Политика
Анастасія Зелянкова

Ці адновіць з’езд Алеся Міхалевіча на пасадзе?

У суботу 9 жніўня з’езд Партыі БНФ вырашыць лёс былога намесніка кіраўніка Алеся Міхалевіча, выключанага з партыі ў чэрвені бягучага года. Напярэдадні з’езду “Салідарнасць” папрасіла выказаць сваё бачанне сітуацыі палітыкаў Вячаслава Сіўчыка і Паўла Севярынца, якія ў свой час таксама вымушаныя былі пакінуць шэрагі БНФ.

— Я думаю, што гэты з’езд пакіне ранейшае рашэнне па Міхалевічу ў сіле, -- лічыць Вячаслаў Сіўчык. — Не дзеля таго кіраўніцтва выключала яго з партыі, каб аднавіць на наступным з’ездзе. Гэта будзе звычайны партыйны з’езд, які цалкам укладаецца ў агульную сістэму. Якраз напярэдадні прайшоў маланкавы з’езд сацыял-дэмакратаў, на якім знялі з пасады старшыні Аляксандра Казуліна. Усе адбываецца сістэмна. Гэтую праблему некалі раскрыў яшчэ Віктар Чарнамырдзін: “Якую б партыю мы ні стваралі, атрымліваецца КПСС”.

Увогуле сітуацыія з выключэннем Міхалевіча цалкам зразумелая. Гэта звычайная барацьба за рэсурсы. Вы ж паглядзіце: прынцыповай розніцы паміж пазіцыяй Міхалевіча і пазіцыяй тых, хто яго выключаў, няма. Натуральна, неэтычныя выказванні, за якія выгналі Міхалевіча, сталі толькі фармальнай прычынай. Ды і не было ніякіх неэтычных выказванняў. Затое Міхалевіч ніколі не хаваў, што падтрымлівае Мілінкевіча.

Яшчэ нядаўна Міхалевіч сам сцвярджаў, што БНФ – партыя дэмакратычная. Ну вось гэтая дэмакратычная партыя яго і выключыла.

А вось Павел Севярынец дапускае, што з’езд можа станоўча вырашыць пытанне па аднаўленні Міхалевіча ў партыі.

— Цяжка сказаць, якім будзе рашэнне. Але відавочна, што яно наўрад ці паправіць агульную сітуацыю. Усе апошнія партыйный з’езды – ці то БНФ ці то сацыял-дэмакратаў – паказваюць слабасць усёй нашай апазіцыі.

Нам трэба зараз сядаць разам і вырашаць, як мы будзем працаваць далей. Я хацеў бы заклікаць усю нашу апазіцыю да еднасці. Мы зможам чагосьці дасягнуць, толькі калі мы будзем вырашаць усе пытанні па-хрысціянску. На жаль, сітуацыя, якая скалася сёння ў БНФ досыць складаная і не спрыяе аб’яднанню.

Нельга сказаць, хто тут правы, а хто вінаваты. Канешне, у любым выпадку кіраўнік нясе адказнасць за тое, што адбываецца ў яго партыі. Аналізаваць сапраўдныя прычыны выключэння Міхалевіча досыць складана. Што да ролі ва ўсім гэтым Мілінкевіча, то, наколькі я ведаю, ён не з’яўляецца адмыслоўцам у апаратных інтрыгах. Думаю, Мілінкевіч усведамляе сваю адказнасць за гэтую сітуацыю і як кіраўнік вельмі перажывае.

Размовы пра чыесьці амбіцыі, парушэнне дысцыпліны, грошы – усё гэта толькі нагоды. Калі ж капнуць глыбока, то прычына ў адсутнасці веры ў Бога і ў нашу ўласную перамогу. Калі няма агульнай веры, няма моцнай маральнай базы, тады становяцца магчымымі такія сітуацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)