Филин

Юлія Кот

Як чыноўнікі ад культуры ствараюць ілюзію любімага народам кіно. І чаму не атрымліваецца

Кінакрытык Тарас Тарналіцкі — пра эфект ад прымусовых кінапаказаў і сістэму, у якой не ўзнікае сапраўднага мастацтва.

Мінкультуры РБ патрабуе забяспечыць яўку «дзіцячай і падлеткавай глядацкай аўдыторыі» на прэм’еру патрыятычнага мультфільма пра мемарыяльныя комплексы Беларусі. Першыя паказы, паведамляе Флагшток, адбудуцца 27 чэрвеня ў буйных дзіцячых летніках, а пазней — у кінатэатрах і ва ўстановах адукацыі.

Акрамя таго, у дакуменце за подпісам намесніка міністра Саракача прапануецца зладзіць конкурсы дзіцячых малюнкаў «Мая памяць пра Перамогу», а прызёрам — уручыць сертыфікаты на наведванне ўсім класам аднаго з мемарыяльных комплексаў.

Раней чыноўнікі скарысталі дакладна такі ж метад прыцягнення аўдыторыі на паказ фільма «Час вяртацца», сюжэт якога афіцыйныя асобы аднагалосна апісвалі словамі «партызанская разведка знайшла праход праз непралазнае балота» (стужка — пра падрыхтоўку аперацыі «Баграціён»).

Фота «Флагшток»

На майскую прэм’еру гэтага шэдэўра «Беларусьфільма» спачатку добраахвотна-прымусова сабралі гледачоў (на прэм’ерны сеанс школьнікаў суправаджалі людзі ў форме НКУС), а потым бадзёра адрапартавалі, што фільм атрымаўся «народным» і толькі за першыя выходныя скарыў сэрцы 40 тысяч беларусаў. Тлустая маніпуляцыя, ці не так?

«Уся гэтая яўка не мае асаблівага значэння. У савецкія часы такія дзеянні мелі большы сэнс»

Ці надоўга хопіць прымусовага рэсурсу для ілюзіі «народнай любові» і ці ўплываюць кінаагіткі на пакаленне ціктокераў, ці наадварот, адварочваюць падлеткаў і моладзь ад беларускага кіно, а таксама якасць і перспектывы беларусьфільмаўскіх стужак у цяперашніх варунках «Филин» абмеркаваў з кінакрытыкам, аўтарам блогу «Свяшчэнны Белавуд» Тарасам Тарналіцкім.

Тарас Тарналіцкі. Фота з асабістай старонкі ў Facebook

— Наконт рэсурсу, мне падаецца, адказ відавочны, — разважае суразмоўца. — Колькі будзе стварацца падобны кантэнт і колькі будзе патрэбы арганізоўваюць наўмысныя паказы з прыцягненнем мэтавай аўдыторыі, столькі і будуць гэта рабіць.

Паколькі дзяржава мае ўплыў на ўсе сферы грамадства, у тым ліку на адукацыю, на стварэнне кантэнту, на людзей, якія працуюць у дзяржструктурах, гэта будзе існаваць вельмі доўга. Прынамсі, да змены рэжыму.

Іншае пытанне, што ўся гэтая яўка не мае асаблівага значэння — як і ў познесавецкія часы, гэта хутчэй дэманстрацыя таго, што чыноўнікі, адказныя за асветніцка-ідэалагічную працу, яе вядуць.

Але ў савецкія часы такія дзеянні мелі большы сэнс, бо не было іншых медыяў, не такое развітое было тэлебачанне, адсутнічаў інтэрнет, іншыя забавы.

А цяпер, хай сабе і збяруць мноства дзяцей на гэты мультфільмы, сэнсу ў тым асабліва няма — добра, калі дзецям хаця б нешта з гэтага запомніцца.

Cкрыншот мультфільма

Але хутчэй, адкладацца ў памяці будзе іншае. На пачатку 2000-х, калі я быў школьнікам і нас вадзілі на падобныя абавязковыя кінапаказы — мы проста ведалі, што там нешта нецікавае, што нас прымушаюць рабіць, стаўленне было хутчэй насмешліва-здзеклівым, і ўспаміны засталіся не самыя прыемныя.

А цяпер, мяркую, дзеці куды лепш запомняць тыя ж мультфільмы пра Машу і Мядзведзя, расейскіх «Смяшарыкаў» ці амерыканскія дзіснееўскія мультфільмы, чым беларусьфільмаўскія «Мемарыяльныя комплексы Беларусі», ідэалагічны мультфільм пра помнікі, звязаныя з вайной.

Прадукт «Беларусьфільма» — застарэлы, цалкам штучны па ўспрыманні і нецікавы. Яго могуць ацаніць хіба дарослыя эксперты, якія заўважаць не толькі ідэалагічны змест, але і рысоўку, што скарыстоўвалі аўтары. Аднак што да эфекту — гэта прафанацыя ідэалагічнай працы.

Зараз трэба рабіць з краіны Паўночную Карэю, каб новы пакаленні пачалі верыць у тое, што стварае дзяржава ў мастацкім і дакументальным кіно, у анімацыі, ці ў тое, што кажуць па тэлебачанні.

— Ці не маюць сучасныя «агіткі», дрэнна зроблены і прымусова паказаны, адваротны эфект і мядзведжую паслугу на будучыню, пераконваючы дзяцей і падлеткаў у тым, што ўсё беларускае кіно, мякка кажучы, не фантан?

— Прыкладна так гэта працавала і раней. Калі ў кінатэатрах паказваюць тое, за што нельга зачапіцца вокам, вельмі дрэнна зроблены прадукт, ды яшчэ калі глядзець яго пад прымусам — гэта адштурхоўвае. А больш якасныя працы збольшага не трапляюць на экраны кінатэатраў.

Больш-менш добрую анімацыю, цікавыя, казачныя мультфільмы, якія рабілі ў Беларусі да 2020 года, паказвалі па тэлебачанні. Але цяпер гэтага няма, затое паўсюдна прасоўваецца ідэалогія, якой раней у мультыплікацыі амаль што не было.

Магу прывесці прыклад: фактычна, да 2020-га ў беларускай анімацыі толькі тры мультфільмы былі прысвечаныя вайне, а сёння здымаюць нон-стоп пра дзяржаўны флаг, герб, вайсковыя помнікі.

Цалкам зразумела, навошта гэта робіцца: яны ўпэўненыя, што дзеці паглядзяць і будуць з павагай ставіцца да Другой сусветнай вайны. Але ж сённяшнія дзеці з таго пакалення, якое ўжо не разумее, навошта гэтыя рытуалы, сувязь губляецца — і праз тыя працы, што прадстаўляе «Беларусьфільм», яе не адновіш. Хутчэй, усё гэта больш раздражняе і адштурхоўвае ад сябе.

— Падаецца, у апошні гады чыноўнікі метадычна забіваюць усё тое, чым яшчэ мог ганарыцца «Беларусьфільм» — але гэта меркаванне гледача, не эксперта. На ваш погляд, ці было пасля 2020 года ў Беларусі кіно, за якое не сорамна, альбо курс на фільмы для аднаго гледача, па сутнасці, дэградацыю працягваецца?

— Акурат пішу зараз тэкст пра кіно пасля 2020 года, і магу сказаць, што вартыя фільмы былі — перадусім тыя, што пачыналі здымацца ў 2017-2019 гадах, а здадзеныя былі праз некалькі год. Некаторыя з розных прычын не трапілі на экран, але сярод іх ёсць вельмі якасныя работы, аўтарскае, ігравое кіно, цікавае анімацыя ў розных тэхніках.

Сёння ж тое, што адбываецца — вядома, татальная ідэалагізацыя. Гэта бачна не толькі па стужках, якія выходзяць на кінастудыі, але і па тых кадрах, хто прыходзіць кіраваць кіно. Глядзіце: у Мінкультуры кінематаграфію ўзначальвае Ірына Дрыга, якая ў 2010-х займалася цэнзурай розных напрамкаў; на студыю прыйшоў Юрый Аляксей — гэта гарадзенскі ідэолаг, які потым працаваў у кінавідэапракаце; ягоны намеснік, Павел Скалабан (у свой час забараняў канцэрты за «нізкі мастакі ўзровень» — Ф) — таксама былы галоўны ідэолаг Мінска.

Дзяржаўны Беларускі саюз кінематаграфістаў узначаліў кіраўнік прыватнай кампаніі «Белраскіно» Яўген Арэндарэвіч, які таксама здымае нізкаякаснае прапагандысцкае кіно для расійскіх тэлеканалаў.

Відавочна, каго паставілі ствараць ідэалагічны кантэнт. І гэтыя людзі будуць яго ствараць максімальна, каб задаволіць у першую чаргу Адміністрацыю Лукашэнкі — каб паказаць, што ўсё ў парадку, усё пад кантролем, мы тут ствараем мастацкі падмурак для бяспекі дзяржавы.

Аднак пакуль нічога цікавага гэтая новая каманда кіраўнікоў не стварыла: яны або забараняюць выходзіць добрым фільмам, або даюць зялёнае  святло ідэалагізаванаму і няякаснаму прадукту, які людзі ў сваім розуме ніколі не будуць самастойна глядзець.

Таму гэта шлях у нікуды, татальная дэградацыя мастацкая і прафесійная. Нават ідэалагічны кантэнт няма каму ствараць: ніхто не дасылае ў міністэрства сцэнары на замоўленыя тэмы, шмат каго са спецыялістаў вывелі за штат кінастудыі яшчэ да 2020 года, і потым рэпрэсіі працягнуліся.

Маладыя творцы, у тым ліку акцёры, павінны ведаць: калі яны прыйдуць цяпер працаваць на студыю, ім наўрад ці хтосьці дасць зрабіць тое, што яны хочуць.

Ніякага кампрамісу: альбо ты здымаеш тое, што кажуць, альбо проста не працуеш. А ў такіх умовах сапраўднае мастацтва, шчырае, якое будзе цікавіць і хваляваць людзей, не паўстае.

Гэта вытворчы і мастацкі тупік. І што б там ні планавалі і ні абяцалі чыноўнікі, ім застаецца толькі рабіць выгляд, што ўсё добра і што нікому нецікавае кіно глядзіць уся краіна. Насамрэч, канешне, зусім не так.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(16)