Общество

Як пёс Насты Лойкі праехаў 1000 кіламетраў і навучыўся гаўкаць па-чэшску

Уратаваць шэрагоўца Эрыка – пiша Тётя Ира разрешила.

Эрык – вялікі сабака, чыстакроўны дварняга, трохі падобны да аўчаркі. Раней ён жыў у прытулку. Аднойчы яго ўжо забіралі, але вярнулі абратна. Так цягнулася да той пары, пакуль за Эрыкам не прыйшла Наста Лойка. З ёй Эрык застаўся больш чым на пяць гадоў. І не раставаўся б надалей. Але аднойчы прыйшлі за Настай.

Зараз Эрык жыве ў Чэхіі.

Эрык зашыфраваўся і стаў «ходскі пес»

Мясцовасць, дзе зараз жыве Эрык, называецца Ходско і знаходзіцца на памежжы з Баварыяй. Для тутэйшых жыхароў найважнейшаю справаю была абарона межаў. Праз тое сімвалам рэгіёна стаў сабака мясцовага паходжання – ходскі пес.

– Выглядае ён як нямецкая аўчарка на кароткіх лапках. Карацей – выліты Эрык, – расказала Ганка Барадзіна, новая сяброўка сабакі Насты Лойка. – Ужо некалькі разоў нам казалі на вуліцы, што Эрык красаўчык і сапраўдны ходскі пес.

Найбольш «перажывалі» пра адаптацыю Эрыка чэшскія сваякі Ганкі. Бо раптам ён не навучыцца гаўкаць па-чэшску і не паразумеецца з мясцовымі людзьмі і сабакамі.

– Насамрэч, добра ўсе паразумеліся. Дапамагае пагладзіць, пакарміць і не парушаць правілаў сабачай ветлівасці, – кажа Ганка Барадзіна. 

Наста Лойка пакінула для новых сяброў сабакі інструкцыю з пералікам карысных кніг і кантактаў спецыялістаў, што працавалі з Эрыкам. Найбольш уразіла Ганку тое, што ў інструкцыі быў раздзел «Правы сабакі»:

– Там не напісана, якія ён каманды ведае, гэта не важна. Важна, што ў яго ёсць правы: права на сон, на адпачынак, на ежу, на дапамогу, на кумунікацыю са сваімі сародзічамі, на справядлівы догляд – такі вось падыход. У гэтым уся Наста.

Сабака з праваабарончай «радаслоўнай»

Наста Лойка – праваабаронца. То і сяброўкі ў яе такія ж. Адна з іх – Марфа Рабкова. Менавіта яна і стала «хроснай» Эрыка, бо валанцёрыла ў прытулку, куды патрапіў пёс. Марфа часта публікавала на ўласных старонках у сацсетках здымкі сабак з прытулку. На адным з іх Наста Лойка пабачыла Эрыка і адразу вырашыла забраць.

– Прыязджаем мы ў прытулак, а там процьма сабачак, – расказвае сяброўка Насты, Ірына Арахоўская. – Яны ўсе такія мілыя – скачуць, прыгаюць. І толькі Эр сядзіць і глядзіць на нас з-пад броваў. Думаю: «Ну, яўна яна возьме каго заўгодна, але не гэтага пса.» Але Наста ўзяла менавіта яго. Агромнага такога.

Валанцёры ў прытулку расказалі дзяўчатам гісторыю Эрыка. Яго знайшлі кінутым ля дарогі. Некалькі разоў спрабавалі прыстроіць у добрыя рукі, але новыя гаспадары кожны раз вярталі сабаку. Больш ніхто не хацеў яго браць.

– Карацей, Эрык – супертраўмаваны сабачка. Невядома, што з ім рабілі ў дзяцінстве, ці калі забіралі, бо ён вельмі баіцца людзей, – расказала Ірына.

План «А», які рухнуў

– Наста з Эрыкам вельмі шмат займалася, – кажа Ірына Арахоўская. – Шмат кніжак прачытала, працавалі разам з кіналагіняй. Вельмі сур’ёзна падыйшла да справы.

У Ірыны таксама ёсць сабака, забраны з прытулку. Наладзіць з ім стасункі таксама дапамагала Наста: «Яна казала, што праблемы з сабакамі не таму, што сабакі злыя, а таму, што ў нас няправільны падыход».

Летась Ірына мусіла пакінуць краіну. Клопат пра яе сабаку ўзяла на сябе Наста.

– Яна зрабіла ўсе прышчэпкі, знайшла перавозчыка і сябра, які ехаў у Польшчу – ўсё арганізавала. Пакінуць без увагі сабаку Насты пасля такога было б немагчыма.

Да таго ж, Наста падрыхтавала для сяброў інструкцыі, як быць у выпадку, калі яе затрымаюць.

– Там была і частка пра Эрыка, – расказала Ірына Арахоўская. – Мы загадзя абмеркавалі, калі і як трэба перавозіць Эрыка, у каго ён можа жыць. Але калі стала зразумела, што Наста не выйдзе і магчыма доўга, то увесь план абрушыўся. У многіх людзей на той час таксама змяніліся абставіны і ўсё трэба было рабіць спачатку.

«Пашкадавала, што я не Эрык»

 Самай вялікай праблемай было знайсці для Эрыка новае месца жыхарства. Аб’яву, што сабака шукае новых гаспадароў, Ірына размясціла ў сацсетках.

– Не пісала, чый гэта сабака, але напэўна, многія здагадаліся. Інфармацыю актыўна рэпосцілі, але прапанаваць патрэбную дапамогу амаль ніхто не мог. Бо ў асноўным пісалі тыя, хто самі нядаўна з’ехалі і пакуль не мелі ўмоваў, каб трымаць вялікага сабаку. Часцей адгуказываліся проста на эмоцыях, каб хоць цёплымі словамі падтрымаць.

Пакуль аднаго для не прыйшло паведамленне з Чэхіі.

– Калі гэтыя людзі напісалі мне пра ўмовы, у якіх будзе жыць Эрык, я пашкадавала, што я не Эрык, – прызнавалася Ірына. – Там прыватны дом, побач ёсць лес, рэчка і поле. Я вельмі баялася, што яны адмовяцца ці нешта пойдзе не так, бо яны выглядалі найлепшымі кандыдатамі. І вельмі шчаслівая, што ўсё склалася.

Беларусь - Польшча - Чэхія

У Мінску Эрыку зрабілі ўсе патрэбныя прышчэпкі і знайшлі перавозку. Але – толькі ў Польшчу. Каб Эрык змог даехаць да Чэхіі, новая сяброўка пса, Ганка Барадзіна, сама прыехала па яго ў Варшаву.

– Эрык не быў джэнтэльменам, – расказвае Ірына Арахоўская пра першую сустрэчу Ганкі з сабакам. – На першым сумесным шпацыры ён цапнуў Ганку за руку. Яна вельмі адважны чалавек – не спужалася і ўзяла сітуацыю ў свае рукі. Праз гадзіну Эрык ужо пайшоў да яе ў машыну, лёг на калені і ўсё было добра. Я проста здзівілася, як так атрымалася.

«Справа не ў тым, што мы шукалі сабаку»

Ганка расказала, што пост пра Эрыка яны з Янкам пабачылі ў сацсетках і спачатку прапанавалі сваю дапамогу, як план «Б» – спадзяваліся, што знойдзецца нехта бліжэй:

– Але доўга ніхто не знаходзіўся і мы вырашылі: калі можам быць планам «Б», то справімся і стаць планам «А».

Пра сабаку яны думалі ад таго часу, як  некалькі гадоў таму Ганка пераехала ў Чэхію з Гродна. У Гродне ў яе таксама была агульная з сяброўкай Вольгай Галецкай сабачка – Коска, каторую таксама забралі з прытулку.

Пазней дзяўчаты раз’е’халіся з Гродна і Коска выправілася з Воляй у Польшчу, а Ганка засталася без сабакі. Эрык стаў нагодай зноў жыць ззаймець псомса.

– Справа не ў тым, што мы шукалі сабаку. Гэта выпадак, калі рэальна можам дапамагчы. У нас тут проста санаторый дамашні для пса. Куды ні пайдзі – лес, возера, прырода - ідэальнае месца.

У любой незразумелай сітуацыі – чашы сабаку

Ужо з практыкі Ганка і Ян зразумелі, што Эрык вельмі любіць гуляць з тэніснымі мячыкамі і гатовы бегаць за імі хоць гадзіну запар. Яшчэ адзін улюбёны занатак – плаваць. Тое, што побач ёсць возера стала для сабакі падарункам. Ян любіць хадзіць у пешыя паходы і ўжо будуе планы, як яны з Эрыкам будуць падарожнічаць.

Знаходзіць агульную мову з сабакам дапамагае і досвед з гродзенскай Коскай.

– Гэта – зусім іншы досвед, чым узяць шчанюка ад пачатку. Ведаю, якія памылкі мы рабілі, што можна было б не рабіць. І бачу, колькі сілаў, любові, партнерства Наста уклала ў адносіны з Эрыкам, – расказвае Ганка. – Мы пазнаеміліся з ім у стрэсавай для яго сітуацыі. Але за той кароткі час, што мы адно аднаго ведаем, ужо ўусталяваўся давер.

Сабачка такі мілы, часта прыходзіць абдымацца. А яшчэ ён проста абажае часацца. З ім перадалі тры шчоткі і я вырашыла паспрабаваць. Гэта былі такія танцы! То цяпер у любой незразумелай сітуацыі – чашы сабаку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(14)