калі праводзіць аналогіі, у Леніна сваёй арміі не было, але яна хутка з’явілася ў працэсе.

— Даўгачаканая сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага ўрэшце адбылася. Яна была, што праўда, сітуатыўная — леташні лаўрэат прэміі сустрэўся з сёлетнім. А яшчэ было інтэрв’ю ўкраінскага прэзідэнта, у якім ён выразна падзяліў беларускі народ і рэжым.

Агучаныя ім лічбы пра 70% беларусаў, якія не падтрымліваюць Расію, могуць выклікаць пытанні. І тым не менш, што вас у гэтай падзеі беларуска-ўкраінскай гісторыі зацікавіла найбольш?

— Маю ўвагу прыцягнула тое, што яны пакуль не аб’ядноўваюцца. Яны працягваюць заставацца ў розных вымярэннях. З аднаго боку Зяленскі насамрэч аддзяліў беларусаў ад вайны, нават лічбава. Ад той палітыкі, якую праводзіць дзяржава.

І я б у гэтым жа рэчышчы прыгадаў дзіўную на першы погляд заяву ўкраінскага МЗС, у якой яно асудзіла дзеянні кіраўнікоў краінаў, што прыехалі да Пуціна на 9 мая ў Маскву. Але не Лукашэнку.

Гэта такая дэманстрацыя: яны ўсё ж кіраўнікі дзяржаваў, а яго мы такім не лічым. І таму мы яго не бэсцім. Бо ён не кіраўнік дзяржавы. Калі прыватная асоба кудысьці едзе, то якая справа да гэтага ўкраінскаму МЗС?

І вось гэтае інтэрв’ю пра 70% карэспандуецца з гэтым жэстам, які многія, на мой погляд, няправільна прачыталі. Лукашэнку не патуралі, не. Яго не прызнаюць чалавекам, ад якога штосьці залежыць. Гэта хутчэй аплявуха, чым залагоджванне.

Калі вярнуцца да інтэрв’ю, то трэба задаць Зяленскаму пытанне: добра, ёсць гэтыя 70%, якія не падтрымліваюць Расію, якія нібыта за Украіну — а хто іх прадстаўляе?

Ніхто. На ягоную думку, іх ніхто не прадстаўляе. Усе звярнулі ўвагу на тое, што ён паціснуў руку Ціханоўскай. Але насамрэч гэта быў больш шырокі кантэкст. Там была не толькі Святлана Ціханоўская. Там яшчэ была Вераніка Цапкала і Марына Хоміч, сястра Марыі Калеснікавай. Ён ім таксама паціснуў руку як лаўрэатам гэтай прэміі.

Гэта быў такі вось кантакт — ён з імі ўсімі сфатаграфаваўся, кожнай з іх паціснуў руку. А вось каб быў нейкі асаблівы жэст, нешта асабіста сказанае Ціханоўскай, мы не ведаем. Можа і было.

То бок, насамрэч, ён ушанаваў сваіх папярэдніц. І ўсё.

З улікам адносінаў паміж Святланай і Веранікай, ён не аддаў перавагі камусьці з іх. Прынамсі пра гэта мне невядома. Так што ў гэтым сэнсе палітыка працягваецца.

Каб нават некалькі словаў было сказана, каб быў пэўны вербальны кантакт, тады можна было б сказаць, што ён зрабіў хай сабе і невялічкі крок насустрач Ціханоўскай і яе кабінету. Ён яго не зрабіў.

Я не ведаю, як яно павінна было быць, магчыма, прысутнасць леташніх лаўрэатаў прадугледжваецца ўмовамі арганізацыі прэміі, але думаю, што нямецкія арганізатары спадзяваліся, што створаны імі кантэкст будзе спрыяць больш шчыльнаму і змястоўнаму кантакту пміж адной з лаўрэтак мінулага года і лаўрэатам сёлетнім.

Зяленскі зрабіў выгляд, што ён гэтага не зразумеў. А проста паціснуў руку сваім папярэдніцам.

— То бок, гэта той выпадак, калі інтэрв’ю мела большае палітычнае значэнне, чым вочная сустрэча?

— Так. І, дарэчы, думаю, што інтэрв’ю важнае для некаторых акцэнтаў, якія расстаўляюць украінскія СМІ, блогеры і палітыкі. Было сказанае вярхоўнае слова, нават арыфметычнае — пераважная большасць беларусаў гэтую вайну не падтрымлівае, у адрозненне ад расейцаў. 

Таму я думаю, што ўсе, каму гэта трэба было пачуць, пачулі. Магчыма, мы ўбачым нейкія новыя акцэнты ў інфармацыйнай палітыцы Украіны. І хоць прэзідэнт там не адзіная асоба, тым не менш.

Ён у гэтым сэнсе задае парадак дня, у тым ліку ідэалагічны. Я не выключаю таго, што размоваў пра тое, што беларусы ва ўсім вінаватыя, стане крышачку менш. Але гэта не сканвертавалася ў тое, што гэтыя 70% хтосьці прадстаўляе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(11)