Политика
Любоў Лунёва, Радыё Свабода

15-я суткі 20 сяброў “Маладога фронту” трымаюць галадоўку

20 сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” працягваюць галадоўку пратэсту, пачатую 29 траўня ў Салігорску. Маладафронтаўцы патрабуюць спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі і вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць усіх палітычных вязьняў. Непаўналетнія сябры “Маладога фронту” спынілі акцыю пратэсту на просьбу кіраўніцтва арганізацыі. Яшчэ некалькі чалавек выйшлі з галадоўкі праз стан здароўя. Моладзь падтрымалі сябры “Эўрапейскай кааліцыі”, Аляксандар Мілінкевіч, украінскія партнэры.

Акцыя пратэсту ахапіла 10 гарадоў Беларусі. Днямі маладафронтаўцы з рэгіёнаў прыехалі ў Менск, каб трымацца ўсім разам. Плянавалі зьняць прыватную кватэру, каб там разьмясьціцца на спальніках. Гаворыць Барыс Гарэцкі:

(Гарэцкі: ) “На жаль, мы маем цяпер невялікія праблемы з памяшканьнем, таму што людзі вельмі баяцца даваць памяшканьне пад галадоўку, баяцца, што АМАП будзе штурмам браць кватэру. Але, нягледзячы на гэта, галадоўнікі едуць у Менск. Ужо некалькі чалавек у Менску. Галадоўка працягваецца. Нашыя патрабаваньні застаюцца ў сіле. Мы будзем дамагацца, каб улады пайшлі на саступкі”.

Мікола Статкевіч неаднойчы трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць зьняволеньня. Ён паведаміў “Свабодзе”, што паважае ўчынак маладафонтаўцаў:

(Статкевіч: ) “Думаю, што будзе няправільна падказваць маладым людзям, якую форму барацьбы выбіраць. Яны змагаюцца за свабоду сваіх сяброў. Усе астатнія, калі ня могуць далучыцца да іх, то павінны іх падтрымаць. Гэта будзе мець плён, хаця б тое, што грамадзтва ведае і чакае гэтага працэсу. Гэта ўжо ціск грамадзтва, і ня толькі беларускага, але й міжнароднага”.

Сябры ўкраінскай арганізацыі “Студэнцкае брацтва” прымалі некаторых удзельнікаў акцыі ва Ўкраіне, знаёмячы зь імі ўкраінскіх журналістаў. Некалькі сяброў арганізацыі былі ў Менску ў часе выбарчай кампаніі і адседзелі ад 10 да 15 сутак арышту. Гаворыць лідэр “Студэнцкага брацтва” Алег Яцэнка:

(Яцэнка: ) “Мы, маладыя ўкраінцы, падтрымліваем намаганьні маладафронтаўцаў, якія сёньня трымаюць галадоўку. Мы таксама летась галадалі ў Кіеве ад імя “Студэнцкага брацтва” за правы студэнтаў. У нас таксама хапае сваіх парушэньняў. Нашай галадоўкай мы нечага дабіліся, а нечага — не. Я мяркую, што ў выпадку з “Маладым фронтам” галадоўка — гэта перш за ўсё маральная перамога маладых людзей над тымі, хто парушыў іхныя правы”.

Сёньня маладафронтаўцы на сваім паседжаньні абмяркуюць сытуацыю. Паколькі ўжо ўсе ўдзельнікі акцыі пратэсту знаходзяцца ў Менску, будзе зацьверджаны плян далейшых дзеяньняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)