Кризис
Міхал Карневіч, Вячаслаў Кулік, «Радыё Свабода»

Заробкі шахтароў зьменшыліся ўтрая

Шахтары Салігорску скардзяцца, што заробкі ў параўнаньні зь мінулагоднімі зьменшыліся ў тры разы. І ў той жа час адміністрацыя “Беларуськалію” спрабуе ўтрая скараціць тэрмін дзеяньня калектыўнай дамовы. А ў Слоніме адміністрацыі прадпрыемстваў, каб захаваць калектывы, вымушаны скарачаць працягласьць працоўнага дня і зьніжаць заробкі.

САЛІГОРСК

УСалігорску адміністрацыя “Беларуськалію” запатрабавала ад прафсаюзаў заключыць калектыўную дамову толькі на адзін год. Ранейшыя дамоўленасьці, пачынаючы ад 1993 году, дзейнічалі тры гады. Як вырашаецца праблема, паведамляе старшыня незалежнага прафсаюзу гарнякоў Іван Пермінаў:

“Перамовы насамрэч пачаліся, так. Але пакуль згоды ня знойдзена. З боку адміністрацыі быццам бы закон не парушаецца, бо калектыўная дамова можа быць на тэрмін ня менш за адзін год і да трох. Не скажу цяпер, да чаго можам прыйсьці, таму што адбыўся толькі першы тур перамоваў”.

Тым часам у Салігорску па чарзе спыняюцца на перапынак, абумоўлены беспрацоўем, тры абагачальныя фабрыкі. У красавіку адгрузкі мінэральных угнаеньняў на экспарт практычна няма. Вычарпала свае плянавыя фонды і сельская гаспадарка Беларусі. Шахтары застаюцца бяз працы. Вось што кажа пра цяперашнія заробкі свайго мужа Галіна Казлоўская:

“Ён, як іншыя, зноў пачаў атрымліваць толькі 2/3 ад свайго тарыфу. Такі тарыф сьведчыць, што заробак упаў у тры разы ад таго, што быў раней. Цяпер нашы шахтары ходзяць на працу, каб падтрымліваць нейкім чынам у гатоўнасьці гэты руднік”.

Фінансавы крызіс, у які трапіла найбуйнейшае прадпрыемства, адмоўна адбіваецца і на салігорскім гандлі. Тамтэйшы прадпрымальнік Аляксандр Цацура расказвае:

Аляксандар Цацура

“Вельмі ўплывае крызіс! Усе нашы прадпрымальнікі скардзяцца, што ўпала грашовая выручка. На рынках ужо шмат гандлёвых месцаў прадаецца. Некаторыя прадаюць свае павільёны за палову кошту ад таго, за што самі набывалі. Але прадаць ужо ня могуць”.

Супрацоўніца салігорскага аддзяленьня “Беларусбанку” Кацярына Сабалеўская паведаміла, што ў насельніцтва ўзьнікаюць праблемы з выплатай узятых раней крэдытаў. Паводле яе словаў, сем’і шахтароў мусяць цяпер эканоміць на побытавых выдатках, каб назьбіраць грошы для пагашэньня запазычанасьцяў перад банкам.

“Цяпер эканомяць людзі грошы, бо заробкі маленькія. Мы гэта заўважаем. Гэта відавочна”, — паведаміла Кацярына Сабалеўская.

Ці надоўга Салігорск трапіў у пастку крызісу? Лідэр незалежнага прафсаюзу гарнякоў Іван Пермінаў:

“Няма нічога яснага нават на бліжэйшую будучыню. Усе сацыяльныя выплаты й фінансавыя гарантыі ад эканомікі залежаць...”

Пытаюся ў суразмоўцы: якім чынам незалежны прафсаюз гарнякоў далучаны да вырашэньня праблемаў цяперашняга крызісу ў вытворчым аб’яднаньні “Беларуськалій”?

“Толькі праз калектыўную дамову, — кажа Іван Пермінаў, — іншага няма. Гэта самы дзейсны дакумэнт. Ён, дарэчы, цяпер выконваецца. Мажліва, што ня цалкам. Але нельга сказаць, што калектыўная дамова не выконваецца ў дадзены момант”.

Калектыўная дамова забараняе адміністрацыі звальняць шахтароў. Працуе пункт супраць пазбаўленьня прэміяў. Шахтары маюць гарантыю на выплату ўзнагароджаньня за выслугу гадоў. Захоўваецца матэрыяльная дапамога на аздараўленьне.

СЛОНІМ

Дзённая зьмена Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі, пачынаючы зь лютага, працуе толькі пяць з паловай гадзінаў на дзень. Астатнія зьмены — па 8 гадзінаў.


Адміністрацыя фабрыкі ня схільная тлумачыць гэтую сытуацыю. Вось што адказала мне галоўны інжынэр Ніна Шайдак на пытаньне, у чым прычына зьмены графіку працы.

“Інтэрвію не даем. У нас такі прыняты графік, і нам так зручней працаваць”.

Карэспандэнт: “А ў сувязі з чым у вас прыняты такі графік?”

“Нам так зручней, і на працягу многіх гадоў мы ўжо так працуем, паколькі гэта больш рацыянальна і эканамічна для прадпрыемства”.

Старшыня прафкаму Леў Марголін патлумачыў, што ўсё гэта — наступствы крызісу.

Праблемы на прадпрыемстве — са збытам у краіны СНД. Да прыкладу, Малдова і Ўкраіна наагул адмовіліся надалей купляць прадукцыю фабрыкі, бо ня маюць сродкаў.

Са слоў спадара Марголіна, зараз на фабрыцы працуе трохі болей за тысячу чалавек, і тут імкнуцца любым чынам захаваць калектыў. Таму мяняецца графік працы, але рабочых не звальняюць.

“Выкарыстоўваем усе магчымасьці, каб захаваць калектыў. Заробак — ну хаця б на ўзроўні 380—400 тысяч рублёў, а раней жа было 500—600. Праўда, у некаторых рабочых такі заробак застаецца дагэтуль”.

На чатырохдзёнцы й дзённая зьмена кардонна-папяровай фабрыкі “Альберцін”. Старшыня прафкаму Тадэвуш Дужык кажа: пачынаючы яшчэ з Новага году, у прадпрыемства зьявіліся праблемы са збытам прадукцыі.

Асабліва складана, са слоў спадара Дужыка, стала атрымліваць разьлікі ад пакупнікоў.

Дужык: “За рэалізаваную прадукцыю сродкі даводзіцца атрымліваць толькі праз суды”.

Старшыня прафкаму кажа, што, нягледзячы на падзеньне сярэдняга заробку да 680 тысяч, прадпрыемству ўдалося апошнім часам рэканструяваць вытворчасьць і наладзіць новыя вытворчыя лініі.

На прадпрыемстве зараз працуе 1290 рабочых. Нікога, са слоў спадара Дужыка, не скарацілі.

Дужык: “Сёньня ў сувязі з падзеньнем вытворчасьці нам трэба скараціць прыкладна 300—350 чалавек, але мы на гэта не ідзем”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)