Як эканамічны крызіс паўплываў на беларускі бюджэт?

2 красавіка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях бюджэтнай палітыкі. Ці цяжка сфармаваць бездэфіцытны бюджэт? Чаму аб’ём бюджэту на 2009 год ня зьменшыўся ў параўнаньні зь мінулым годам? На чым улады зьбіраюцца эканоміць?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і экспэрт дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Барыс Жаліба
Аляксандар Чубрык
Валер Карбалевіч


Ці цяжка сфармаваць бездэфіцытны бюджэт?

Валер Карбалевіч: “Праблема перагляду бюджэту ўзьнікла ў сувязі з крызісам і патрабаваньнем МВФ, каб дзяржбюджэт быў бездэфіцытным. Ці праблема гэта для Беларусі? Бо летась дзяржаўны бюджэт Беларусі быў выкананы з прафіцытам”.

Барыс Жаліба: “Шмат якія краіны, нават разьвітыя, перагледзелі свае бюджэты ў бок дэфіцытнага бюджэту. У Расеі перагледжаны бюджэт прадугледжвае 5% дэфіцыту.

У мяне ўражаньне, што наш урад не ўяўляе ўсёй складанасьці сытуацыі ў эканоміцы.
У мяне ўражаньне, што наш урад не ўяўляе ўсёй складанасьці сытуацыі ў эканоміцы. Урады іншых краінаў зьніжаюць падатковую нагрузку на эканамічных суб’ектаў. А ў Беларусі мабілізацыя даходаў эканамічных суб’ектаў у кансалідаваны бюджэт складае ня менш за 50% валавога ўнутранага прадукту (ВУП). У разьвітых краінах гэты паказчык складае 35-40%. Таму нам трэба зьнізіць падаткі.

Скарачэньне экспарту прывяло да скарачэньня паступленьняў у бюджэт грошай ад мыта. Думаю, беларускі бюджэт у выніку атрымаецца дэфіцытным“.

“Бюджэт робіцца бездэфіцытным вельмі проста”

Аляксандр Чубрык: “Упэўнены, што бюджэт атрымаецца бездэфіцытным, як і заплянавана. Бо, па-першае, ад гэтага залежыць выдзяленьне наступнага траншу крэдыту МВФ.

Па-другое, у нас бюджэт робіцца бездэфіцытным вельмі проста. Справа ў тым, што бюджэт быў заплянаваны з значна меншай інфляцыяй, чым тая, якая цяпер рэальна назіраецца.За кошт гэтага намінальны ВУП будзе большым.

Паступленьні ў бюджэт цяпер зьмяншаюцца. І за кошт скарачэньня грошай ад падаходнага падатку, бо даходы людзей і суб’ектаў гаспадараньня зьмяншаюцца. Як ужо казаў сп. Жаліба, скарачаюцца даходы ад замежнагандлёвых апэрацый, бо зьменшылася мыта на нафтапрадукты, якія патаньнелі. Таксама зьмяншаюцца даходы ад падатку на дададзеную вартасьць, бо скарачаецца імпарт.

Увогуле ў нас закон аб бюджэце звычайна некалькі разоў на год мяняецца. Магчыма, гэта адбудзецца і гэтым годам, калі будзе патрэба. Звычайна цэлы год мы маем прафіцыт бюджэту, і толькі ў апошні месяц у эканоміку ўкідаецца вялікая колькасьць грошай. Можа, і цяпер так будзе“.

Чаму аб’ём бюджэту на 2009 год ня зьменшыўся?

Карбалевіч: Прэм’ер Сідорскі на ўчорашняй нарадзе адзначыў, што аб’ём бюджэту на 2009 год прыкладна роўны бюджэту мінулага году. Прычым выдаткі на ахову здароўя вырастуць на 24%, на адукацыю — на 11%, стыпэндыі і заробкі бюджэтнікаў — на 14%. Такім чынам, калі ва ўсім сьвеце падчас крызісу ўзровень жыцьця падае, то ў Беларусі — расьце. Захоўваюцца асноўныя праграмы фінансаваньня. Напрыклад, будаўніцтва аграгарадкоў, падтрымка малых гарадоў. Дык атрымліваецца, што ніякага крызісу ў Беларусі няма?“

Жаліба: “На жаль, крызіс ёсьць. У адрозьненьні ад сп. Чубрыка, я не лічу, што гэтым годам будзе вялікая інфляцыя. Бо скарачаецца платаздольны попыт юрыдычных і фізычных асоб. У заходніх краінах з такой прычыны інфляцыя зьмяншаецца. У нас гэта таксама магчыма.

Зьявіліся альтэрнатыўныя праграмы выхаду з крызісу, якія прадставілі Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, бізнэсоўцы. Трэба стварыць антыкрызісны фонд, перагледзець праграму захаваньня занятасьці насельніцтва. Трэба ўсьлед за іншымі краінамі рабіць сэквэстар бюджэту. Урад не разумее ўсёй цяжкасьці сытуацыі“.

Чубрык: “Калі аб’ём бюджэту ў беларускіх рублях застаецца на ўзроўні мінулага году, то ў рэальным вымярэньні ён скарачаецца. Бо рубель стаў таньнейшы, інфляцыя большая.

Уявіце сябе на месцы Сідорскага. Вы б казалі, што ўсё кепска, давядзецца скарачаць сацыяльныя выдаткі?
Вось паводле плянаў заробкі бюджэтнікаў павысяцца на 14%. А калі той узровень інфляцыі, якая ёсьць у першыя месяцы году, экстрапаляваць на год, то яна павінна быць каля 16%. То бок у рэальнасьці заробкі скароцяцца. Тое ж самае можна казаць пра выдаткі на адукацыю. Дарэчы, у першым месяцы году доля выдаткаў на ахову здароўя скарацілася на 1,5%, на адукацыю — на 2,5%. А вось выдаткі на фінансаваньне рэальнага сэктару падвысіліся. Ці працягнецца гэтая тэндэнцыя да канца году? Паглядзім“.

Карбалевіч: “Магчыма, кіраўніцтва верыць, што крызіс ня надта закране беларускую эканоміку?”

Чубрык: “Уявіце сябе на месцы Сідорскага. Вы б казалі, што ўсё кепска, давядзецца скарачаць сацыяльныя выдаткі? Наўрад ці. Ня думаю, што ўлады не разумеюць маштабу крызісу. Але ўголас пра гэта казаць ня будуць. Магчыма, з палітычных матываў яны вымушаны дэманстраваць аптымізм.

Жаліба: “Бываюць сытуацыі, калі трэба было б шчыра сказаць народу, у якой няпростай сытуацыі апынулася краіна, да чаго трэба рыхтавацца”.

На чым эканоміць?

Карбалевіч: “На чым жа ўсё ж такі давядзецца эканоміць? І на чым трэба было б эканоміць?”

Жаліба: “Трэба эканоміць на ўсім ня толькі ў дзяржаўным бюджэце, але і ў бюджэце кожнай сям’і. Трэба перагледзець структуру расходных артыкулаў бюджэту. Напрыклад, тых, якія ідуць на падтрымку сельскай гаспадаркі, будаўніцтва аграгарадкоў, фінансаваньне стратных прамысловых прадпрыемстваў. Трэба скарачаць ёмісты на грошы дзяржапарат, сілавыя структуры. Ці варта выдаткоўваць вялікія дзяржаўныя грошы такім банкам, як “Беларусьбанк”, “Белаграпрамбанк?”

Карбалевіч: “А ці варта працягваць будаваць лядовыя палацы, АЭС?”

Жаліба: “Трэба прыпыніць гэтыя будоўлі. Бо яны не разьлічаныя на ўмовы крызісу”.

Чубрык: “
Трэба рабіць выбар: падтрымліваць прадпрыемствы ці людзей, якія там працуюць.
І мінулым годам, і цяпер улады эканомяць на сацыяльных выдатках. У мяне ёсьць сацыялягічныя апытаньні на гэтую тэму. Зь іх вынікае, што 52% лічаць неабходным скарачэньне выдаткаў на дзяржапарат, 32% — на міліцыю і сілавыя структуры, а таксама на спартовыя збудаваньні. Але гэтыя апошнія выдаткі не такія вялікія, каб уплываць на бездэфіцытны бюджэт.

Згодны з тым, што трэба скарачаць фінансаваньне дзяржаўных прадпрыемстваў. У студзені 22% выдаткаў бюджэту пайшло на субсыдыі рэальнаму сэктару, 6% — на жыльлёва-камунальную гаспадарку.

Трэба рабіць выбар: падтрымліваць прадпрыемствы ці людзей, якія там працуюць. Плаціць заробкі рабочым, якія вырабляюць нерэнтабэльную прадукцыю, ці плаціць ім дапамогу па беспрацоўі. Але каб перагледзець структуру выдаткаў бюджэту, патрэбны істотны перагляд эканамічнай і сацыяльнай палітыкі“.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)