«Як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку»
Лідарка дэмсілаў павіншавала беларусаў з Днём вайсковай славы.
— Сёння мы адзначаем Дзень беларускай вайсковай славы — дзень, калі наш народ здабыў адну з найслаўнейшых перамогаў у сваёй гісторыі, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба. — У 1514 годзе ў Аршанскай бітве нашыя продкі здолелі на доўгі час спыніць тыя ж самыя захопніцкія амбіцыі Расійскай дзяржавы, з якімі сучасны свет змагаецца сёння.
Менавіта Аршанская бітва дапамагае памятаць істотную рэч: нават калі сілы няроўныя, дух і праўда на баку тых, хто змагаецца за справядлівасць. Сёння, як і тады, Беларусь сутыкаецца з пагрозай страціць незалежнасць.
Але дастаткова пагартаць падручнікі нашай гісторыі, каб упэўніцца: народ заўсёды зможа даць адпор агрэсару, бо цэніць свабоду і ведае, якой цаной яна нам дасталася.
Памятаць гісторыю неабходна, але ў нас ёсць і сучасныя героі: смелыя мужчыны і жанчыны, якія ваююць на франтах Украіны за свабоду не толькі гэтай краіны, але і за незалежнасць нашай Беларусі.
Яны працягваюць справу тых, хто адстойваў нашую зямлю пяць стагоддзяў таму — змагаюцца з тым жа агрэсарам, што і нашыя продкі.
Мэты ў гэтага агрэсара не змяніліся: захапіць нашую зямлю, знішчыць нашую мову, культуру і права жыць так, як мы самі хочам. Ён, як і 500 гадоў таму, забівае безабаронных, выпальвае ўсё да асновы.
Я веру, што дух нашых продкаў жыве ў кожным з нас. І менавіта сёння кожны з нас можа рабіць унёсак у гэтую барацьбу — праз выхаванне дзяцей, вывучэнне мовы, дапамогу вайскоўцам ва Украіне.
Памятайце: як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку. Таму мы абавязкова пераможам. Жыве Беларусь!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное