500 тысяч еўра ёсць! «Бясконца можна глядзець на тры рэчы. Як гарыць агонь…»

Лічба, якая расла на вачах, і душэўныя цытаты. Марафон салідарнасці з палітвязнямі Беларусі «Нам не ўсё роўна!» — да 23:59 30 лiпеня.

  • Па дадзеным на ранiцу 31 ліпеня, больш за 570 000 еўра сабрана для палітвязняў.
  • Усе сабраныя сродкі будуць размеркаваны паміж фондамі, ініцыятывамі і арганізацыямі, якія дапамагаюць палітвязням і іх родным.

Нагадаем, свае данаты можна даслаць праз сайт salidarnasc.com цi сэрвic donate.stripe (калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, то ў мэтах бяспекі можна папрасіць заданаціць праз замежныя карты вашых сяброў і блізкіх, якія знаходзяцца за мяжой).

Другі дзень сумы залічваюцца практычна бясконца: па 5, 10, 23.34, 100 еўра. А раніцай нехта зрабіў пакуль рэкордны данат у 10 000 еўра!

Лідэры меркаванняў і грамадскія дзеячы, у сваю чаргу, працягваюць дзяліцца ўражаннямі. «Салідарнасць» сабрала некаторыя.

Святлана Ціханоўская, палітык: «Сіла нашай з вамі салідарнасці сапраўды ўражвае. Вялікі дзякуй кожнаму і кожнай, хто далучыўся да марафона і ахвяраваў грошы на падтрымку палітзняволеных і іх сем'яў.

Нашая асноўная мэта — сабраць як мага больш для падтрымкі тых, каму гэта жыццёва неабходна. Таму хто яшчэ не паспеў паўдзельнічаць — абавязкова далучайцеся. Нам не ўсё адно — і няхай яны пра гэта даведаюцца».

Алесь Ляўчук, журналіст: «Толькі беларусы так могуць, фактычна за содні сабраць паўмільёна еўра. Адно з важных дасягненняў 2020 года – стварэнне моцных беларускіх дыяспараў, якія могуць вырашаць розныя задачы і рабіць шмат таго, што немагчыма рабіць, пакуль твая Беларусь двойчы акупаваная.

Цяпер і ў Польшчы, і Літве, і Італіі, і Бельгіі ведаюць: беларусы – цудоўныя, добрыя, працавітыя людзі, з якімі прыемна мець справу.

Марафон гэты – выдатная ідэя, якая яшчэ раз пацвердзіла, што нічога не скончана, нічога не перавернута. І гэта дае надзею, хаця ніколі яе не губляў».

Анатоль Лябедзька, палiтык: «Галоўная выснова з марафона салідарнасці – беларусы застаюцца людзьмі, здольнымі дапамагаць адзін аднаму. І гэта надзвычай важна! Бо рэжым прагне зруйнаваць чалавечнасць беларусаў, знішчыць салідарнасць, адчуванне пляча падтрымкі! Гэта стала адным з галоўных прыярытэтаў, на дасягненне гэтай мэты кінуты спецслужбы,  следчыя, пракуроры, суддзі.

Артыкул 361 КК стаў зброяй рэжыму супраць салідарнасці і чалавечнасці беларусаў.

За данаты, за дапамогу збітым, скалечаным не проста кідаюць за краты, але і даюць тэрміны большыя, чым за многія віды палітычнай дзейнасці. І гэта невыпадкова.

Гэта вайна паміж жаданнем беларусаў заставацца людзьмі і спробай рэжыма пераўтварыць нас у двуногіх істотаў, якія толькі і здольныя, што пляскаць у далоні альбо пісаць даносы.

З перамогай беларусы, з надзеяй на перамены, Беларусь! Беларус беларусу беларус!»

Аляксандр Пашкевiч, гiсторык: «Бясконца можна глядзець на тры рэчы: як гарыць агонь, як цячэ вада і як у скарбонку плывуць усё новыя данаты.

Прытым, каб гэта заскрыншоціць, не трэба напружана сядзець ды лавіць момант. Прапусціў – і халера з ім, зараз новы паплыве».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(26)