Сямён Печанко

Як беларускія ўлады «не заўважылі» важны сігнал з Польшчы

Анджэй Пісальнік – пра выгнанне актывістак Саюза палякаў і рэакцыю Польшчы.

Напрыканцы траўня актывістак непрызнанага ўладамі Саюза палякаў у Беларусі Ірэну Бярнацкую, Марыну Цішкоўскую і Ганну Панішаву вывезлі з турмы на мяжу з Польшчай. Жанчын без дакументаў фактычна выгналі з краіны.

Пра тое, як гэта адбывалася, падрабязна расказала Ірэна Бярнацкая.

Тым часам, жонка журналіста Андэя Пачобута Аксана Пачобут паведаміла, што следчы забараніў яе мужу сустрэчу з сям’ёй.

Гродзенскі журналіст, актывіст Саюза палякаў Анджэй Пісальнік, расказаў «Салідарнасці» пра сустрэчу з высланымі актывісткамі, пра рэакцыю на гэтую падзею ў Польшчы, а таксама пра іншыя падзеі ў суседняй краіне, звязаныя з Беларуссю і беларусамі.

Нагадаем, што наш суразмоўца ў красавіку разам з сям’ёй вымушана з’ехаў з Беларусі ў Польшчу.

— Мы прыехалі ў Сопат, уладкоўваемся тут на запрашэнне прэзідэнта горада. Наш сын ужо пайшоў у мясцовую школу. Відавочна, што тут мы будзем уладкоўвацца на больш сталы час, — падзяліўся Анджэй Пісальнік уласнымі навінамі.

Журналіст расказаў пра сустрэчу з высланымі з Беларусі жанчынамі, якая адбылася праз тыдзень пасля іх з’яўлення ў Польшчы. Па яго словах, улічваючы тое, што ім давялося перажыць, трымаліся яны добра.

— Агулам можна сказаць, што выглядаюць яны добра. Пра гэта можна меркаваць і па здымках іх прыёма ў прэзідэнта Польшчы. Хоць відавочна спатрэбіцца яшчэ час, каб канчаткова прыйсці ў сябе. Скардзіліся, што першыя ночы не маглі спаць. Шмат розных думак, перажыванняў.

Ірэна Бярнацкая, Анджэй Дуда, Марыя Цішкоўская, Ганна Панішава. Тут і далей фота: Marek Borawski, prezydent.pl

Навіна пра высылку Бярнацкай, Цішкоўскай і Панішавай стала на нейкі час сенсацыяй у польскіх медыя, кажа Пісальнік.

— Усе мы маліліся за тое, каб нашы сябры аказаліся на свабодзе. На жаль, не ўдалося вызваліць Анжаліку Борыс і Анджэя Пачобута. Але гэта вынікае з таго, што яны самі не пагадзіліся выязджаць з краіны. Такую версію агучвалі афіцыныя ўлады. Мы таксама маем такую інфармацыю, што яны не пагадзіліся на кампраміс: іх выкінуць з краіны і яны такім чынам трапяць на свабоду.

Анджэй Пісальнік перакананы, што ягоныя калегі праявяць цвёрдасць і ў выпадку, калі ім, як і астатнім палітзняволеным, прапануюць напісаць прашэнне на імя Лукашэнкі.

— Але як мы ведаем з папярэдніх гісторый з вызваленнем палітвязняў, не заўсёды такая папера ўладам была патрэбная, калі яны лічылі, што гэтае вызваленне патрэбнае ім самім. Зразумела, што вялікіх спадзеваў на гэтую амністыю мы не маем, але ціхую надзею на вызваленне Пачобута і Борыс не губляем.

Анджэй Пісальнік расказаў, што навіны ад Борыс і Пачобута ён даведваецца ад іх родных.

— Мы даведаліся, што Анджэя паставілі на ўлік, як схільнага да дэструктыўных дзеянняў. Гэта нас моцна занепакоіла.

На думку журналіста, улады моцна прайграюць, трымаючы ў турме прадстаўнікоў нацыянальнай меншасці.

— Калі гэта праўда, канечне, што за нашых сяброў прасіў былы прэзідэнт Казахстану, то гэта толькі пацвярджае той факт, што іміджава ўлада не атрымала ніякіх бонусаў, а толькі згубіла.

Анджэй Пісальнік быў у складзе дэлегацыі, якая суправаджала прзідэнта Польшчы ў часе наведвання Падляшша:

— Я быў сведкам, як ён ускладаў вянок да помніка ахвярам капітана Райса, як маліўся аб іх. У той самы вечар Дуда сустракаўся з вялікай групай прадстаўнікоў беларускай дыяспары.

Пісальнік лічыць гэтую паездку Анджэя Дуды гістарычнай.

— Гэта вельмі важная падзея не толькі датычна беларускай меншасці на Падляшшы, але і ў кантэксце польска-беларускіх статункаў. Гэта надзвычай важны жэст, які заклікае спыніць спрэчкі паміж беларусамі і палякамі. Таму я трошкі здзіўлены, што беларускія дзяржаўныя медыя «не заўважылі» гэтую падзею. Лічу, што чыноўнікі мусілі ацаніць гэтую ініціыятыву польскага прэзідэнта.

У беларускім ліцэі ў Бельску Падляскім

Па словах журналіста, Анджэй Дуда — першы польскі прэзідэнт пасля сыходу камуністаў, які наведаў Заляшаны, беларускую вёску на Падляшшы, чые жыхары ў 1946-м сталі ахвярамі атрада Рамуальда «Бурага» Райса.

— Першы прэзідэнт, які прызнаў, што гэта былі нявінныя ахвяры. Што гэта чыстае зло, якому няма апраўдання. Ён казаў гэта да беларусаў Падляшша. І імі гэтыя словы, гэты жэст быў успрыняты вельмі пазітыўна. Больш за тое, у адказ яны расказалі пра пераслед польскай меншасці ў Беларусі і, як прадстаўнікі беларускай меншасці ў Польшчы, выказалі ёй сваю падтрымку.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:58)