Хадановіч: «У Купалы проста не было шанцаў не зрабіцца нацыянальным беларускім паэтам»

Напярэдадні 140-годдзя Янкі Купалы, Бога беларускай паэзіі.

– Часам дзень нараджэння паэта – гэта істотны знак. Адам Міцкевіч нарадзіўся на Каляды, Якуб Колас прыйшоў у свет на Дзяды, Янка Купала з’явіўся на Купалле, – распавядае паэт Андрэй Хадановіч у новым відэа, прысвечаным Янку Купале.

Калі мы гаворым пра Купалле, нам уяўляюцца купальскія абрады, вяночкі, свечкі. Дзяўчаты плятуць вяночкі і пускаюць іх па вадзе. Хтось мацнейшы падпальвае шыны ды пускае з гары купальскае кола…

Ёсць версія, што Купалле не мае нічога агульнага з купаннем. Варта зазірнуць у этымалагічныя слоўнікі, якія ўзводзяць гэтае слова да слова купа, да магілы, да кургана, да чагосьці насыпанага, што хавае глыбокую таямніцу, – кажа Хадановіч.

Уся цудоўнасць Купалля звязаная з таямнічай папараць-кветкай, якая цвіце толькі раз на год, якая адкрываецца не кожнаму і знайсці яе – значыць знайсці шчасце ў гэтым недасканалым, часам далёкім ад шчасця свеце.

Купалле і папараць-кветка таксама звязаныя з падземным светам, які таіць незлічоныя скарбы і толькі рэдкія людзі здольныя да гэтых скарбаў дакрануцца.

Усё гэтае, увесь гэты таямнічы арсенал, пошукі кветкі шчасця, падземныя скарбы, курганы, якія вартуюць схаваныя ад нас саміх таямніцы – усё гэта зрабіў сваёй зброяй Янка Купала.

Хадановіч распавядае, што з усяго гэтага Іван Дамінікавіч сплёў матывы сваіх найлепшых вершаў і паэм, свайго творчага ўзлёту 1910-х, калі праз творцу сыходзіла як бы геніяльная стыхія і ўвасаблялася ў геніяльныя вершы і лірычныя паэмы.

Найцікавейшыя купалаўскія матывы звязаныя якраз з гэтым, – сцвярджае Хадановіч, – з вяртаннем страчанага, з адкрываннем каштоўнасці таго, што, нібыта, ляжыць побач, але мы яшчэ не кінулі туды позірк, яшчэ не працягнулі сваю руку, яшчэ не абудзіліся так напраўду да сапраўднага шчаслівага жыцця.

Пасярэднікам у гэтым здабыванні шчасця для цэлага народа Янка Купала абвесціў сябе і сваю творчасць. Пагадзіцеся, пры такіх раскладах у яго проста не было шанцаў не зрабіцца нацыянальным беларускім паэтам, або, як потым ён атрымаў тытул, народным паэтам Беларусі.

Таксама Хадановіч заўважае, што мы жывем на абшарах і належым да народа, які знаходзіцца ў падкрэслена неспрыяльных умовах:

– Магутныя суседзі з прагаю імперскай экспансіі. Пераасэнсаванне гістарычных слоў і назваў. Слова Літва ўплывае кудысьці ўбок і ўжо не належыць сучасным беларусам.

За пару дзесяцігоддзяў да Купалы слова «Беларусь» выгукае Францішак Багушэвіч у сваёй «Дудцы Беларускай», але таксама адмаўляючыся ў мэтах паэтычнай прапаганды ад сваёй польскай іпастасі дзеля беларускай. Беручы запанібрацкі з чытачом псеўданім Мацей Бурачок, як бы спрабуе на роўных, апускаючышся крышачку ніжэй да свайго чытача.

Купала выбірае іншую стратэгію, – лічыць Хадановіч, – дадае магіі, падымае чытача ў нябёсы, адначасова пагружаючы ў нетры беларушчыны, у глыбокую гісторыю, адкрываючы нетры зіхоткім скарбам, якія выходзяць на паверхню, толькі працягні руку.

Слова курган – адно з найулюбёнейшых у творчасці Купалы, яго росквіту ў 1910-х. Вось ён хрыстаматыйна знаны, потым пакладзены Уладзімірам Мулявіным на музыку, уступ да паэмы «Курган»:

Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,

Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі,—

Ўдзірванелы курган векавечны.

 

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,

Сухазелле у грудзі ўпілося;

Вецер стогне над ім уздыханнем глухім,—

Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

– Купала, з аднаго боку, рамантык, з ягоным двухсвеццем, падымаючы сваіх сучаснікаў, з зямной рэальнасці ў нейкую вышэйшую, – працягвае свой аповед Андрэй Хадановіч.

З другога боку, безумоўна, Купала сімваліст і ягоныя вобразы вядуць нас у інтуітыўнае, у безназоўнае, ён недафармулёўвае да канца, нашыя сэрцы сваім хутчэйшым біццём павінны паскорыць гэтае разуменне таго, чаго нельга сфармуляваць па-за вершам. А Купала знаходзіць спосабы, знаходзіць гэтыя фармулёўкі.

1918-ы год. У Беларусі, як і ў Расіі адбылося тое, што адбылося. Купала некалькі гадоў маўчыць, а потым зноў спрабуе вярнуць сабе голас. Але вяртае яго на тых жа матывах, падагульневаючы за што мы ведаем і любім яго яшчэ з 1910-ых:

Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына;

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай.

 

Аб ёй мне баюць казкі-сны

Вясеннія праталіны,

І лесу шэлест верасны,

І ў полі дуб апалены.

 

Аб ёй мне будзіць успамін

На ліпе бусел клёкатам

І той стары амшалы тын,

Што лёг ля вёсак покатам;

 

І тое нуднае ягнят

Бляянне-зоў на пасьбішчы,

І крык вароніных грамад

На могілкавым кладзьбішчы.

– Звярніце ўвагу, — кажа Хадановіч, — зноў спалучэнне неба і зямлі. І Беларусь, якая павінна абудзіцца дзесьці пасярэдзіне.

Не ўяўляю сябе і не дай бог уявіць любога сучасніка на месцы гэтага пакалення, знішчанага сістэмай, зламанага, пакінутага, – кажа напрыканцы відэа-лекцыі Андрэй Хадановіч. – Пакінутага дзеля ардэнаноснасці, дзеля ідэалагічных і рытуальных функцый. Але ад творчасці Купалы 1930-х хочацца схавацца.

Адзін са спосабаў надзейнага хавання – найлепшы Купала 1910-х з рамантычным росквітам, з купальскаю чарадзейнаю атрыбутыкаю, са спробаю цаною ўласнага імені, уласнага лёсу, пастаноўкі сваёй паэтычнай фігуры ў самы цэнтр гэтай магічнай сістэмы, адчараваць гэтую Богам выклятаю зямлю, разварушыць гэты народ, зрабіўшы яго сваімі чытачамі, хаўруснікамі і паплечнікамі, – падагульняе Хадановіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)