Общество

Як пацярпелыя ад рэпрэсій беларускія мэдыкі ўладкоўваюцца ў Чэхіі

Былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская распавяла Свабодзе пра сустрэчу беларускіх дактароў, што пацярпелі ад рэпрэсій, са Сьвятланай Ціханоўскай у Празе, пра дапамогу чэскай дзяржавы ў рамках праграмы Medevac і пра першую працу па спэцыяльнасьці ў Чэхіі.

Надзея Пятроўская. Фота з прыватнага архіву

Кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца аддзяленьня РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Надзея Пятроўская звольнілася пасьля таго, як у РПНЦ, насуперак волі пэрсаналу, зьмянілі кіраўніцтва. За ўдзел у акцыях пратэсту яе каралі штрафам і арыштамі.

Надзея Пятроўская прыехала ў Чэхію ў межах урадавай праграмы дапамогі Medevac для беларускіх дактароў, што пацярпелі ад рэпрэсіяў. Па заканчэньні праграмы яна пераехала з Прагі ў Чэскі Крумлаў, неўзабаве пачне працаваць анколягам у мясцовым шпіталі.

Пра сустрэчу зь Ціханоўскай

— Сустрэча сталася абсалютна нечаканай. Не скарыстацца шанцам пазнаёміцца з дэмакратычнай лідэркай Беларусі было проста немагчыма. Была вельмі нефармальная атмасфэра. На сустрэчы былі ўдзельнікі праграмы дапамогі Medevac 1 для беларусаў, ахвяраў міліцэйскага гвалту, і ўдзельнікі праграмы Medevac 2 — для мэдыкаў, што пацярпелі ад рэпрэсій.

Сьвятлана нас моцна падтрымала, сказала, што яна з намі, але мы павінны разумець, што такую дапамогу, як аказала Чэхія, ніхто не аказваў, і нам моцна пашанцавала. Калі яна гаварыла зь людзьмі, пацярпелымі ад міліцэйскага гвалту, кожнага вельмі ўважліва слухала, імкнулася падтрымаць.

У мяне ад самага пачатку да Сьвятланы было вельмі добрае стаўленьне, а цяпер аўтарытэт лідэра ў маіх вачах вырас у дзясяткі разоў, бо я пабачыла, як беражліва яна ставіцца да людзей.

Пра праграму Medevac 2 для беларускіх мэдыкаў

— Удзельнікамі Medevac 2 сталі каля двух дзясяткаў дактароў і мэдсёстраў, якія зазналі рэпрэсіі на тэрыторыі Беларусі — звальненьні, затрыманьні, арышты, штрафы. Я анколяг, у нас ёсьць траўматоляг, доктар ультрагукавой дыягностыкі, эпідэміёлягі ды іншыя спэцыялісты.

Чэхія вельмі моцна нам дапамагла. Тут дастаткова складаная бюракратычная сыстэма, празь якую пацьвердзіць сваю прафэсійную кваліфікацыю даволі складана. Праграма зрабіла максымальна, каб дапамагчы нам пераадолець бюракратычныя перашкоды. Мы атрымалі базавы курс чэскай мовы, была псыхалягічная і фінансавая падтрымка.

Многія дактары знайшлі працу і рыхтуюцца прыступіць да яе. Мы чакаем толькі дазволу чэскага Міністэрства аховы здароўя, каб прыступіць да працы пад наглядам старэйшага калегі. Пасьля таго як здадзім іспыт, можна будзе працаваць самастойна. На здачу іспыту нам даецца два гады. Гэта цалкам справядлівае патрабаваньне. Я думаю, што мы ўсе з гэтым справімся.

— Я атрымала працу ў шпіталі ў вельмі прыгожым горадзе Чэскі Крумлаў. Шпіталь невялікі, але мае самае сучаснае абсталяваньне. Ёсьць аддзяленьне анкалёгіі, куды мяне запрасіла працаваць загадчыца аддзяленьня. Гэта была адна зь вялікіх удачаў, што ў мяне атрымалася зь першага разу знайсьці працу. Ёсьць свае нюансы ў камунікацыі з чыноўнікамі аховы здароўя, але ўсё вырашальна. Я знайшла жытло, знайшла сяброў і знаёмых. Мне дапамагаюць мясцовыя беларусы, прадстаўнікі расейскай дыяспары. Вельмі ўдзячная ўсім, хто дапамог.

Пра складанасьці, зь якімі сутыкаюцца лекары ў пошуках працы і адаптацыі

— Усе праблемы, зь якімі мы сутыкаемся, пераадольныя. Ці ўсе былі да гэтага гатовыя? Хутчэй не. Справа ў мэнталітэце.

Зразумела, што мы прыехалі зусім зь іншай сацыяльна-эканамічнай фармацыі з пэўным сьветапоглядам. І ступень нашага неразуменьня чэскіх законаў такая ж, як і ступень неразуменьня чэхамі нас.

Я была гатовая, што будзе складана. Не магу сказаць, што ўсе з гэтым справіліся. Некалькі ўдзельнікаў праграмы былі вымушаныя зь яе выйсьці і вярнуцца ў Беларусь, але асноўная частка знайшла ў сабе мужнасьць працягваць шукаць шляхі вырашэньня праблемаў.

У нас выдатная кваліфікацыя ва ўсіх. Любую працу, якую мы рабілі дома, мы маглі б выконваць і тут. Але бюракратычныя нюансы не дазваляюць гэта зрабіць лёгка.

Некаторыя чэскія мэдыкі ведаюць пра РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі, былі знаёмыя з былым дырэктарам нашага РНПЦ, у кагосьці дзеці родных лячыліся ў нашым цэнтры. Але гэта тут так не працуе, усё роўна трэба даказваць свой статус-кво сваімі ўласнымі сіламі.

Пра Чэхію і годны выклік

— Чэхія — вельмі добразычлівая да нашых людзей, ня толькі да лекараў, а ўвогуле да беларусаў. Эміграцыя, працоўная эміграцыя — гэта ня проста. Гэта патрабуе мабілізацыі ўсіх рэсурсаў — фінансавых, інтэлектуальных, эмацыйных. Але гэта прыгода, і гэта годны выклік, і калі вы на гэты крок ідзяце, то атрымаеце сваю ўзнагароду.

У Чэхію я прыехала ў стане эмацыйнага выгараньня, і за тры месяцы я вярнулася ў свой рэсурсны стан. Магу сказаць, што я шчасьлівая, гляджу ў будучыню з аптымізмам і перакананая, што ўсё атрымаецца.

Калі будзе магчымасьць вярнуцца дадому, безумоўна, я вярнуся, маючы ў сэрцы вялікую ўдзячнасьць Чэхіі за прыём, які яна нам аказала. Гэта людзі, прырода, гэта чароўная Прага, архітэктура, культура — гэта ўзьдзеяньне, якое гоіць такіх, як мы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(29)