Общество
Сяргей Балай

Як на Сокале Купалле святкавалі (фотарэпартаж)

На агароджаным зліццем двух рэк полі ў самую кароткую ноч году загарэлася вогнішча самага сакральнага і галоўнага летняга свята – Купалля. Карэспандэнт «Салідарнасці» прыняў ўдзел у закрытым і архаічным купальскім абрадзе.

Сябры гісторыка-культурнага клуба «Княжыч» з Наваполацка адзначылі старажытнае свята ў пятнаццаты раз. У адрозненні ад большасці людзей, што сквяткуюць Купалле з 6 на 7 ліпеня, клуб разам з сябрамі ладзіць сапраўднае аўтэнтычнае Купалле паводле традыцыйных паганскіх канонаў, якія прыйшлі да нашых часоў праз вякі, калі хрысціянства яшчэ не сталася традыцыйным веравызнаннем беларусаў.

Сёлета месцам правядзення старажытнага абраду было абрана замчышча Сокал у Расонскім раёне. Менавіта на гэтым месцы 15 год таму ўпершыню запылала купальскае вогнішча «княжычаў».

Раніцай на месца правядзення свята прыязджае працоўная група. Хлопцы рыхтуюць дровы для вогнішча, дзяўчаты гатуюць ежу, плятуць вянкі. Вогнішча таксама складаецца адмысловым чынам. Выбіраецца тонкае высокае дрэва, якое становіцца цэнтральным слупом, на яго вяршыне замацоўваецца кола, аплеценае кветкамі, хмелем і папараццю. Гэтае кола сімвалізуе сонца, якое з’яўляецца галоўным на Купаллі. Вогнішча складаецца высокім – вышэй за 5 метраў, і калі разгараецца, то полымя шугае да неба на дзесяткі метраў. Пасля таго, як вогнішча гатовае, моладзь пераапранаецца ў святочныя строі і спявае песні, гуляе. Хлопцы гатуюць адпаведны святочны напой – крупнік. Ён складаецца з няцотнай колькасці траў, меду, прыправаў і варыцца на гарэлцы.

– Першае мае купальскае вогнішча запылала менавіта тут, на Сокале, 15 год таму. Я быў яшчэ студэнтам, і ўсе што адбылося на маім першым Купаллі мне падалося чароўным, магічным, – расказаў карэспандэнту «Салідарнасці» экс–маршалак «Княжыча» Аляксей Кавалёў. – Мінула пятнаццаць год і мы працягваем традыцыю, ставім вогнішча, шануем памяць продкаў, бавімся.

Купалле што ладзіць «Княжыч» – гэта спроба аддаць даніну беларускім дахрысціянскім традыцыям, зрабіць свята так, як яно адбывалася тысячу год таму.

– Вельмі прыемна, што Купалле кожны год збірае цікаўных да беларускай культуры людзей, – кажа маршалак «Княжычу» Вольга Антановіч. – Дзякуючы гэтаму традыцыя правядзення Купалля паводле старажытных канонаў не толькі не загінула, але і атрымала працяг у новым тысячагодздзі.

Што ў традыцыйным Купаллі ёсць адметнага і незвычайнага ў параўнанні з больш «звычайным» Купаллем, якое святкуюць у горадзе?

Перадусім, час правядзення. Традыцыйнае Купалле ладзіцца ў самую кароткую ноч году, або бліжэйшую да яе дату. Прыкладна з 18 па 23 чэрвеня.

Па-другое, традыцыйнае Купалле – гэта адпаведны настрой, вогнішча з дрэва, а не гумавых колаў, здабыванне «жывога» агню, дакладнае следванне рытуалу свята, які нясе ў сабе шмат сакральных фунцыяў, такіх, напрыклад, як ачышчэнне вагнём (скокі праз вогнішча) і вадой (абавязковае купанне на раніцу).

Ехаць на Купалле з дрэннымі думкамі нельга. Чалавек, які заклапочаны нейкімі жыццёвымі праблемамі, парушыць духоўную еднасць свята. Нездарма продкі адносіліся да Купалля – галоўнага свята летняга цыклу – вельмі сур’ёзна: рыхтавалі адпаведную ежу, вышывалі і ткалі святочныя ўбранні адмыслова для гэтага свята. «Жывы» агонь, здабыты пры дапамозе крэсіва і трута, разносіўся па хатах, ад яго запальваліся печы ў весцы.

Вельмі шмат увагі надавалася варажбе на вянках, калі дзяўчыны пускалі іх па вадзе, альбо закідвалі на галінкі дрэваў.

Адметнасцю Купалля з’яўляецца і яго эратычны аспект – шмат параў сыходзіліся менавіта падчас Купалля.

Гэта далёка не поўны пералік тых сакральных функцыяў, якія Купалле выконвала для нашых продкаў. Сябры клуба на працягу пятнаццаці год рэканструюць традыцыю гэтага святкавання. Нездарма для многіх маладых людзей справа адраджэння традыцыйнай культуры пачалася менавіта з Купалля, настолькі незвычайным і захапляльным з’яўляецца гэтае свята.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)