Хадановіч: «Нічога з таго, што адбылося з намі ў 2020-м, не было марным. Гэта як паход з запушчаным зубам да стаматолага»

Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч — пра паралелі часу і высновы, да якіх яны прыводзяць.

— Падзеі, якія адбыліся з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, былі ўнікальнымі, таму што ў нас дагэтуль дыбам устаюць валасы, калі мы ўсведамляем маштаб стратаў, памер зверстваў і цынізму, — кажа Андрэй Хадановіч на Свабодзе. — Але разам з тым мы таксама разумеем, што злачынствы супраць беларускай эліты былі толькі фрагментам злачынстваў супраць розных нацыянальных эліт.

Андрэй Хадановіч

Не быў лёс, скажам, грузінскіх паэтаў і інтэлектуалаў больш шчаслівым, чым беларускі.

Праз некалькі дзён пасля нашай жахлівай ночы з 29 на 30 кастрычніка, у першых днях лістападу такія ж масавыя забойствы з папраўкай на маштабы, большыя, чым мы, адбыліся ва Украіне.

Тое, што ёсць персанальная трагедыя для нас — такі ж самы моцны боль для нашых суседзяў. Мы ў суседніх колах пекла.

Як і шмат хто, паэт бачыць паралелі паміж цяперашнімі рэпрэсіямі супраць беларускай культуры і падзеямі 1937 года.

— Зразумела, што гэтыя паралелі ёсць. Акрамя масавых серыйных расстрэлаў, усе іншыя спосабы рэпрэсій, што практыкаваліся ў сталінскія часы, ужо прымяняюцца год за годам супраць нас.

Нашу культуру як бы атакуюць на вынішчэнне, Беларусь зачышчаюць ад усякіх парасткаў свабоды, нязгоды ўвогуле самастойнага мыслення.

У нас спрабуюць знішчыць народжанае ў 2020 годзе беларускае грамадства. Але мне часам здаецца, што ваююць не проста з незалежнымі свабоднымі людзьмі, а ваююць яшчэ і таму, што мы беларусы.

І фактар беларускай мовы робіць нас толькі больш чырвонай анучай, больш выразнай мішэнню для карных органаў. Так што ўсё гэта нашыя продкі праходзілі ў 37 годзе.

Але сёння мы павінны разумець небяспеку каланізацыі, каб нас больш ніколі не падманвалі ўсёй гэтай славянафільскай рыторыкай пра братэрства, за якой стаіць цынічная імперская стратэгія каланізацыі.

Напрыклад, пакаленне знішчаных у 1937 годзе верыла, што Беларусь можа быць савецкай, зыходзячы з рэаліяў нэпаўскай адлігі ў 1920-х.

Ілюзія, за якую ўсе яны, нягледзячы на погляды — больш левыя, больш правыя, беларускамоўная, рускамоўныя, ідзішамоўныя — заплацілі сваім жыццём альбо доўгімі гадамі высылкі.

У нас гэтых ілюзій быць не можа. Адбываецца як бы гібрыдная вайна і ўжо, безумоўна, культурная вайна на паражэнне, і супрацьстаяць гэтаму мы таксама можам толькі з усіх сілаў і з усёй свядомасцю нашай, — адзначае Хадановіч.

Ён таксама параўноўвае падзеі ў Беларусі 2020 года з тым, што адбывалася ў 1980-я гады ў Польшчы.

— Сёння ў мяне адчуванне, што мы апынуліся ў сітуацыі той першай паразы «Салідарнасці», якая не дала хуткага плёну. Але разам з тым тая параза, здушаная на першых парах, не дазволіла ўвесь гэты фарш адкруціць.

Гэта значыць, паўставала грамадства і рэвалюцыі адбываліся ў кожнай галаве свядомага паляка паасобку, і ўсё грамадства даспявала да зменаў. Мне здаецца, што гэтая паралель працуе і сёння ў нас.

Таму, скажам, польскія калегі, асабліва старэйшыя, з якімі мы сутыкаемся, абсалютна разумеюць і не дакараюць нас, як іншыя суседзі, нашаю паразай.

Не ставяць нам у віну кветачкі супраць зброі, бо яны цудоўна ведаюць, што гэта такое: не ўцякаючы, не баючыся альбо баючыся і перамагаючы гэтую боязь, з кветачкамі і бяззбройным выйсці супраць зброі.

Мне здаецца, польскі досвед павольнага шляху да перамогі, калі мы будзем часцей яго прыгадваць, не дасць магчымасці абясцэніць урокаў досведу нашага 2020-га.

Мы змяніліся, безумоўна, мы змяніліся ў лепшы бок. Нічога з таго, што адбылося з намі, не было марным. Гэта як паход з запушчаным зубам, скажам, да стаматолага. Безумоўна, рваць па жывому вельмі і вельмі балюча. Але без гэтага досведу было б яшчэ горай, — прыводзіць трапную алегорыю паэт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(23)