История

Андрэй Кныш

«Засталіся нам толькі неба і зямля». Як Расія і Прусія другі раз дзялілі Рэч Паспалітую

Гісторыя пра тое, чаго каштуюць гарантыі ўсходняга суседа.

23 студзеня 1793-га у Пецярбургу была падпісана канвенцыя паміж Расіяй і Прусіяй, згодна з якой тэрыторыю Рэчы Паспалітай падзялілі ў другі раз. Да Прусіі адышлі Вялікапольшча, Мазовія, Гданьск і Торунь. Да Расіі — цэнтральная частка сучаснай Беларусі да лініі Друя – Пінск, а таксама Заходняя Украіна і Падолле.

Рэшта Гарадзеншчыны і Берасцейшчыны фармальна заставаліся незалежнымі яшчэ два гады.

Як і ў выпадку з першым падзелам (1772 год), другі стаў вынікам здрады і празмернай веры ў гарантыі суседзяў — Расіі і Прусіі. А таксама страху тых суседзяў, якія баяліся паспяховасці рэформаў, што праводзіліся ў Рэчы Паспалітай.

Спынімся падрабязней на тым, што паслужыла прычынай для другога падзелу колішняй магутнай дзяржавы.

Галоўным вынікам Чатырохгадовага сойму (1788-1792) стала прыняцце Закона аб урадзе 1791 года, шырока вядомага пад назвай «Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 3 мая».

Гэта была другая пасля ЗША Канстытуцыя ў свеце і першая ў Еўропе. Дакумент прадугледжваў пераход да канстытуцыйнай манархіі — улада караля абвяшчалася спадчыннай, а не выбарнай.

З канфедэрацыі Рэч Паспалітая ператваралася ва ўнітарную дзяржаву з адзінай цэнтральнай уладай, дзе месцы паміж прадстаўнікамі Кароны і ВКЛ дзялілся пароўну.

Дзяржаўнай рэлігіяй абвяшчаўся каталіцызм, іншыя канфесіі атрымлівалі гарантыю свабоды выкання рэлігійных абрадаў. Павялічвался войска Рэчы Паспалітай, змяняліся правілы ягонага камплектвання.

Рэформы Чатырохгадовага сойму моцна закраналі інтарэсы шляхты. Яе беззямельныя прадстаўнікі гублялі права голасу, багацейшыя таксама сутыкнуліся з абмежаваннямі.

Акрамя таго, Канстытуцыя 3 мая пазбаўляла шляхту найвышэйшай і апошняй улады над прыгоннымі сялянамі. Сялянства з гэтага часу трапляла пад апеку дзяржавы.

Тым часам палепшала становішча жыхары гарадоў: мяшчане атрымалі права асабістай недатыкальнасці (Neminem captivabimus), іх маглі абіраць на дзяржаўныя пасады.

Напалоханыя падзеямі ў Францыі, улады Прусіі і Расіі не былі ў захапленні ад таго, што адбывалася ў Рэчы Паспалітай. І яны хутка знайші сабе саюзнікаў у Рэчы Паспалітай, незадаволеных рэформамі.

У красавіку 1792-га ў Санкт-Пецярбургу быў падпісаны Акт Таргавіцкай канфедэрыцыі. Гэта быў саюз магнатаў Рэчы Паспалітай, якія выступалі супраць пераменаў у дзяржаве. Падпісанню акта папярэднічалі таемныя перамовы з расійскімі ўладамі. Расія адгукнулася надзвычай хутка, даслаўшы на дапамогу канфедэратам 160-тысячнае войска.

Гэта быў драматычны момант для ініцыятараў рэформаў. Расія толькі заключыла мір з Турцыяй і атрымала магчымасць для інтэрвенцыі.

Прусія не толькі мела свае апетыты на польскія землі, але і магла дыктаваць ўласныя ўмовы Пецярбургу, пагражаючы выйсці ў выпадку адмовы з антыфранцузскага саюза. І прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II, як вядома, звайго дамогся.

Летам 1792-га расійскія войскі занялі землі ВКЛ. У кнізе «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» гісторык Уладзімір Арлоў цытуе сведку тых падзей: «Увесь край, дзе вялася вайна, ад маскоўцаў і сваіх стаў дашчэнту спустошаны, так што засталіся нам толькі неба і зямля».

А ў лютым 1793-га на тэрыторыі Рэчы Паспалітай з’явіліся войскі Прусіі — згодна таемнага пагаднення, падпісанага ў Пецярбургу 23 студзеня. Гэта цікавы момант, які сведчыць, што Расія даўно мела вопыт падзелу суседніх дзяржаваў, загадзя ўзгодненага разам з сітуацыйнымі саюзнікамі.

Напрыканцы нельга не згадаць, як расійскія ўлады абгрунтоўвалі неабходнасць чарговага падзелу Рэчы Паспалітай. У сакавіку 1793-га новы расійскі пасол Якаў Сіверс прыехаў у Гродна, дзе месцілася рэзідэнцыя Таргавіцкай канфедэрацыі.

Расійскі пасол Якаў Сіверс

Вось фрагмент ягонай прамовы, поўны цынізму, якому можа пазайздросціць нават сучасны МЗС Расіі:

— Столь опасный очаг [Конституция 1791 года] естественно возбудил внимание соседних держав; они сообща обсудили средства задушить зло в самом зародыше и предохранить от заразы собственные границы.

Ее величество императрица Всероссийская и его величество король Прусский, по соглашению с его величеством императором Римским [император  Австрии], признали самою действительною мерой: заключить Польскую республику в более тесные границы, чтоб облегчить ей возможность иметь мудрое и хорошо устроенное правительство, которое было бы в состоянии обуздать беспорядки и партии, столь часто нарушавшие спокойствие республики и ее соседей.

І яшчэ адна паралель, гэтым разам з падзеямі ў Крыме ў сакавіку 2014-га. Паседжанне сойму ў Гродне, на якім зацвярджаўся факт новага падзелу, вартавалі расійскія войскі, якія атачылі каралеўскі замак. Кіраваў працэсам расійскі пасол.

Акрамя таго, урад Рэчы Паспалітай з гэтага часу пазбаўляўся права самастойнага прыняцця рашэнняў, войска дзяржавы было скарочанае да 15 тысячаў.

Новая Канстытуцыя, прынятая на апошнім сойме Рэчы Паспалітай, вяртала статус федэрацыі, але існаваць дзяржаве пад гэтай назвай заставалася трошкі больш за два гады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)