Политика
Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода

«Аўтуховіч частку зубоў, якія паводле прыроды мусяць быць ў роце, носіць у кішэні»

Мікалай Аўтуховіч можа пачаць чарговую галадоўку – з прычыны адсутнасьці большасьці зубоў. Сваякі наведалі ў турме Ўладзімера Асіпенку. Арцёма Дубскага узнагародзілі прэмія «Хартыі−97» за мужнасьць у змаганьні за правы чалавека.

Галоўнай навіной гэтага тыдня ў справе Мікалая Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі з Ваўкавыску стала тое, што яны завяршылі азнаямленьне з крымінальнай справай, паводле якой іх абвінавацілі ў падрыхтоўцы да тэрарызму. Адвакаты Павал Сапелка і Тамара Сідарэнка лічаць віну сваіх падабаронных недаказанай і таму плянуюць зьвярнуцца з хадайніцтвамі да сьледчых, каб тыя спынілі справу.

Як пачуваецца Мікалай Аўтуховіч, які ўлетку трымаў трохмесячную галадоўку? Адвакат Павал Сапелка кажа, што ягоны падабаронны Аўтуховіч мае тэрміновую патрэбу ў паслугах стаматоляга-пратэзіста, але адміністрацыя менскага сьледчага ізалятара на гэта не зьвяртае ўвагі:

– Аўтуховіч частку зубоў, якія паводле прыроды мусяць быць ў роце, носіць у кішэні. А ў мэдычнай дапамозе яму адмаўляюць, спасылаюцца на тое, што гэта нібыта ня тая патрэба, каб вывозіць яго з турмы ў цывільны шпіталь. У выніку калі раней Аўтуховіч трымаў галадоўку паводле нейкіх працэсуальных меркаваньняў, то хутка ён можа зноў пачаць галадаваць проста таму, што ня зможа есьці.

Уладзімера Асіпенку 23 сьнежня ў сьледчым ізалятары наведалі сваякі. Дачка Асіпенкі Людміла перадала вязьню дыплём аб узнагароджаньні яго прэміяй грамадзкай ініцыятывы «Хартыя-97» за мужнасьць у змаганьні за правы чалавека. Паводле Людмілы Асіпенкі, яе тата быў вельмі ўсьцешаны ўвагай грамадзтва:

– Выказаў вялікую падзяку ўсім, і вам, журналістам, за тое, што яго падтрымліваеце. Яму вельмі прыемна атрымліваць лісты, адчуваць падтрымку. Гэта дае яму сілы цярпець усё гэта і чакаць лепшага.

– Тата казаў, што крымінальная справа супраць яго складаецца толькі з меркаваньняў сьведак, а сапраўдных доказаў у ёй няма, — распавяла Людміла Асіпенка.

Прэмію «Хартыі-97» за мужнасьць ў змаганьні за правы чалавека атрымаў і вязень магілёўскай калёніі Арцём Дубскі. Прэмію ўручылі 23 сьнежня ягонай маці, Алене Дубскай.

Вязьня Бабруйскай калёніі прадпрымальніка Андрэя Бандарэнку мусілі вызваліць з карцэру і накіраваць ў менскі сьледчы ізалятар да новага судовага паседжаньня паводле ягонай справы, аднак гэтага не адбылося. Сястра Бандарэнкі Ірына паведаміла 25 сьнежня:

– Адвакат зь мінулага тыдня адпраўляе ў калёнію запыты, але адтуль нічога не паведамляюць. І ён ня звоніць. Таму мы нічога ня ведаем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)