Коктейль
Іна Арэхава, «Звязда»

Халасцяцкая бярлога, альбо Як вызначыць характар мужчыны па яго кватэры

Не трэба быць вельмі вопытнай і дасціпнай каханкай, каб разумець, што адзенне і аксесуары, якія вы бачыце на сваім новым знаёмым падчас першых рамантычных сустрэч, — гэта толькі камуфляж, прызваны «падтрымаць» створаную іх гаспадаром легенду аб яго бездакорнасці.

Бясспрэчна, пэўны матэрыял для роздуму ўважлівай жанчыне могуць падкінуць і яны, але куды больш інфарматыўным стане візіт у госці да кавалера. Дэталі інтэр'еру і абстаноўка, якая пануе ў халасцяцкай "бярлозе" дапаможа высветліць, з кім звёў вас лёс на гэты раз.

"Гурмэ"

Выдатны густ — гэта ахілесава пята азначанага тыпу мужчын. Такі мужчына не шкадуе ні часу, ні сродкаў на стыльнае дапаўненне да свайго іміджу — ад новага світара ці шыкоўнай кававаркі да сэксуальнай партнёркі. У яго заўсёды так: калі ўжо карціны — то толькі сапраўдныя палотны вядомых майстроў, калі бар — то запоўнены выключна Hеnnеssу, калі кухня — то ад Старка, ці Hаbіtаt. У кватэры "мужчыны-Гурмэ" пануе спакой, зручнасць і снабізм.

Здавалася б, цікавасць з боку такой вытанчанай асобы павінна імпанаваць жанчыне, паколькі эстэцкія замашкі "Гурмэ" задзейнічаны і пры адборы (інакш не скажаш) дамы сэрца. Аднак тут ёсць нюанс. "Гурмэ" можа не ацаніць падораны вамі цудоўны бранзалет, набыты на распродажы, ці чароўны кававы сервіз у гарошак, які вы палічылі неабходным уручыць з нагоды месяца знаёмства. Лепш не рызыкаваць і побач з такім мужчынам не праяўляць уласных поглядаў на эстэтыку. У вашага "Гурмэ" густу хопіць на абодвух.

"Гаспадар"

На самай справе гэта дамастроевец у яго першасным, не разбаўленым цывілізацыяй выглядзе. Будзьце гатовыя да таго, што ўсе вашы "выхаваўчыя меры" ніяк не паўплываюць на яго паталагічны клопат пра чысціню і парадак. Яго дом — яго крэпасць, з надзейнай мэбляй, калекцыяй статуэтак і арсеналам бытавой тэхнікі. Не здзіўляйцеся, калі дзверы вам адчыніць мілая (ці не вельмі) бабулька — многія "гаспадары" да сівых валасоў працягваюць жыць пад адным дахам з мамай. Аднак само па сабе гэта яшчэ не падстава чапляць на "Гаспадара" ярлык "матулін сынок".

У нейкім сэнсе "Гаспадар" — выйгрышны білет для лянівых жанчын, але і тут ёсць свае падводныя камяні. Ён наіўна мяркуе, што вы, як "любая нармальная жанчына", абавязаны быць хадзячай энцыклапедыяй хатняй гаспадаркі, інакш кажучы, сумессю з 55 спосабаў цыраванне шкарпэтак, кнігі "Як харчаваліся нашы дзяды" і інструкцыі па вытворчасці клейстара. Як бы вы ні апраўдваліся цяжкім дзяцінствам з трыма старэйшымі братамі, якія аказалі на вас адмоўны уплыў, за няведанне розніцы паміж тэрмінамі "пасероўка" і "бланманжэ" даравання не чакайце. "Гаспадар" паставіць на вас кляймо "Некандыцыя" і ніколі не заменіць яго на "Крохкае! Не кантаваць!"

"Свой хлопец"

Жыць лёгка — яго дэвіз, які напрамую адбіваецца на яго жытле. Дома наш персанаж праводзіць, мякка кажучы, няшмат часу, таму калі і "ўпакоўвае" нечым кватэру, то, як правіла, рэчамі зручнымі і шматфункцыянальнымі. Трэнажор, мікрахвалёўка, мэбля-трансформер і абавязкова розныя відэа- і аўдыёнавароты. Гэта тыповы "джэнтльменскі набор" "Свайго хлопца". Між іншым, здароў'е і дагледжаны знешні выгляд — для яго такі ж неабходны кампанент, як, скажам, экашузы з апошняй калекцыі Dіеsеl, таму — ніякіх попельніц ці дываноў-пылазборнікаў.У халадзільніку: садавіна і сокі, морапрадукты і мінералка — без газу. Для кагосьці — ідэал, а для кагосьці — нудота.

"Мастак"

Футурыстычныя і не вельмі рэпрадукцыі на сценах, стыльная мэбля, навагодняя елка замест лямпы, кухня там, дзе павінна быць спальня і наадварот... Дом, ці, больш правільна сказаць, сховішча гэтага персанажа з больш-менш тонкай душэўнай арганізацыяй, нагадвае вечнае свята, творчы беспарадак і бедлам у адным флаконе. На самай справе гэта бардак, дзе ўсю свабодную прастору займаюць геніяльныя плады працы ў рознай ступені гатоўнасці, у халадзільніку — пуста, шафа ў ваннай напоўнена цюбікамі з-пад фарбаў і (вельмі верагодна) прыручанымі насякомымі. Затое першае, што вы атрымаеце, калі прачняцеся, будзе не банальная кава з круасанамі, а рэшткі "Удавы Кліко" і міні-лекцыя пра блакітны перыяд у творчасці Пікасо. Праўда, вельмі рамантычна?

"Дон Жуан на адпачынку"

Бясспрэчна, гэты тып дакладна ведае, чаго хоча жанчына. Вам не прыйдзецца дэфіліраваць раніцай у сарочцы на тры памеры большай за патрэбны, паколькі ў шафе такога мужчыны абавязкова знойдзецца некалькі сэксуальных хатніх камплекцікаў вашага памеру. Міла, ці не праўда?

Можаце забыцца на сціплы сняданак з бутэрброда і падазронага выгляду яечні. Калі ласка, свежыя фрукты і шыкоўнае віно. Пры гэтым ніхто не будзе тыраніць вас мыццём посуду ці падаўляць інтэлектам. З такой штаб-кватэры мага-чараўніка ў цвярозым розуме самастойна сысці не захочацца. Адзінае, што можа збянтэжыць, — гэта салідная армія такіх жа, як вы, зачараваных жанчын... Вельмі верагодна, што вас клапатліва праводзяць да таксі... Каб зачараваць яшчэ кагосьці.

"Маньяк"

Гаворка ідзе не пра неадэкватнага дзядзьку ў падваротні, а пра чалавека, апантанага нейкай маніяй — скажам, музыкай ці інтэрнэтам. Самы распаўсюджаны тып — тэхнаманьяк. Зразумела, што галоўны прадмет яго хатняй абстаноўкі — сам аб'ект маніі гаспадара. Напрыклад, наварочаны ноўтбук у вясёлай кампаніі пустых піўных банак, разражанага мабільніка, крошак чыпсаў, якія ўсе разам красамоўна сведчаць аб цяжкіх баях, якія вашаму маньяку давялося весці ўсю ноч супраць іншапланетных захопнікаў, ці аб інфармацыйна насычаным шматгадзінным кантактаванні ў чатах. Маньякаў аб'ядноўвае поўнае запусценне і недагледжанасць тых вуглоў жытла, куды гаспадар заглядвае толькі па крайняй неабходнасці, — ваннай і кухні. Таму падчас візіту трымайцеся бліжэй да людзей, а калі заблукаеце, крычыце нешта кшталту "Вірус атакуе!", ці "Вой, у цябе драпіна на дыску!". І яшчэ, будзе гатовыя замест вячэры пры свечках атрымаць піццу ў святле манітора.

"Аскет"

Аскет можа быць звычайным кар'ерыстам, заўзятым гульцом ці банальным жмотам, але ўсе гэтыя іпастасі аб'ядноўвае поўная пагарда да свайго іміджу і, як следства, — да дызайнерскіх вытанчанасцяў у інтэр'еры. Аскет не з тых, хто клапатліва ўпрыгожвае свае сцены трафеямі ў выглядзе рагоў жанатых сяброў ці світкаў-папірусаў з тэлефонамі знаёмых дам. Было б што паесці, што пачытаць, — мінімалізм вышэй за ўсё. Аднак усё гэта зусім не адмяняе наяўнасці стылю і добрага густу Аскета, ды і мінімумам ён абыходзіцца толькі ў перыяд адзіноты.

Калі плануюцца госці, а тым больш госця, то кватэра будзе ламіцца ад далікатэсаў, калекцыі дыскаў рамантычнай скіраванасці і іншых спадарожных вяселлю дэталяў (усё пералічанае не адносіцца да Аскета-жмота). Жыццё прымушае Аскета ўмець хутка і смачна гатаваць, трымаць у парадку жытло. У яго кватэры чыста і акуратна. І ёсць дастаткова месца, дзе можна расставіць ваш касметычны арсенал, не выходзячы на сцяжыну вайны за падзел тэрыторыі. Зручна, ці не так?

Мы вылучылі сем асноўных тыпаў мужчын, але ў прыродзе часта сустракаюцца змяшаныя экзэмпляры, напрыклад, "Маньяк-Мастак" ці "Дон Жуан-Гаспадар"... Не расслабляйцеся, жанчыны. І плённага вам палявання.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)