Жыхар Гомля лячыў анкалёгію і заразіўся COVID-19

Жыхар Гомля Яўген Якавенка плянава лячыў анкалёгію і заразіўся ў шпіталі COVID-19. Яго пераводзілі са шпіталя ў шпіталь, ён трапіў у рэанімацыю, расказаў Свабодзе сын нябожчыка Яўген Якавенка (малодшы).

— Татка толькі паўгадзіны пабыў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх (ШВЛ) — і яго ня стала. Каб не каранавірус — ён бы жыў.

Яўгену Якавенку (старэйшаму) было 68 гадоў. Ён памёр 23 траўня. 26-га адбылося пахаваньне.

Анкалёгію выявілі яшчэ 15 гадоў таму

— Тую пухліну на лёгкім у таты выдалілі, і ён спакойна жыў гэтыя гады. Сёлета ў лютым пухліна вылезла на другім лёгкім, лекары параілі прайсьці курс хіміятэрапіі. 14 красавіка яго паклалі ў анкалёгію. Там ён пасьпеў прайсьці палову прызначанага курсу апраменьваньня і дзьве «хіміі».

Пасьля другой «хіміі», літаральна ў той жа дзень — 7 траўня, у палаце, дзе ляжаў тата, выявілі хворага на каранавірус. Ва ўсіх шасьці чалавек з палаты ўзялі тэсты. Ва ўсіх — станоўчыя. Іх тэрмінова разьвезьлі па розных шпіталях.

Зьмяніў тры шпіталі, шэсьць аддзяленьняў

— Майго тату паклалі ў Першы гарадзкі шпіталь. Спачатку ён ляжаў у рэўматалёгіі — гэтае аддзяленьне было пераабсталявана пад COVID-19. Калі тату зрабілася горш, перавялі ў тэрапію, потым — у рэанімацыю. Празь некалькі дзён перавялі ў шпіталь хуткай дапамогі, ужо зноў у тэрапію, аргумэнтуючы тым, што ён быў «самы лёгкі з усіх у рэанімацыі». Мы нават трохі ўсьцешыліся, што ня ўсё так блага.

Перавод са шпіталя № 1 у шпіталь хуткай дапамогі нам тлумачылі тым, што вызваляюць месцы ці то для цяжэйшых, ці то таму, што шпіталь № 1 абсталяваны пад прыём новых пацыентаў... У шпіталі хуткай дапамогі яму амаль адразу стала горш, і яго перавялі ў рэанімацыю. Празь некалькі дзён яго ня стала. Ён паўгадзіны прабыў на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх».

Настойліва прапаноўвалі не рабіць ускрыцьця

—  Начмэд настойліва прапаноўваў не рабіць ускрыцьцё. Казаў, што «ў ягоным выпадку гэта не абавязкова». Мусіць, для ўсіх відавочна — чалавек памёр ад анкалёгіі. Але з анкалёгіяй ён жыў бы гады, можа — месяцы, але ня тры тыдні! Каранавірус яго дабіў. У даведцы напісалі прычыну сьмерці — утварэньне ў лёгкім.

На другой старонцы даведкі, сярод іншых акалічнасьцяў сьмерці, не зьвязаных з прычынай сьмерці, напісаны COVID-19. Там такая птушачка ставіцца. Сярод іншых варыянтаў ёсьць «алькагольнае ап’яненьне». То бок гэта такія спадарожныя абставіны, якія не ідуць у прычыну сьмерці. Я абурыўся.

Мне патлумачылі мэдыкі: каб дакладна сказаць, што лёгкія былі пашкоджаныя каранавірусам, трэба правесьці дадатковыя аналізы, частка зь іх робіцца ў Менску, на гэта патрэбна 2–3 тыдні. То бок рэальную канчатковую прычыну сьмерці я даведаюся толькі празь нейкі час. Адзінае, што я здолеў «выбіць», — каб даведка была «папярэдняя», а не «канчатковая»: я быў вымушаны яе забраць, каб пахаваць татку.

Як атрымаць інфармацыю пра стан блізкіх

— З пытаньнямі пра стан блізкіх людзі вымушаны хадзіць да галоўнага лекара. Лекары на пытаньні пра стан здароўя адказвалі вельмі неахвотна, без падрабязнасьцяў, толькі «яму лепш», «яму горш». На справе атрымліваецца, што трэба хадзіць на прыём да некага з галоўных. Бо трапіць да лекара нерэальна. Яны занятыя, і ў карантыне — туды ж нікога не пускаюць. Праз тэлефон, тлумачылі лекары, яны ня могуць даваць падрабязную інфармацыю.

Я пайшоў адразу да галоўнага лекара. Нехта зь лекараў, асабліва напачатку, нешта яшчэ тлумачыў. Былі нават падрабязныя размовы, калі тэлефанавалі адмыслова, пасьля таго як я падняў бучу. Але ў такой сытуацыі інфармацыя патрэбная кожны дзень. На выходных трапіць на прыём нерэальна. На выходных лекараў чамусьці становіцца значна меней, толькі «дзяжурныя».

Да галоўнага лекара я хадзіў у тым ліку таму, каб дамагчыся адэкватнай увагі да чалавека пасьля «хіміі», бо спачатку мне заяўлялі, што яны лечаць перадусім каранавірус, а іншыя хваробы іх як бы і не цікавяць. Не хачу паглыбляцца ў бездань гэтага бязладзьдзя і трэшу, зь якім мы сутыкнуліся.

Толькі адзін сьвятар пагадзіўся адпяваць нябожчыка

— Ня ўсе цэрквы пагаджаліся адпець нябожчыка з каранавірусам. Пахаваньнем займалася рытуальная служба, яны званілі ў цэрквы, але ня ўсе хацелі адпяваць каранавірусных. Знайшлі толькі аднаго сьвятара — ён пагадзіўся. Труна была закрытая. Хавалі вельмі хутка. Проста таму, што ў іх шмат работы. Абмежаваньняў наконт колькасьці людзей на пахаваньні не было, але і мы самі не запрашалі шмат людзей.

Памерлых з COVID-19, я так зразумеў, ускрываюць групамі, каб не рабіць некалькі разоў на дзень дэзынфэкцыю памяшканьня. У выпадку з маім таткам «такіх» памерлых было двое. Чакалі нейкі час, каб іх сумясьціць.

Яўген раіць сваякам тых, хто сутыкнуўся з COVID-19

Вы нікому не патрэбныя, апроч вашых блізкіх. Калі бяда прыйшла ў вашу хату — не давайце спаць лекарам, ня трэба іх шкадаваць, гэта іх праца, мы давяраем ім свае жыцьці.

Асаблівая пільнасьць патрабуецца на выходныя — колькасьць лекараў тут зьмяншаецца ў разы, і на 600 ложкаў можа быць 1–2 дзяжурныя лекары і 20 сёстраў.

Пытайцеся пра сатурацыю, тэмпэратуру, леўкацыты, ціск. Гэтыя лічбы дапамогуць вам арыентавацца ў тым, што адбываецца.

Зьвесткі пра стан здароўя праз тэлефон цяжка атрымаць. Лекары аргумэнтуюць гэта тым, што яны ня могуць іх паведаміць чалавеку, якога ня бачаць. Прыйсьці і паразмаўляць асабіста магчымасьці няма праз карантын. Запісвайцеся на прыём да галоўнага лекара — толькі тады вам нешта раскажуць.

На этапе рэанімацыі з хворым можа прапасьці сувязь — тэлефон могуць забраць. Рыхтуйцеся, што размовы зь лекарамі могуць скараціцца да хвіліны, бо размаўляць яны, магчыма, будуць «у скафандрах».

Чым цяжэйшы стан чалавека, тым менш інфармацыі вам будуць даваць і тым менш з вамі будуць размаўляць. «У іх многа хворых — ім трэба працаваць».

У цяжкім стане чалавек амаль ня можа размаўляць, але можа падняць слухаўку. Тэлефануйце яму, проста каб расказаць пра ягоны стан, падтрымаць. Папярэдзьце — няхай проста слухае.

Можа здарыцца так, што ў адзін са званкоў у лякарню вам скажуць: «Зараз вам ператэлефануюць», а пасьля вы даведаецеся, што вашага чалавека ўжо няма. То бок «у іх шмат працы», і паведаміць пра сьмерць у іх можа «ня быць часу».

На выпадак сьмерці «начмэд» будзе прапаноўваць падпісаць адмову ад ускрыцьця — не пагаджайцеся, калі хочаце мець шанец на тое, каб даведацца праўду. Да начмэда чарга можа быць з такіх, як вы — калі вы прыйшлі на ўгаворы аб адмове ад ускрыцьця. Мы «такія» былі не адны. Перад намі былі людзі. З такой жа, упэўнены, гісторыяй. То бок памерлых на той дзень было як мінімум два ў адным шпіталі.

Насіце маскі, трымайце дыстанцыю і беражыце сваіх блізкіх.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(7)