Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Калі рэакцыя на смерць Навальнага не будзе сакрушальнай, то няцяжка здагадацца, якую выснову зробіць Лукашэнка

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст падзяліўся з Филином уражаннямі пра рэакцыю лукашэнкаўскага атачэння на падзеі ў Расіі.

Юрый Дракахруст

— Мы бачылі рэакцыю многіх беларусаў на гібель Навальнага, ацэнкі тут самыя розныя. Хтосьці не можа забыцца на ягоныя выказванні пра Беларусь і нашу мову, хтосьці дае самыя змрочныя прагнозы адносна лёсу нашых палітвязняў.

А як бы вы ахарактарызавалі рэакцыю лукашэнкаўскага боку? Ці была яна заўважнай? І што асабіста для Лукашэнкі дае гэтая падзея, ці натхняе яна яго?

— Нейкай такой афіцыйнай рэакцыі і не было, мне здаецца. А калі казаць пра прапагандыстаў, то яна была ў рэчышчы расійскай рэакцыі, рэакцыі z-актывістаў. Што, маўляў, так і трэба. А таксама пра тое, што можа гэта ўсё ЦРУ, што гэта яны, магчыма, зрабілі сакральную ахвяру. Як яны гэта маглі зрабіць у Салехардзе, на краі свету? Ну, не істотна.

Але я не сказаў бы, што на гэтай падзеі быў нейкі моцны фокус. Хіба што цікавай была заява Азаронка на гэтую тэму. Ён сказаў: «Цяпер вы зразумелі, навошта было ўводзіць рэжым інкамунікада для палітвязняў? А для таго, каб ЦРУ, ворагі не выкарысталі сітуацыю так, як яе выкарысталі з Навальным».

Вось гэта такое тлумачэнне, чаму ў Беларусі спыненая сувязь палітзняволеных са знешнім светам — пасылкі, ліставанне, сустрэчы з адвакатамі і г.д.

У 2020-м Аляксей Навальны падрабязна каментаваў падзеі ў Беларусі. Стоп-кадр відэа

Што да Лукашэнкі, то я думаю, што ён задаволены. Не самім фактам ягонай гібелі, бо якім Навальны быў яму ворагам. Хаця, можна прыгадаць знакамітую размову Ніка і Майка, калі ён падыграў Крамлю, заявіўшы, што Навальнага нібыта не труцілі.

Цяпер жа для яго гэта цікава і карысна не столькі тым фактам, што цяпер у Расіі няма самага вядомага і ўплывовага апазіцыянера, а прэцэдэнтам. Ну вось калі Расія так можа — пры гэтым неістотна, ці забілі Навальнага, ці давялі катаваннямі да смерці — то, значыць, і мне можна.  

Можам прыгадаць, як ён яшчэ да падзей 2020-га казаў, маўляў, бачыце, я ўжо не апошні дыктатар Еўропы. Маўляў, ёсць прынамсі не менш зверскія рэжымы. Гэта не азначае, што тое самае абавязкова будуць рабіць у Беларусі, хаця гэта не выключана, але гэта ўздымае планку дазволенага. Вось такое цяпер можна.

І ён у дадзеным выпадку, я думаю, будзе глядзець на рэакцыю як расійскага грамадства, так і на рэакцыю Захаду. І калі гэтая рэакцыя не будзе нейкай сакрушальнай, то няцяжка здагадацца, якую выснову ён зробіць: калі ён палічыць патрэбным зрабіць такое, то гэта можна зрабіць, бо гэта нястрашна і не цягне за сабой надта вялікія палітычныя выдаткі.

Я думаю, на жаль, што такія высновы ён для сябе зрабіў з гэтай гісторыі.

А тая рэакцыя беларусаў, пра якую вы згадалі, на мой погляд, лішні раз сведчыць, што беларусы ў значнай ступені знаходзяцца ў адной інфармацыйнай, палітычнай і культурнай прасторы з Расіяй. 

— Падобныя спрэчкі адбываюцца і сярод украінцаў, мяркуючы па сацсетках. Там таксама самыя розныя меркаванні пра ролю Навальнага. Выглядае, што Украіна таксама не да канца яшчэ вызвалілася ад гэтых уплываў?

— Так. І ў гэтым сэнсе гэта з’явы падобнага кшталту — рэакцыі на гібель Навальнага і папулярнасць і ў Беларусі, і ва Украіне расійскага кіно «Слова пацана» і «Майстар і Маргарыта».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(16)