«Я не ведаю, што адчувае кожная з гэтых жанчын, але вельмі хачу, каб яны ведалі, што яны не адныя, што пра іх памятаюць і іх падтрымліваюць»

Ціханоўская заклікала падтрымаць дабрачынны збор для жанчын-палітзняволеных.

З нагоды Міжнароднага жаночага дня Фонд салідарнасці BYSOL сумесна з Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой запусціў дабрачынны збор сродкаў для беларускіх жанчын-палітвязняў. Сабраныя грошы будуць перададзеныя іх сем'ям.

З гэтай нагоды лідар дэмсілаў Святлана Ціханоўская адзначыла: «Сёння не менш за 180 беларусак знаходзяцца за кратамі за свае палітычныя погляды і змаганне за справядлівасць. Сярод іх ёсць і шматдзетныя маці, і пенсіянеркі, і жанчыны з сур’ёзнымі захворваннямі. Іх змяшчаюць у ШІЗА, ім прысуджаюць дадатковыя гады зняволення, катуюць – фізічна і псіхалагічна.

Я не ведаю, што адчувае кожная з гэтых жанчын, але вельмі хачу, каб яны ведалі, што яны не адныя, што пра іх памятаюць і іх падтрымліваюць.

На жаль, спосабаў дапамагчы нашым палітзняволеным зараз няшмат. Але паўдзельнічаць у зборы – якраз адзін з іх.

Таму, дарагія, я прашу вас падтрымаць збор, калі для вас гэта бяспечна. Давайце зробім так, каб беларускі ў зняволенні адчулі нашую падтрымку і клопат».

Арганізатары збору адзначаюць, што 8 сакавіка – гэта дзень зусім не пра кветкі ці пра «ўпрыгожванне калектыву»: «Гэты дзень прысвечаны вялізнаму ўнёску жанчын у сацыяльную, палітычную і эканамічную сферы жыцця».

Па дадзеных на поўдзень 1 сакавіка, неабыякавыя сабралі больш за 5 тысяч еўра.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(13)