Общество
Eolonir

Благасфэра пра тое, як паднізіць кошт арэнды

Разавая дэвальвацыя рубля на пачатку 2009 году паставіла абсалютную большасьць насельніцтва перад фактам падвышэньня камуналкі й арэнды на тыя самыя дваццаць адсоткаў. Уладальнікі кватэраў, як высьветлілася, не імкнуліся аўтаматычна скарэктаваць свае жаданьні ў меншы бок. Гэта й натуральна: па-першае, хто ж адмовіцца ад павышэньня прыбытку (бо ў беларускіх рублях кошт арэнды-такі падрос), па-другое, цэны па сваёй прыродзе болей гнуткія пры руху ўгару, але ня ўніз.

І самы галоўны чыньнік – гэта гістэрыя вакол даляра на тле плётак пра далейшую дэвальвацыю-дэнамінацыю беларускага рубля ды магчымае ўвядзеньне расейскага. Таму людзі, якія мелі гарантаваны прыток “цьвёрдай” валюты штомесяц, наўрад ці пагадзіліся б атрымліваць меней: немавед калі купіш “амэрыканца” ў абменьніку, а тут яго да цябе проста прыносяць. Блогеры высьветлілі, што арэнду паднізіць-такі можна.

Як? Па-першае, пішуць камэнтатары да допісу блогеркі bukidnum, усё залежыць ад гаспадара ды месцазнаходжаньня кватэры.  Калі першы бяз “бзікаў”, то хутчэй за ўсё пры нармалёвых стасунках між вамі ён можа пайсьці насустрач ды трохі паднізіць месячную аплату. Па-другое, калі гутарка вядзецца пра кватэру тыповую, у мікрараёне, то такіх зараз на рынке шмат і шанцы дамовіцца з уладальнікам досыць вялікія. Праўда, паўсюды ёсьць нюансы, але камэнтатары згадвалі шмат перамоваў з станоўчымі вынікамі. А вось дамовіцца на падніжку на “адносна элітную” кватэру ў цэнтры або каля цэнтральных станцыяў мэтро ня так і лёгка. Тым жа, хто здымае й так ніжэй за рынкавы кошт, давядзецца замірыцца з тым, што ў такім выпадку спробы плёну ня мецьмуць.

Да таго ж трэба памятаць, што на тле зацішша на рынку нерухомасьці гаспадары натуральна пачынаюць прапаноўваць кватэры, якія яны раней зьбіраліся прадаць, да найму. Такім чынам, колькасьць жытла на рынку арэнды павялічваецца й знайсьці сабе двушку за 250 даляраў ужо ня так цяжка, як гэта было нават год раней, калі ўмовы на рынку дыктавалі прадаўнікі. Згадка пра гэта мімаходзь у размове з гаспадаром павінна прынесьці пэўны плён, мяркуюць блоґеры.

Калі вы залежыце ад нейкага лёку ды адным пагодным днём заўважылі, што ягоны кошт падскочыў у два разы (у выпадку блогеркі з 15 да 27 тысячаў), ня варта пісаць пра гэта ў ЖЧ: бальшыня камэнтатараў зь невінаватым позіркам у праўдзівых вачох толькі запытаецца, навошта Вы яго паставілі? Хіба, маўляў, народ і так ня ведае? Нехта патлумачыць Вам правілы коштаўтварэньню на імпартныя тавары. І амаль ніхто не параіць нічога ды нават не паспагадае. Як і тады, калі Вы — прызыўнік, якога гвалтоўна забралі ў войска, пасьля чаго высьветлілася, што Вам тэрмінова патрэбная апэрацыя (гэта пра Зьмітра Хведарука).

А вось тут — фотарэпартаж зь мітынгаў у Вэнэсуэле. Мітынгоўцы вымагаюць аднога: каб Чавес адмовіўся ад ідэі правесьці рэфэрэндум, які здымае абмежаваньні на колькасьць тэрмінаў прэзыдэнцтва. Чамусьці мне падаецца, мяркуючы па вялічыні натоўпу, вынік гэтых пратэстаў будзе зусім не беларускім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)