Политика
Анастасія Зелянкова

Як адрэдагуюць Мілінкевіча і Казуліна?

22 лютага на Беларускім тэлебачанні павінна адбыцца трансляцыя выступаў кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна. Выступы абодвух кандыдатаў прагучаць у запісу ў 18.00 і 18.30 адпаведна.

У перадвыбарчым штабе лідэра Аб’яднанай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна не выключаюць таго, што запіс можа ўвогуле не з’явіцца ў эфіры.

— У нас ёсць сумненні наконт таго, што выступ спадара Казуліна пакажуць па тэлебачанні, настолькі вострыя тэмы, якія тычацца сітуацыі ў нашай краіне, ён узнімаў, — кажа прэс-сакратар штаба Ніна Шыдлоўская. — Сам тэкст выступу досыць сур’ёзны. Калі спадар Казулін казаў, што яго прамова будзе ў стылі Жванецкага, ён меў на ўвазе зусім не сатырычны яе аспект. Жванецкі ж ужо даўно выступае не як сатырык, а як палітык, і гаворыць пра злабадзённыя праблемы.

Паволе слоў Ніны Шыдлоўскай, падчас свайго выступу ў эфіры Аляксандр Казулін таксама зачытае некаторыя прынцыпова важныя кавалкі з таго тэксту, які прамаўляў 17 лютага падчас уручэння пасведчанняў кандыдатаў у прэзідэнты.

— Тады на тэлебачанні выразалі галоўнае з таго, што ён казаў. Пакінулі толькі тыя кавалкі, у якіх спадар Казулін падаецца ў непрыглядным святле. Каб засцерагчыся ад падобнага на гэты раз, мы меркавалі падчас запісу ў тэлецэнтры зрабіць уласны відэазапіс. Але нам не дазволілі. Тым не менш дыктафонны запіс вёўся.

Дыктафонны запіс выступу свайго кандыдата вяла і каманда Аляксандра Мілінкевіча. Спадар Мілінкевіч абраў для свайго выступу форму адказаў на пытанні, якія задавалі яму выбаршчыкі падчас сустрэч у розных рэгіёнах.

Вядома таксама, што ў тэлестудыю кандыдат прыхапіў з сабой свае бутэльку з вадой і стакан.

— Мы добра памятаем, што адбылося з Сямёнам Домашам, калі на наступны дзень пасля выступу на тэлебачанні ён трапіў у бальніцу з інфарктам. Тады ён неабачліва паспытаў тую ваду, што стаяла ў нейкім мутным стакане на стале, — кажа прэс-сакратар кандыдата Павел Мажэйка.

Паводле ягоных слоў, тэлевізійшчыкі паставіліся да іх каманды досыць спакойна і паабяцалі, што запіс будзе трансліравацца без мантажу.

— Нас толькі папярэдзілі, што магчымасці перазапісаць выступ мы не маем — запіс вядзецца адзін раз. Аднак запэўнілі, што ўсе сказанае кандыдатам мантажаваць не будуць. Што ж, сёння пабачым. Адзінае, у чам нам адмовілі, гэта дадаць больш святла ў студыі. Патлумачылі тым, што апаратура ўжо выстаўленая ў спецыяльным рэжыме.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)