«Як толькі выйдуць алкагольныя напоі «Будзьма!», наша кампанія па нацыянальнай самаідэнтыфікацыі стане маланкавай»
За паўгады з моманту старта кампаніі «Будзьма беларусамі!» у яе рамках было праведзена каля 450 мерапрыемстваў з удзелам музыкаў, літаратараў і мастакоў. Арганізатары заўляюць, што далей кампанія будзе толькі набіраць абароты.
Агульнанацыянальная грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» стартавала 1 кастрычніка 2008 года з ініцыятывы шэрагу грамадскіх арганізацый. Яна скіравана на тое, каб зацікавіць шырокія колы беларусаў пытаннем самаідэнтыфікацыі.
Як адзначыла 20 красавіка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай паўгоддзю «Будзьма беларусамі!» яе каардынатар Алена Макоўская, дзякуючы кампаніі музыкі і пісьменнікі выступілі там, куды раней даехаць не мелі магчымасці. Па інфармацыі каардынатара Ніны Шыдлоўскай, па ўсёй краіне з іх удзелам было праведзена каля 450 мерапрыемстваў.
На прэс-канферэнцыі было заяўлена, што далей кампанія будзе толькі набіраць абароты. Плануецца арганізацыя турнэ па Беларусі некалькіх гуртоў і бардаў (сярод іх «Стары Ольса» і Зміцер Вайцюшкевіч), правядзенне фотаакцыі «Усебеларускі партрэт», выпуск серыі паштовак з вядомымі беларускамі творцамі, маек з беларускамоўнымі надпісамі.
— Адна з нашых задач — увесці моду на беларускамоўную прадукцыю, — адзначыла Алена Макоўская.
Каардынатары кампаніі плануюць таксама наладзіць супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі. Лісты з прапановай сумесных дзеянняў па актывізацыі культурніцкага жыцця ў рэгіёнах з улікам абвяшчэння ўладамі 2009 года Годам роднай зямлі нядаўна былі расланыя мясцовым выканкамам, а таксама ў адміністрацыю прэзідэнта.
Напрыканцы прэс-канферэнцыі ў залі запанавала аптымістычная атмасфера.
— Падчас пісьменніцкага форуму ў Сербіі я падараваў майку нашай кампаніі кітайскаму пісьменніку. Ён паабяцаў правесці кампанію «Будзьма беларусамі!» у Кітаі, — распавёў намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Эдуард Акулін.
Калі слова ўзяў спонсар кампаніі, намеснік дырэктара кампаніі БелПІ Зміцер Дайнека, з залі прагучала пытанне ад заснавальніка гурту P.L.A.N. Андрэя Плясанава:
— Калі ж вы нарэшце падтрымаеце нашу кампанію выпускам новага напоя?!
— У нашых планах стаіць выпуск кактэйля «Будзьма» , — адзказаў на радасць усім Зміцер Дайнека (між іншым, напоі БелПІ “Крамбамбуля Панская” і “Крамбамбуля Джын Рыцарскі” у красавіку атрымалі залатыя медалі на міжнародным конкурсе-дэгустацыі лікёра-гарэлачных напіткаў).
Затым Алена Макоўская зазначыла, што «Будзьма беларусамі!» з’яўляецца доўгатэрміновай кампаніяй і перыяд яе правядзення пакуль не абмежаваны.
— Я хацеў бы вас паправіць спадарыня Алена, — не стрымаўся старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў. — Хацелася б, каб гэта кампанія была кароткатэрміновай. Як толькі выйдуць напоі і з’явяцца ў кожнай краме, наша кампанія па нацыянальнай самаідэнтыфікацыі стане маланкавай.
Пасля прэс-канферэнцыі адбыўся канцэрт.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное