Дашкевiч: «Уся праблема Беларусі сёньня – у нейтральных»

Вядомы актывicт: адбываецца барацьба Валадарства праўды і Валадарства хлусьні.

Зьміцер Дашкевіч, фото Наша Нiва

– «Ваш бацька – д'ябал, і вы хочаце выконваць пажаданьні бацькі вашага. Ён быў забойца ад пачатку і ня вытрываў у праўдзе, бо няма ў ім праўды. Калі ён гаворыць хлусьню, гаворыць сваё, бо ён – хлус і бацька хлусьні». – Ісус Хрыстос, Эвангельле паводле Яна 8:44, – пiша Зьміцер Дашкевіч. – Тыдзень Хлус і Бацька хлусьні даказваў нам, што закатаваны да сьмерці Раман Бандарэнка быў п'яны. Бацька хлусьні і ягоныя прапагандысты настолькі ачмурэлі ў сваёй хлусьні, што нават зьяўленьне экспертызы, паводле якой Раман быў цьвярозы, не спыняе іх.

Валадарства хлусьні, хлусьні татальнай і паўсюднай – тое, што будаваў 26 год Бацька хлусьні і тое, што цяпер адкрываецца мільёнам. Хлусьня – тое, супраць чаго паўстаў народ і напісаў свае апошнія словы Раман Бандарэнка: «Я выходжу».

Ён выйшаў і заступіўся за Праўду. Ягоная ахвяра і ягоныя апошнія словы крычаць сёньня да кожнага: ці заступаешся за Праўду ты? Ці ты скажаш: мая хата з краю? Ці ты заявіш: маё жыхарства на нябёсах? На жаль, яшчэ мільёны беларусаў жывуць так, быццам бы не разгортваецца навокал вайна хлусьні супраць Праўды, зла супраць Дабра. Мільёны шчэ спадзяюцца ўстрымацца і, магчыма, так і застануцца нейтральнымі.

Уся праблема Беларусі сёньня – у нейтральных. З аднаго боку – сотні тысяч змагаюцца за праўду. З другога боку – сотні тысяч гвалцяць і забіваюць народ. А дзе мільёны? Мільёны думаюць, што дастаткова быць нязгоднымі ціха – проста прагаласаваць і можна сядзець у хаце ці марыць пра нябёсы. Дык вось, рыбяты, галасаваць трэба было 26 год таму. Цяпер, калі чвэрць стагодзьдзя мы назіралі адбудову (то бок, будавалі самі) Валадарства хлусьні, проста прагаласаваць – ужо бязсэнсоўна.

Калі ты ляжыш на канапе і бачыш праз вакно, як банда зьбівае, катуе, забівае невіноўнага чалавека, ты кажаш «я галасую супраць» і паварочваешся на іншы бок? Ці ня сьведчыць нам здаровы розум і сумленьне, што калі я ня выйшаў заступіцца за праўду, то я саўдзельнік злачынства? Калі ты чуеш крыкі зьбітых, стогны вязьняў, лямант па забітых – што ты робіш, паварочваешся на іншы бок ці ўсьлед за Раманам Бандарэнкам кажаш «Я выходжу»? Сёньня адбываецца барацьба Валадарства праўды і Валадарства хлусьні. І ты ня можаш быць нейтральным. Ісус Хрыстос кажа: хто са Мною не зьбірае, той раскідае. Дык калі ты сёньня не зьбіраеш Валадарства праўды, ты не нейтральны – ты раскідаеш Божую працу.

У гэты цяжкі час Госпад кожнаму дае сваю меру магчымасьцяў у пабудове Валадарства праўды. Ты можаш крычаць? Дык не маўчы, не шапчы на вуха, але залезь на сьцены Валадарства праўды і крычы! Ты можаш карыстацца той моваю, за якую акупанты малююць затрыманым крыж на сьпіне? Дык заўтра заместа «спасибо» кажы заўсёды толькі «дзякуй»!

Ты можаш выйсьці? У імя Валадарства праўды, выходзь! Унёсак кожнага – раўназначны, бо ў кожнага свая мера магчымасьцяў. І заўсёды памятай: дзьве тысячы год таму бязьвінна арыштаваны, бязьвінна катаваны і бязьвінна забіты Сын чалавечы ўжо перамог хлусьню. Сёньня ж кожны ў Беларусі – ці падзельнік (у тым ліку маўклівы) Бацькі хлусьні, ці супрацоўнік уваскрослага Ісуса Хрыста, Які засьведчыў перад Пілатам: «Я – Шлях, Праўда і Жыцьцё».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(88)