Общество
Eolonir

Благасфэра пра маёра Кісяля ды дэвальвацыю

Асноўнай тэмай мінулага тыдня сталі паводзіны медыка часткі 18661 маёра Кісяля, куды накіравалі актывіста апазыцыі Зьмітра Хведарука. Нагадаю, што маёр Кісель у грубай форме адмовіўся агледзець актывіста да таго, як той ня зьвернецца да яго па-расейску. А іншым вайскоўцам ён параіў наглядна прадэманстраваць маладзёну, што будзе, калі той будзе “працягваць выпінацца”.

Інфармацыю першым апублікаваў у сваім ЖЧ барысаўскі палітык Сяргей Салаш; празь некаторы час публікацыі на тэму зьявіліся на шэрагу асабістых блогаў ды ў сеціўных мэдыях, пасьля чаго ў маёра Кісяля пачаліся непрыемнасьці зь кіраўніцтвам часткі. Пасьля тлумачэньня апошнімі асноўных “моўных” параграфаў Канстытуцыі мэдыку, які дапусьціў шавінізм у дачыненьні да мовы тытульнае нацыі, яму было прапанавана напісаць рапарт на звальненьне. Інфармацыя пра разьвіцьцё падзеяў зноўку зьявілася  ў Сяргея Салаша, пасьля чаго адзін з камэнтатараў у прытоенай форме намагаўся яму паграджаць (маўляў, “як бы раптам ня выйшла, што твае маршруты паведамілі ягоным “сябрам””). Зьява досыць тыповая для беларускай благасфэры, на вялікі жаль.

Чарговы “маскоўскі госьць” пакінуў свае ўражаньні ад наведваньня Менску. Сярод усяго іншага – заўвагі пра “адзіны Макдональдз у горадзе”, “беларускую мову як расейскую з памылкамі”, “беларускую літаратуру, якая й побач не стаяла з расейскай” і далейшыя звыклыя выказы. Праўда, нетыпова тое, што напрыканцы посту аўтар усё-ткі зьвярнуўся да тых, каму аповед не спадабаўся (а такіх, мяркуючы па камэнтарах на minsk_by, аказалася шмат). Вельмі тыповымі жа былі заўвагі ды камэнтары: як зазначыў адзін з наведвальнікаў на гэтым допісе, гэта, мабыць, меркаваньне масквіча, а не расейца, бо апошнім, калі яны з правінцыі, места зазвычай падабаецца.

Асноўнымі тэмамі абмеркаваньняў на minsk_by былі паводзіны таксоўнікаў, якія раз-пораз адмаўляюцца ехаць паводле лічыльніку (асабліва ў аэрапорт) ды дэвальвацыя (цікавым падалося пытаньне , што б Вы зрабілі, калі б напэўна ведалі пра заўтрашнюю дэвальвацыю рубля да 3500). На politics_by жа было зацішша.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)