Политика

Як санкцыі ўплываюць на палітычны крызіс у Беларусі. Ацэнкі экспэртаў з Варшавы, Кіева і Менска

Цытаты трох экспэртаў, якія прагучалі падчас дыскусіі на тэму «Палітычны крызіс у Беларусі: эканамічныя наступствы», якую арганізавалі экспэртныя цэнтры Ўкраіны і Літвы. Падрабязнасці на Радыё Свабода.

У Беларусі з 9 жніўня парцягваюцца пратэсты супраць фальшаваньня выбараў і гвалту. Краіны Захаду не прызналі Аляксандра Лукашэнку абраным кіраўніком краіны і ўвялі санкцыі да яго і атачэньня

Санкцыі — не галоўны чыньнік перамен

Аналітык Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў (Польшча) Каміль Клысіньскі перакананы, што ў вырашэньні палітычнага крызысу ў Беларусі эўрапейскія санкцыі не адыграюць галоўную ролю.

— Санкцыі з боку Эўрапейскага зьвязу і Захаду не зьяўляюцца галоўным чыньнікам, які будзе зьмяняць сытуацыю ў Беларусі. Мы павінны глядзець рэалістычна. Галоўны чыньнік — што скажа і вырашыць беларускі народ, удзельнікі пратэстаў, якія цяпер крыху заціхлі, але магчыма вясной адновяцца. І другім фактарам, хочам мы гэтага ці не, зьяўляецца Расея — хаўрусьнік, складаны хаўрусьнік Беларусі. Санкцыі застаюцца трэцім па ўплывовасьці чыньнікам, — сказаў Каміль Клысіньскі.

Экспэрт падкрэсьліў, што санкцыі Эўрапейскага Зьвязу не накіраваныя супраць беларусаў, а зьяўляюцца адказам на дзеяньні беларускіх уладаў. У той жа час, ён не выключыў, што ЭЗ можа ўвесьці яшчэ адзін пакет санкцыяў.

— Для новага пакету санкцый мусіць быць нешта вельмі гучнае, што сапраўды прадэманструе новыя абставіны. Напрыклад, чуткі пра лягеры для беларускай апазыцыі, якія рыхтаваліся летась і магчыма рыхтуюцца сёлета. Пацьвярджэньні і доказы гэтага могуць быць тэарэтычным штуршком для новых санкцый. Або, напрыклад, вырак Віктару Бабарыку, працэс па якім толькі пачаўся, — дадаў Каміль Клысіньскі.

Рэзэрв трываласьці ў беларускай эканомікі яшчэ ёсьць

Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што ва ўмовах санкцыйнага ціску беларуская эканоміка мае абмежаваныя рэсурсы трываласьці, але рэзэрвы ёсьць:

— Ёсьць рэзэрвы ў Нацыянальнага банку, нават калі яны сёлета патрацяць 2 мільярды даляраў на абслугоўваньне вонкавых пазык, ну будзе 30 адсоткаў дэвальвацыя, але гэта дапаможа нейкім чынам выйсьці зь мінімальнымі стратамі цягам 2021 году. Але заробкі і пэнсіі скароцяцца. Найбольшыя праблемы — гэта ўстойлівасьць банкаў і прамысловых прадпрыемстваў-гігантаў, — мяркуе экспэрт.

Паводле яго, улады могуць пайсьці на прыватызацыю беларускіх прадпрыемстваў расейскім бізнэсам, каб не дапусьціць у 2021-2022 гадах абвальнага зьніжэньня ўзроўню жыцьця і спыненьня прадпрыемстваў і банкаў. Ён таксама заўважыў, што дагэтуль беларусы трымаюць у банках да 6 мільярдаў даляраў.

Пры гэтым Яраслаў Раманчук назваў слабымі зьвеньнямі беларускай эканомікі рэзкае падзеньне дзелавога клімату, абнуленьне права, зьмяншэньне традыцыйных крыніц эканамічнага росту, разбалянсаваньне фіскальнай палітыкі, назапашваньне даўгоў і таксычных актываў, нізкая якасьць кіраваньня дзяржаўнымі прадпрыемствамі і надзвычайная залежнасьць ад расейскага рынку.

— Ва ўмовах, калі Расея так дамінуе і працуюць „схемы“, увядзеньне эканамічных санкцый, — гэта безумоўна, запрашэньне расейскага капіталу, расейскіх інстытутаў у Беларусь, што ва ўмовах рэзкага напружаньня і непрыняцьця канфлікту між грамадзтвам, бізнэсам і Беларусьсю пагражае геапалітычнымі зрухамі, — лічыць беларускі экспэрт.

Украіна мае кіравацца сваімі інтарэсамі

Дырэктарка праграмы эканамічнай дыпляматыі Рады зьнешняй палітыкі «Українська призма» Тацяна Засіменка лічыць, што наўрад ці трэба неадкладна чакаць вынікаў эканамічных санкцыяў супраць Беларусі.

— Як бы ў Беларусі не казалі, што эўрапейскія санкцыі падобныя на камарыны ўкус, але яны паўплываюць як на рэпутацыю, так будуць адштурхоўваць і патэнцыйных партнэраў. Мы бачым, што пакуль што ўвялі не клясычныя гандлёвыя санкцыі, а супраць асобных грамадзян.

І ўздымаць пытаньне іх эканамічнай эфэктыўнасьці рана, але таксычнасьць ужо зададзеная, і яна будзе павольна ўплываць нават на прагматычныя міжнародныя дачыненьні. Пакуль сьпіс прадпрыемстваў невялікі, але не факт, што ён ня будзе павялічвацца, — патлумачыла экспэртка.

Тацяна Засіменка мяркуе малаімаверным, што Эўразьвяз пойдзе на маштабныя гандлёвыя санкцыі.

— Па-першае, каб не прыціснуць інтарэсы свайго, эўрапейскага, бізнэсу, па-другое, каб не нашкодзіць беларусам, і, па-трэцяе, каб не справакаваць Беларусь у абдымкі Расеі, — патлумачыла яна.

Экспэртка перакананая, што ва ўмовах скарачэньня ўдзелу Беларусі ў праекце ЭЗ «Усходняе партнэрства» Ўкраіна, маючы вялікую залежнасьць ад беларускай прадукцыі (нафтапрадукты, угнаеньне, тэхніка) мусіць лябіяваць трансмежную праграму «Украіна-Беларусь», якая дазволіць вырашыць лякальныя пытаньні гуманітарнага, экалягічнага характару і якая будзе гарантаваць, што фінансы Эўразьвязу не трапяць «ня ў тыя рукі».

Тацяна Засіменка перакананая, што ва ўмовах санкцыйнай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі на двухбаковым узроўні краіны мусяць зьберагчы ўжо дасягнутыя напрацоўкі ў эканамічнай супрацы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(9)