Скандалы

З Балгарыі высылаюць трох чалавек, звязаных з Беларускай праваслаўнай царквой. Хто яны?

Учора стала вядома, што Балгарыя высылае двух грамадзян Беларусі — служачых Беларускай праваслаўнай царквы. Краіну мусіць пакінуць і святар з Расіі, таксама вядомы беларускім вернікам. Расказваем, што гэта за людзі. Адзін з іх арганізоўваў вайскова-патрыятычныя клубы, піша Наша ніва.

Протаіерэй Яўген Павяльчук. Крыніца: podvorie-sofia.bg

Згодна з паведамленнем Дзяржаўнага агенцтва нацбяспекі Балгарыі, з краіны павінны з’ехаць грамадзянін Расіі і грамадзяне Беларусі (іх ініцыялы прыводзяцца па-руску — Н.З. і Е.П. і В.Б. адпаведна), таксама ім забаронена наведваць Балгарыю цягам пяці гадоў. Прадстаўніца расійскага МЗС Марыя Захарава патлумачыла, што гаворка ідзе пра настаяцеля падворку РПЦ у Сафіі архімандрыта Васіяна (Мікалая Змеева), сакратара патрыяршага падворку Яўгенія і супрацоўніка храма.

Афіцыйна прычыны высылкі сфармуляваныя так: «Меры прымененыя ў сувязі з іх дзейнасцю, скіраванай супраць нацыянальнай бяспекі і інтарэсаў Рэспублікі Балгарыя».

Архімандрыту Васіяну Змееву 48 гадоў. У Беларусь ён трапіў у верасні 2015-га, праз паўтары гады пасля таго, як туды быў прызначаны іншы расіянін — былы кіраўнік БПЦ мітрапаліт Павел (Панамароў). Пасада Змеева ў Беларусі — прадстаўнік Патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі ў Беларускім экзархаце.

Архімандрыт Васіян Змееў. Фота: podvorie-sofia.bg

Акрамя гэтага, на той час ігумену Васіяну далі свой храм — Пакроўскі прыход у Мінску, дзе той некалькі гадоў служыў настаяцелем. Адзначым, што гэты храм знаходзіцца на праспекце Пераможцаў і зусім блізка да Драздоў, то-бок гэта не бедны прыход, не кажучы і пра магчымасць завязаць у гэтым прыходзе належныя сувязі.

У 2016-м Змееву далі сан архімандрыта, а ў сакавіку 2018-га перавялі з Мінска ў Сафію. 12 верасня 2023-га архімандрыту забаранілі ўезд у Паўночную Македонію, таксама з краіны выслалі трох расійскіх дыпламатаў. Тлумачэнне на ўсіх адно — здзяйсненне расіянамі дзеянняў, якія парушаюць Венскую канвенцыю аб дыпламатычных зносінах.

Праваслаўны публіцыст Ілля Забяжынскі пракаментаваў падзеі вакол Змеева:

«Пішуць, што архімандрыт кожны месяц катаўся ў Паўночную Македонію і муціў там у царкоўных колах за падтрымку РФ у вайне. Балгарскі ўрад, а Балгарыя — член НАТА і адзін з самых актыўных пастаўшчыкоў зброі Украіне, таксама заклапаціўся пра гэтае пытанне. […] У царкоўным асяроддзі БПЦ я чуў нямала гісторый, як настаяцель рускага падворку ў Сафіі карумпіруе балгарскіх мітрапалітаў фінансава, а таксама праз старыя кадэбэшныя сувязі, падаграючы іх прапуцінска-кірылаўскія пазіцыі і сімпатыі».

Акрамя рускага архімандрыта, Сафію мусіць пакінуць і протаіерэй Яўген Павельчук, сакратар падворку РПЦ. Гэты беларус быў прызначаны ў Сафію ў ліпені 2019-га года, а да таго служыў у мінскім Свята-Елісавецінскім манастыры — тым самым, што аказвае падтрымку расійскай арміі на Данбасе, збірае для яе дапамогу і агітуе пісаць лісты акупантам.

Перад тым, як трапіць у Мінск, Павельчук служыў у Гродне, дзе адказваў на епархіяльным узроўні за супрацоўніцтва з ваеннымі структурамі.

Падчас свайго служэння Яўген актыўна арганізоўваў у епархіі вайскова-патрыятычныя клубы: 2007 год — «Дружына» ў Шчучыне, 2009 год — «Славяне» ў Гродна. У 2011-м годзе ў епархіі таксама былі створаныя клубы «Ваявода» і «Белая Русь».

Там дзяцей вучылі карыстацца зброяй, ладзілі заняткі па рукапашным боі і фізічнай падрыхтоўцы. У 2015-м годзе «Наша Ніва» апублікавала расследаванне, якое сведчыла пра сувязь гэтых клубаў з прарасійскімі актывістамі, дзейнымі сілавікамі і казакамі. І ў 2017-м годзе Павельчука пераводзяць у Мінск: спачатку на некалькі месяцаў у храм Афанасія Брэсцкага, а потым — у Свята-Елісавецінскі манастыр.

Што да другога высланага беларуса, то ў мясцовых медыя пішуць, што гаворка пра Уладзіміра Банько — аднайменны фатограф рабіў здымкі богаслужэнняў, размешчаныя на сайце падворку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)