Коктейль
Сямён Печанко

Як выглядае новы канкурэнт Дудутак (фота)

У канцы чэрвеня ў Пухавіцкім раёне быў адчынены сядзібна-паркавы комплекс «Дукорскі маёнтак». «Салідарнасць» прапануе фотаэкскурсію па адноўленай сядзібе.

Калі патрапіце ў маёнтак і аплаціце ўваход, не палянуйцеся ўзняцца па прыступках вежы адноўленай брамы. Узнагародай будзе від з вокнаў — чым вышэй вы будзеце ўздымацца, тым больш захапляльнай будзе карціна.

Акрамя таго, фотаздымкі на сценах дукорскай брамы раскажуць вам пра яе каляжанак з іншых мясцінаў Беларусі — Нясвіжа, Ружанаў, Пескаў, Падароска.

Пасля знаёмства з брамай многія адразу ж шукаюць найбольш папуляры аб’ект комплекса — перакулены дамок. Мы ж прапануем вам экскурсію з бліжэйшых да ўваходу аб’ектаў.

Пачаць можна з музея, які месціцца акурат насупраць брамы ў глыбіні двара.

У розныя часы Дукора належала Завішам, Шэметам, Сапегам, Агінскім. Найбольшага росквіту яна дасягнула ў часе валодання гэтымі землямі сям’і Францішка Оштарпа — асіміляванага шведа, былога вайскоўца караля Карла ХІІ. Пры іх тут з’явіўся тэатр, цырк, вялікая бібліятэка.

Цікавы факт: сын Оштарпа Леон сабраў багатую калекцыю жывапісу мясцовых аўтараў. Пэўна, невыпадкова ў сённяшнім музеі таксама выстаўленыя карціны тутэйшых мастакоў.

Леваруч ад брамы месціцца стайня. Дукора здаўна славілася сваім конезаводам — яшчэ адзін прыклад усебаковых інтарэсаў Оштарпаў.

Ганчарня, вінарня, кузня — тут можна даведацца, як робяць кубачкі і талеркі, як гоняць самагонку (можна не толькі глядзець), паназіраць за цяжкай працай каваля.

Пры карчме ўвагу прыцягвае скульптура ў форму двух пляшак. З аднаго боку на вас пазірае кананічны вусаты мужык-беларус у капелюху, а з другога боку прытаіўся чорт. Памятаеце песню «Адэлька» з «Народнага альбома»? «А ў бутэльцы на дне чорт рагаты жыве…».

З мінусаў, заўважаных у карчме, можна адзначыць небагатае меню: у нядзелю, 5 ліпеня, тут прапаноўвалі шашлык, суп, салату са свежай капусты. Хочацца спадзявацца, што на такім асартыменце ў дукорскай карчме не спыняцца.

На тэрыторыі комплекса можна ладзіць вяселлі і карпаратывы. Тым, хто прыехаў проста адпачыць, давядзецца мірыцца з музычным рэпертуарам летняй банкетнай пляцоўкі. Зрэшты, на гэту акалічнасць можна паглядзець і з іншага боку. Магчыма, камусьці будзе карысным выпрабаванне арганізма спевамі Стаса Міхайлава перад тым, як наведаць «дамок Элі».

Перадаць словамі адчуванні ад знаходжання ў нахіленым памяшканні, дзе ўсе прадметы інтэр’еру прымацаваныя да столі, даволі складана. Давялося быць сведкам, як некаторыя наведнікі збягалі ўжо праз паўхвіліны, а хто-ніхто выходзіў на вуліцу з выглядам, нібы апошнія тры гадзіны адпачываў за барнай стойкай.

У Дукоры адназначна спадабаецца дзецям. Для самых маленькіх тут ёсць цудоўны атракцыён — «Паляна казак». Паміж дрэвамі раскіданыя драўляныя хаткі з шклянымі вітрынамі, за якімі размясціліся казачныя героі.

Ціснеш на кнопку побач з вітрынай — і слухаеш казку. З мінусаў: не хапае казак па-беларуску, нельга спыніць запіс, адсутнічаюць лаўкі.

Для больш дарослых дзяцей і падлеткаў на тэрыторыі комплекса стварылі падвясную паласу перашкодаў, замацаваную паміж дрэвамі.

Усёй сям’ёй можна пакатацца на лодцы і катамаране па мясцовай саджалцы. Тут жа адзначаюць Купалле.

У якасці падсумавання дазволю сабе некалькі суб’ектыўных назіранняў. Пакуль што дукорскі маёнтак працуе не на поўную сілу, не ўсе ягоныя элементы даведзеныя да ладу. Многае з убачанага ў Дукоры даўно знаёма па Дудутках.

Тым не менш, моцны гістарычны грунт, у выпадку яго ўдалага выкарыстання, а таксама такі незвычайны і прыцягальны аб’ект, як перакулены дамок, робяць «Дукорскі маёнтак» сур’ёзным канкурэнтам іншым падобным комплексам.

Пра тое, як патапіць у Дукору на аўтамабілі або грамадскім транспарце, можна даведацца на адпаведнай старонцы сайта «Дукорскага маёнтка».

Таксама там можна даведацца іншыя карысныя падрабязнасці пра рэжым працы комплекса, арганізацыю святаў і арэнды памяшканняў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)