«Да 2025 года Ціханоўская будзе разглядацца як легітымны лідар. Мяркую, што і пасля 2025-га таксама»

Палітычны аналітык, супрацоўніца Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі — пра месца і ролю грамадзянскай супольнасці Беларусі ў міжнароднай прасторы.

— Усе рашэнні Ціханоўскай Еўразвяз разглядае як рашэнні калі не большай часткі беларускага грамадства, то значнай часткі, — выказала ўпэўненасць Кацярына Глод на Свабодзе. — Грамадства Беларусі адрозніваюць ад грамадства Расіі, разумеюць, што Беларусь — гэта іншая краіна, і грамадская думка там іншая, і значная частка людзей хочуць добрых адносін з ЕЗ.

Вельмі добра разумеюць гэта сёння ў ЕЗ, толькі дзякуючы крокам Святланы Ціханоўскай. Таму што ў самой Беларусі бачна, што людзі не пратэстуюць, Лукашэнка праводзіць замежную палітыку такую ж, як і Расія. Аб тым, што хоча народ, ніхто не ведае.

А калі Ціханоўская пра гэта заяўляе, гэта ўспрымаецца, і пра Беларусь не забываюць.

Нягледзячы на адсутнасць афіцыйных тытулаў, палітычны аналітык лічыць, што прызнанне лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл адбылося на самым высокім міжнародным узроўні.

— Думаю, што наўпрост называць Ціханоўскую «прэзідэнтам» і «урадам у выгнанні» не будуць, таму што ёсць прыклад Венесуэлы, калі гэта не спрацавала. Але мне падаецца, што сімвалічнае прызнанне адбылося адразу пасля выбараў 2020 года, калі ўсе ўбачылі, як прагаласавалі беларусы.

Выбудоўванне інстытуцыяў займае доўгі час, таму яно адбылося не ў першы і нават не ў другі год, а вось цяпер у трэці год.

І пацверджанне гэтаму тое, што сёння існуе стратэгічны дыялог менавіта са Святланай Ціханоўскай і грамадзянскай супольнасцю, што ёсць Кансультацыйная група ў Бруселі, што з Ціханоўскай размаўляюць менавіта як з легітымным прадстаўніком беларускага народу, з тым, хто даносіць сёння інтарэсы, пажаданні і думкі беларускага народу.

Усе разумеюць, што ўнутры краіны — гэта рэжым, але ёсць людзі Беларусі, і з імі як раз спрабуюць размаўляць. А для іх такі праваднік сёння — толькі Ціханоўская і яе каманда.

Таму хоць у самой Беларусі людзі зараз не могуць уплываць на тую палітыку, якая адбываецца, праз Ціханоўскую яны ўсе ж могуць данесці, што хочуць іншую краіну, іншы ўрад, больш еўрапейскай інтэграцыі, рэформы. І іх чуюць на Захадзе, таму і праводзяць такія інстытуцыянальныя сустрэчы з Ціханоўскай і яе ўрадам, — кажа Кацярына Глод.

Яна ўпэўнена, што і ў перспектыве такія адносіны паміж беларускай грамадзянскай супольнасцю і Захадам працягнуцца.

— Думаю, што гэтыя адносіны стануць яшчэ больш інстытуцыянальнымі. Будзе з'яўляцца больш стратэгічных пляцовак, на якіх можна будзе працаваць грамадзянскай супольнасці за мяжой.

Не думаю, што Ціханоўская згубіць свой уплыў да 2025 года. Адназначна, яна будзе разглядацца як легітымны лідар. Мяркую, што і пасля 2025 года таксама, таму што выбары ў Беларусі не будуць разглядацца як дэмакратычныя. Тыя, хто на іх пойдзе, не будуць лічыцца прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці.

Спадзяюся, што людзі ў Беларусі разумеюць і яшчэ адзін важны момант. Калі Украіна зможа пачаць перамовы з ЕЗ, Малдова зможа гэта зрабіць, гэта значыць, што пры змене рэжыму ў Беларусі таксама ёсць магчымасць пачаць еўраінтэграцыю.

Беларусь не будзе забытай, калі сапраўды будзе жаданне большасці народу і новага ўраду краіны. Яна таксама можа крочыць па гэтым шляху ў будучыні, — не выключае аналітык.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(26)