Общество
Марына Коктыш, «Народная воля»

Званне народнага артыста гарантуе 105 тысяч беларускіх рублёў і месца на Маскоўскіх могілках

Напрыканцы чэрвеня вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Віктар Манаеў быў узнагароджаны ганаровым званнем "Народны артыст Беларусі".

У гэты ж дзень афіцыйна "народнай" стала актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Таццяна Мархель, а артыст Ігар Сігаў з РТБД атрымаў "заслужанага". "Народная Воля" пацікавілася, якія бонусы атрымалі артысты разам з ганаровымі званнямі.

-- Народны артыст Беларусі і Савецкага Саюза Генадзь Аўсяннікаў, як і ўсе народныя артысты Беларусі, атрымлівае за званне 105 тысяч беларускіх рублёў -- на сённяшні дзень гэта прыкладна 20 долараў, -- сказаў «Народнай Волі» мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра, лаўрэат Дзяржпрэміі Мікалай Пінігін. -- Яшчэ кожнаму народнаму артысту гарантавана месца на Маскоўскіх могілках.

Таму і не ідуць цяпер так масава, як раней, у артысты і рэжысёры -- не прэстыжна гэта. Бо вяршыня тваёй кар’еры -- 20 долараў і гарантаванае месца на прэстыжных могілках…

Як па мне, дык я адмяніў бы гэтыя званні! Чалавеку, вядома, прыемна, але... Лепш не ганьбаваць сябе, чым вось так ацэньваць працу народных артыстаў, якіх у нас, можа, тры-чатыры дзясяткі набярэцца ад сілы... Гэта ўжо нават не смешна. Гэта нейкая пародыя...

Прычым працэдура атрымання звання -- архіскладаная! Мы два ці тры гады на Віктара Манаева дакументы падавалі на званне. Мы рыхтавалі паперы, нам іх вярталі як няправільна аформленыя, затым трэба было з нейкімі “гаркамамі-райкамамі” ўсё ўзгадніць, з нейкімі людзьмі, якія ад нараджэння ў тэатры не былі! Хіба гэта нармальна?.. Гэта зневажальная працэдура…

Што тычыцца звання заслужаных артыстаў, то тут такая гісторыя: у кожным тэатры ёсць пяцідзесяцігадовыя (і старэйшыя) акцёры і актрысы, якія ў гэтым узросце ўжо мала запатрабаваныя. Гэта натуральны працэс. Але яны пражылі добрае тэатральнае жыццё. А па ўсіх гэтых палажэннях аб прадстаўленнях да званняў мы павінны даць звесткі аб іх ролях за апошнія тры гады, прычым ролі павінны быць значнымі! Дык давайце тады званні заслужаных маладым, якія да 30 гадоў выконваюць сто роляў у спектаклях. Дайце ім! А так атрымліваецца, што калі чалавек усё жыццё ў тэатры адпрацаваў, а цяпер менш іграе, то ён звання ўжо і не заслугоўвае. Хоць ён заслужыў яго ўсім сваім жыццём у тэатры! Дурная логіка -- як быццам бы званне даецца за дасягненні сённяшняга або ўчарашняга дня…

Я не ведаю, як са званнямі ў мастакоў, але ў тэатры вось так...

Жыццё жабрацкае, і артыстам, безумоўна, патрэбны хоць такія цацкі ў выглядзе званняў. Але ні розуму, ні грошай яны не дадаюць...

Вось прэмія Саюзнай дзяржавы, на якую намінаваны наш спектакль «Вяселле», -- там каля 120 або 160 тысяч долараў. Гэта я разумею -- прэмія, прыемна, адчувальна.

Калі я Дзяржпрэмію за «Тутэйшых» атрымаў (мы ўпяцярых атрымалі), то ў маім эквіваленце гэта была скрыня гарэлкі. А на ўсіх -- цэлых пяць скрынь гарэлкі. Гэта было ў 90-я гады, у цяжкія часы…

А сёння званні трэба даваць альбо вельмі рэдкім людзям (але тады і матэрыяльны складнік павінен быць сур'ёзным), альбо... адмяняць зусім. Інакш растлумачыце -- які сэнс у гэтых званнях?..

Увага: адшукваюцца інтэлігентныя бізнесмены, якія любяць тэатр!

На пачатку сакавіка Савет Міністраў зацвердзіў амаль рэвалюцыйнае «Палажэнне аб апякунскай радзе арганізацыі культуры». Калі коратка, то, стварыўшы такую раду, кожны тэатр альбо музей можа разлічваць на прыцягненне пазабюджэтных сродкаў на ўласныя патрэбы. Прычым апекуны могуць выдаткоўваць грошы на што заўгодна.

"Напрыклад, апякунская рада, якая працуе ў Санкт-Пецярбургскім БДТ -- вельмі сур'ёзная структура, якая нават кватэры артыстам будавала бясплатна, -- распавядаў ў мінулым годзе нашай газеце Мікалай Пінігін. -- І кармілі бясплатна ў тэатры. Прычым не толькі артыстаў -- усіх. Гэта справа прэстыжу".

"Народная Воля" пацікавілася ў вядомага рэжысёра, ці выстраіліся каля Купалаўскага тэатра чэргі беларускіх бізнесменаў, якія хочуць падтрымаць грашыма Святлану Зелянкоўскую, Юлю Шпілеўскую, Тамару Міронаву ці яшчэ каго альбо прафінансаваць новую пастаноўку Аляксандра Гарцуева ці Паўла Харланчука.

-- У нас быў спіс з 30 банкаў і сур’ёзных арганізацый, уключаючы "Амкадор", -- распавёў Мікалай Пінігін. -- У выніку грошы на фестываль вылучыў толькі «Беларусбанк» -- два мільёны беларускіх рублёў.

Прычым усё гэта было яшчэ да крызісу...

Мне здаецца, пакуль дзяржава не прадаставіць падатковых ільгот для тых, хто ўкладвае грошы ў культуру, мала што зменіцца. Спорт і культура фінансуюцца ва ўсім свеце прыватнымі асобамі. Калі чалавек інтэлігентны і адукаваны і хоць трохі разумее, што такое нацыянальны тэатр, ён можа дастаць што-небудзь са сваёй кішэні і даць нам. А ва ўсіх астатніх выпадках -- толькі рацыянальны падыход. Бізнесменам павінна быць выгадна ўкладваць грошы ў культуру. Гэтыя людзі павінны нейкі свой інтарэс бачыць...

Таму, шчыра кажучы, я пакуль не ведаю, дзе іх узяць, гэтых апекуноў...

Напрыклад, у тым жа Вялікім тэатры ў Маскве апякунскі савет нават сварыўся з Анастасіяй Валачковай. Яны разборкі з ёй ладзілі -- там сур'ёзны бізнес, які разбіраецца ў оперы, балеце, які ездзіць на сусветныя прэм'еры ...

-- Хочаце сказаць, што ў нас такіх прадстаўнікоў бізнесу няма?

-- Можа, і ёсць, але іх няшмат...

Вельмі цяжка знайсці чалавека з грашыма, які б разумеў, што такое нацыянальная культура, тэатр. Груба кажучы, патрэбен інтэлігентны чалавек у бізнесе. Напэўна, такія ўсё-такі ёсць...

Не выключана, што калі мы атрымаем новы і прыгожы тэатр, хто-небудзь з заможных людзей выкупіць сабе ложу, будзе запрашаць туды сяброў...

Апякунскі савет у БДТ, дзе я працаваў, узначальваў Сабчак. І ўвесь бізнес быў там. Валянціна Матвіенка таксама праз прэм’еру ў тэатр хадзіла. Гэта знак для бізнесу...

-- Дазвольце яшчэ адно пытанне пра грошы. Да крызісу артысты Купалаўскага ўслых скардзіліся, што з іх заробкам ні крэдыт узяць, ні жыллё пабудаваць. Сёння нешта змянілася ў лепшы бок?

-- Да мільёна, мільён у лепшым выпадку, атрымліваюць. Нягледзячы на тое, што ў нас фінансаванне больш, чым у іншых тэатрах, на зарплату гэта ніяк не распаўсюджваецца. Я вось зараз Паўла Харланчука на месяц адпусціў на здымкі -- разумею, што яму дзяцей трэба карміць...

Сёння зарабіць грошы ў тэатры немагчыма. Зарабляць трэба ў іншых месцах -- у кіно, яшчэ недзе. Тэатр у нашай краіне -- гэта хобі, захапленне...

Мільёны долараў на святло і гук

Мікалай Пінігін і жартам і ўсур'ёз кажа: маўляў, не так даўно толькі даведаўся, што людзі, аказваецца, ходзяць у тэатр не толькі на спектаклі, але і на будынак паглядзець...

Гендырэктар Купалаўскага тэатра Павел Палякоў сцвярджае, што рэканструкцыя тэатра “ідзе па плане”.

“Мы плануем у верасні наступнага года вярнуцца ў свой будынак, -- кажа Палякоў. -- Ёсць маса праблем з праектным інстытутам, але яны вырашаюцца. Пакуль, паўтараю, усё ідзе па плане».

Насамрэч будоўля -- не самая вялікая праблема, з якой прыйдзецца сутыкнуцца адміністрацыі Купалаўскага, адзначаюць эксперты. Хутчэй за ўсё будынак тэатра здадуць у тэрмін, праблем з фінансаваннем, нягледзячы на крызіс, паўстаць не павінна -- праз дарогу ад Купалаўскага знаходзіцца -- працоўная рэзідэнцыя прэзідэнта... Больш важнае пытанне, якое яшчэ трэба будзе вырашыць, -- набыццё светлавога і гукавога абсталявання. А гэта -- мільёны долараў ці еўра. Але гэта -- пытанне заўтрашняга дня...

“Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл”

У гэтым сезоне Пінігін прэзентаваў "Нясвіжскую арлекінаду ў 2-х дзеях" -- спектакль, пастаўлены паводле п’ес княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл, заснавальніцы прафесійнага тэатра на Беларусі.

Па вялікім рахунку, гэтае прадстаўленне -- рэканструкцыя святочнага вечара ў Нясвіжскім замку, дзе гасцей забаўлялі танцамі, спевамі, камедыямі. Усё гэта прысутнічае ў спектаклі, які складаецца з трох частак -- балета "Дасціпнае каханне", оперы "Выкраданне Еўропы" і камедыі "Распуснікі ў пастцы".

-- Я хачу, каб людзі ведалі, на які спектакль ідуць, каб разумелі, што да чаго, -- гаворыць Мікалай Мікалаевіч. -- Лічу, што ўсім нам трэба пазбаўляцца ад свядомасці беларусаў як нацыі, у якой, акрамя лапцяў і ручнікоў, нічога не было...

Было!

Тэатр Уршулі Радзівіл -- гэта быў хатні замкавы тэатр. Мы паспрабавалі зрабіць рэканструкцыю таго, што магло адбывацца ў Нясвіжы. Сказаць, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя побач з Мінскам на землях старой Літвы існаваў аматарскі тэатр, які ўжываў барочную эстэтыку, дзе былі балеты, камічныя оперы. І гэты тэатр быў уключаны ў сусветны працэс. Гэта такое брутальнае сармацкае барока...

Дарэчы, ролю Еўропы ў гэтым спектаклі выконвае Юлія Шпілеўская (на здымку). Яе вакальныя здольнасці высока ацаніў заслужаны артыст Беларусі і педагог Віктар Скарабагатаў -- сказаў, што асабліва Шпілеўскай удаліся класічныя спевы…

“Паўлінка” стане сувенірнай

Да новага тэатральнага сезона Купалаўскі рыхтуе адразу некалькі прэм'ер -- "Ноч на Каляды" паводле Мікалая Гогаля і "Людзі на балоце" паводле Івана Мележа.

-- Напрыканцы кастрычніка я зраблю "Ноч на Каляды", -- дзеліцца планамі Пінігін. -- Аляксандр Гарцуеў прапанаваў паставіць "Людзі на балоце". Мы вырашылі, што гэта павінен быць спектакль пра каханне...

Што тычыцца "Ночы на Каляды", то я яго ставіў у Пецярбургу. У БДТ білеты на яго каштавалі 100 еўра, і на яго немагчыма было трапіць! Думаю, такі спектакль патрэбны і ў нашым рэпертуары.

Тэатральны сезон 2012 года мы павінны распачаць ужо ў новым будынку -- плануем адкрыцца “Паўлінкай”. Я збіраюся аднавіць гэты спектакль. Але гэта зусім не азначае, што я збіраюся ўмешвацца ў рэжысуру (гэты спектакль быў пастаўлены пасля вайны) -- проста хачу прывесці яго ў парадак: аднавіць касцюмы, дэкарацыі, зрабіць яго такім музейным сувенірам...

Тэндэнцыі часу

Палову сваёй хатняй бібліятэкі Мікалай Пінігін падараваў Тэатральна-мастацкай акадэміі. Ён лічыць, што многія класічныя рэчы і нават той жа Ібсэн больш ніколі не будуць запатрабаваныя.

-- Увогуле, мне падаецца, што мы знаходзімся на парозе глабальных змен чалавечай свядомасці, -- дзеліцца сваімі прадчуваннямі Пінігін. -- Я нядаўна вярнуўся з чэхаўскага фестывалю -- туды чацвёрты год запар прывозяць балеты. Адны балеты -- сучасныя, класічныя і гэтак далей. Пластыка і музыка -- гэта тое, што не падуладна часу. Старыя рэчы -- Астроўскі, Горкі -- ужо не працуюць. Гэта як быццам ужо жаваная гума. Цяпер над чалавецтвам павешаны купал -- у нас блакіраваная свядомасць, мы не здольныя шукаць новае, а старое ўжо не працуе... Гэта адчуваюць усе. Гэта тэндэнцыя, гэта не я прыдумаў...

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)