Комментарии
Юры Дракахруст, Радыё Свабода

«Закрылі інтэрнэт-крамы, заўтра рост цэнаў адлюструе дзяржаўны гандаль»

Памятаю, яшчэ да прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ягоны паплечнік, дэпутат Вярхоўнага Савету Віктар Кучынскі распавядаў журналістам, як змагаўся з карупцыяй у родным Кобрыне.

Паводле яго мясцовая намэнклятура патаемна завяла сябе сажалку зь нідзе ня ўлічанымі карпамі. «Я даведаўся, выкрыў і высушыў сажалку», — з гонарам казаў бясстрашны дэпутат.

Журналісты, зразумела, рагаталі. Не разумелі, дурні, усёй сацыяльна-палітычнай глыбіні гэтай меры. Прыгадалася тая гісторыя ў сувязі з пагромам, учыненым амаль у гадавіну Плошчы ўсяму нацыянальнаму інтэрнэт-гандлю.

Ну вось навошта? А ёсьць на што. Эканамічная лёгіка, праўда, недарэчная. Не інтэрнэт-крамам варта прад’яўляць прэтэнзіі за рост цэнаў — варта Пуціну, варта саўдзітам, якія спрыялі абвалу цэнаў на нафту, варта стратэгічнаму выбару самой улады на карысьць Расеі, нарэшце, варта айчыннай эканамічнай палітыцы.

Усё гэта, а зусім не падступныя інтэрнэт-крамы, цягне цэны ўверх. Дарэчы, ў той жа Расеі цэны, прынамсі, пакуль, скокнулі ня так і высока. Іншая грашовая палітыка ЦБ — іншая рэакцыя цэнаў на дэвальвацыю. Калі хацелася пакараць вінаватага ў росьце цэнаў, варта было зачыніць нацбанк.

Разьлік на тое, што цэны ня вырастуць, калі разьбіць люстэрка, у якім іх рост адлюстроўваецца, таксама нельга палічыць дакладным. Закрылі інтэрнэт-крамы, заўтра рост цэнаў адлюструе дзяржаўны гандаль.

Але ў подбіўцы недарэчнай эканамічнай палітыкі — дакладны клясавы разьлік. Эканамічны шок непазьбежны. Нехта ў Беларусі мусіць зьбяднець. І ўлада спрабуе разьмеркаваць цяжар зьбядненьня.

«Дык усе ж у гэтых крамах куплялі, ўсім жа кепска зрабілі», — скажа раззлаваны чытач. Э не. Тымі «карпамі» інтэрнэт-гандлю частаваліся далёка ня ўсе. Можа з вашага атачэньня, шаноўны чытач, і ўсе, можа, сярэдняя і вышэйшая кляса ўся, але яны — гэта далёка ня ўсё насельніцтва.

Вось для астатніх гэтае «высушваньне сажалкі» і зробленае. Ня ў тым нават справа, што рэальна зьбяднеюць ня толькі ўладальнікі, але і спажыўцы «сажалкі», ну была «сажалка» onliner.by, стане —.ru. Але ж пабегаюць багаценькія, памітусяцца.

Паводле раскладкі бюджэту на 2015 год (прычым раскладкі даволі аптымістычнай) асаблівых пернікаў для ўсіх у год выбараў не абяцаецца. Але калі нельга зрабіць лепш большасьці, можна зрабіць горш меншасьці. Тады і большасьці будзе неяк лягчэй пераносіць нягоды.

Хіба справядлівасьць не вышэйшая за карпаў з той высушанай сажалкі?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)