Як я стаў калектыўным беларускім тролем на сустрэчы з Марыяй Пеўчых

Журналіст Дзмітрый Гурневіч – пра размову з паплечнікамі Аляксей Навальнага.

– 11 год таму я спытаў у Паўла Шарамета, хто і калі ў Расеі будзе разумець беларусаў так, як бы гэтага чакалі самі беларусы. Каб захаваць інтрыгу, адказ я схаваў далей у тэксце, – піша Гурневіч. – Тады ён настолькі мяне здзівіў (асабліва з вуснаў Паўла), што пасля я неаднаразова спрабаваў знайсці доказ, што ён памыляўся. На днях была чарговая спроба.

Дзмітрый Гурневіч

Я трапіў на сустрэчу з паплечніцай Аляксея Навальнага Марыяй Пеўчых. Той самай, што ўзначальвае Фонд барацьбы з карупцыяй, які робіць папулярныя расследаванні аб норавах пуцінскай эліты.

У такой жа нефармальнай атмасферы, як і відэа ФБК, праходзіла сустрэча з Пеўчых. Гэта была адкрытая прастора, дзе працуюць айцішнікі. Прысутныя у сваёй большасці, як мне падалося, таксама былі айіцішнікамі або студэнтамі, пераважна маладая і актыўная аўдыторыя.

На галоўных маніторах QR-код для данатаў камандзе Навальнага, улёткі з 10% зніжкі на мерч у онлайн-краме палітыка і далікатнае жоўта-блакітнае святло з ліхтароў у бок крэсла госці.

Каманда Навальнага – цікавая з'ява ў расейскай палітыцы. Яе адрознівае ад рэшты вельмі радыкальная антыпуцінская рыторыка, якая многіх нават палохае. Пеўчых на гэтай сустрэчы называла пуцінскіх чыноўнікаў «падонкамі», «жулікамі», а прапагандыстаў «дэбіламі» і «прыдуркамі». Цяжка ўявіць такую рыторыку публічна з вуснаў беларускіх топавых палітыкаў.

Марыя Пеўчых

У каманды харызматычны лідэр. Пеўчых мае падобную энэргетыку, што і Навальны. Да таго ж, яна вельмі эрудаваная прамоўца. Што казаць, умее гэтая каманда працаваць з інтэрнэт-аўдыторыяй, ёсць у яе крэатыўнасць, адсутнічае афіцыёз, які часта стамляе ў палітыках.

Усё гэта прымушае многіх казаць пра каманду Навальнага як нумар адзін сярод расейскай апазыцыі. Магчыма таму яны і ня бачаць сэнсу аб’ядноўвацца з рэштай антыпуцінскіх сілаў. А ўчора гэтай тэме была прысьвечаная прынамсі траціна часу.

І кожны другі пытаўся: «Почему нельзя как у беларусов?» У прыклад там шмат разоў прыводзілі Святлану Ціханоўскую і дзейнасць беларускай апазіцыі. Ну ня ведаюць нашыя ўсходнія суседзі, што беларуская апазіцыя ані разу не аб’яднаная і што Ціханоўская нават не спрабуе яе аб’яднаць (гэта немагчыма ў прынцыпе).

Але многія расейскія актывісты пра гэта проста не чулі, чым у чарговы раз пацвярджаюць, як далёка адзін ад другога нашыя народы, што нават інфармацыйныя плыні ў іх не супадаюць.

Пеўчых, дарэчы, адказвала, што дзеля таго, каб эфектыўна працаваць, не абавязкова ўсіх збіраць у кучу. Падпісанне сумеснай дэкларацыі ніякі не наблізіць канец пуцінізму, а вось сабраўшыся ў кучу, прасцей акурат перасварыцца. Таму лепш кожны няхай робіць тое, што ў яго лепш атрымліваецца.

Для многіх беларусаў Навальны і яго каманда застаюцца вельмі падазронымі. Вінаватая ў гэтым мінуўшчына палітыка: удзел у шавінісцкіх «Рускіх маршах» і зьняважлівыя выказванні пра беларускую мову.

І сам Навальны, і яго каманда, шмат разоў запэўнівалі, што гэта было даўно і што з таго часу палітык прайшоў незваротную метамарфозу. Пеўчых на сустрэчы так і казала, каму, маўляў, не сорамна за тое, што ён мог напісаць у 2008 годзе і дзякавала провіду, што не вяла тады сацсетак пад уласным імем.

Сапраўды, некалькі год таму ў сацыяльных сетках Навальнага з'явіліся беларускамоўныя допісы, у 2020 годзе ён падтрымаў беларускі пратэст, а ў яго рыторыцы стала цяжка знайсці імперскія ноткі.

Беларусы, якія працуюць у камандзе Навальнага, таксама кажуць, што імперскасьць Навальнага ўжо гісторыя. Таму троліць Навальнага беларусам даводзіцца збольшага за мінулае.

Калі мікрафон у залі апынуўся каля мяне, я вырашыў стаць калектыўным беларускім тролем і спытаў Пеўчых, што могуць зрабіць расейскія апазіцыйныя палітыкі, каб даказаць, што яны не імперцы?

Паплечніца Навальнага сказала, што даказаць гэта змогуць справы ў будучыні. Але пакіну арыгінал кароткай абмены рэплікамі: 

Пеўчых: Я буду да апошняга абараняцца ад абвінавачванняў у імперскасці. Не, і ўсё. Мне падаецца дастаткова дзіўным абвінавачваць цэлую нацыю ў імперскасці на падставе таго…

Я: Я сказаў пра палітыкаў, а не пра цэлую нацыю.

Пеўчых: У кожнай краіне ёсць тыя, хто лічыць, што іх краіна вялікая. У французаў жа гэта проста вар’яцтва. Яны закаханыя ў сябе, назаўсёды і на вякі, носяць на руках сваю культуру, сваю кухню, сваё віно, сваю гісторыю, сва ўсё. Гэта нармальна. Таму палітыкі на гэтай ноце і на гэтым сентыменце праводзяць сваю палітыку, выкарыстоўваюць у выбарчай кампаніі і праграмах. Гэта норма.

Праблема імперскасці, калі яна ёсьць, заключаецца ў тым, што цяпер робіць Пуцін – ён адмаўляе факт існавання суседняй краіны або адмаўляе Беларусі ў суб’ектнасці, або лічыць яе беларускай вобласцю, у каторай няма ніякай самастойнасці і што іх мова фальшывая.  

Мне падаецца, што няма ніякіх падставаў меркаваць, што ўмоўны Навальны ці яго каманда, калі яны прыдуць да ўлады, будуць весці агрэсіўныя войны з суседнімі краінамі. Абсалютна відавочна, што тактыка Навальнага, якая гучала шмат разоў і якую я падтрымліваю, заключаецца ў тым, чым больш шчаслівыя нашыя суседзі, чым лепш вам у Беларусі, тым лепш нам.

Няма ніякага генетычнага ці набытага жадання зрабіць так, каб суседнія краіны трапілі ў нашыя абдымкі. Гэта можа рабіцца так, як у Еўразвязе, добраахвотнае і роўнапраўнае аб’яднанне, калі тры-чатыры ці пяць краін хочуць разам дзяліць эканамічную ці яшчэ нейкую прастору.

Хочацца трошкі асадзіць гэтыя аргументы, бо мне не падабаецца канцэпцыя, калі нехта змагаецца з маім уяўным імперыялізмам, у той час як Расею ўзначальвае абсалютна рэальны імперац.

Я: Адносна яго няма ніякіх ілюзій, з гэтым чалавекам даўно ўсё зразумела.

Пеўчых: Я спадзяюся, што сваімі рашэннямі і дзеяннямі на міжнароднай арэне мы пакажам, што пра ніякі імперыялізм ня можа быць і гаворкі. 

***

І сапраўды, словам Пеўчых складана запярэчыць, бо праверыць іх праўдзівасць можна будзе толькі тады, калі каманда Навальнага прыйдзе да ўлады. Бо словы ў палітыцы – гэта толькі словы.

Заадно трэба памятаць, што адказаў Павел Шарамет, чалавек, які ведаў Расею і яе палітыкаў наскрозь. На маё пытанне, хто і калі ў Расеі будзе разумець беларусаў так, як бы гэтага чакалі самі беларусы, Шарамет адказаў: «Ніхто і ніколі».

Якімі б сімпатычнымі ня былі апаненты Пуціна, і як бы ім не спачуваць, варта на ўсялякі выпадак захаваць гэта ў розуме. Назаўсёды.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(59)