Политика
Мікола Чарняўскі

Дэлегатаў з рэгіёнаў не пускаюць на з’езд Партыі БНФ

Улады перашкаджаюць дэлегатам з рэгіёнаў прыехаць у Мінск на з’езд Партыі БНФ, дзе 5 верасня павінны быць абраны прэтэндэнт на прэзыдэнцкае крэсла і новы старшыня партыі.

Лера Сом

Як паведаміла «Салідарнасці» паэтка з Полацку Лера Сом, якая працуе ў школе настаўніцай, яна не зможа прыехаць у суботу ў Мінск з-за званку з аддзела адукацыі гарвыканкама.

– У мяне была дамоўленасць з адміністрацыяй школы аб пераносе маіх заняткаў з суботы на іншыя дні. Але два дні таму ў школу патэлефанаваў начальнік аддзела адукацыі гарвыканкама і загадаў, каб я ў суботу была на працы, – расказала Лера Сом. – Я не ўпэўнена, што гэта менавіта яго ініцыятыва: стасункі і з адміністрацыяй школы, і з аддзелам адукацыі ў мяне заўсёды былі добрыя. Не выключаю, што начальнік аддзела адукацыі выконваў чужую волю.

Па словах Леры Сом праблемы з даездам на партыйныя мерапрыемствы ў яе ўзніклі ўпершыню.

– Дакладна не ведаю, але магчыма, мне ўчынілі перашкоды з-за таго, што напярэдадні 1 верасня я раскрытыкавала рашэнні міністэрства адукацыі, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю настаўнікаў. Не выключаю, што праблемы ў мяне ўзніклі і з-за таго, што я ўваходзіла ў лік прэтэндэнтаў на прэзідэнцкае крэсла ад Партыі БНФ.

Лера Сом – не адзіная, хто сутыкнуўся з такімі перашкодамі. Па яе словах, яшчэ адзін дэлегат з Полацку не зможа прыехаць з-за праблем па месцы працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)