Политика
Анастасія Зелянкова

«Выніку перашкаджаюць асабістыя і ўнутрыпартыйныя інтарэсы»

Нягледзячы на абяцанні, апазіцыя так і не здолела назваць «адзінага» кандыдата да канца чэрвеня. На якім этапе зараз знаходзіцца працэс перамоў, хто далучыўся, а хто выйшаў з гонкі за прэзідэнцкае крэсла, у інтэрв’ю «Салідарнасці» расказаў старшыня Рады інтэлігенцыі Уладзімір Колас.

— Як ідзе працэс перамоў?

— З баямі, але рух усё ж такі ёсць. Толькі ці прывядзе ён у нейкую кропку?

На сёння мы ўжо маем некалькі варыянтаў працэдуры вызначэння “адзінага”. Прынятае рашэнне правесці рэйтынгавае апытанне сярод удзельнікаў “круглага стала” і сяброў Рады інтэлігенцыі, каб вызначыць найбольш прыярытэтную працэдуру. Тая, якая большасцю будзе прызнана самай эфектыўнай, будзе прынятая да выканання.

Наколькі ўсё гэта акажацца прадуктыўным, будзе залежаць ад шчырасці тых, хто ўдзельнічае ў гэтым “круглым стале”, ад таго, наколькі яны сапраўды жадаюць працаваць на вынік, а не толькі на сябе.

— Але ж Рада інтэлігенцыі патрабавала назваць “адзінага” яшчэ да канца чэрвеня?

— Так, усе магчымыя тэрміны, якія прапаноўваліся, выйшлі. Але надзея памірае апошняй.

Па вельмі настойлівых просьбах удзельнікаў “круглага стала” мы ўсё ж такі працягнулі гэты тэрмін. Вырашылі не спыняць перамовы, бо гэта пакуль адзіная пляцоўка, на якой прэтэндэнты могуць сустракацца.

Выказваліся нават меркаванні, каб працягваць гэтыя “круглыя сталы” нават, калі не прыйдзецца на гэтым этапе прыйсці да пагаднення і на выбары будуць ісці некалькі калон. Але мая пазіцыя такая: калі пойдзе некалькі калон – гэта параза, за якую будуць адказныя тыя, хто не знайшоў у сабе сілы, свядомасці і сумлення аб’яднацца дзеля агульнай праўды.

— А ці абавязаны ўвогуле ўдзельнікі “круглага стала” выконваць патрабаванні Рады?

— Абсалютна не абавязаны. Мы не маем на іх ніякіх рычагоў уплыву, акрамя ўласнага аўтарытэта. Але ж ёсць разуменне, што гэтая справа патрэбна ўсім. Пакуль выніку перашкаджаюць амбіцыі і асабістыя і ўнутрыпартыйныя інтарэсы.

Калі б нашы прэтэндэнты былі ў стане вызначыцца самастойна, калі б не сённяшні крызіс у нашых дэмакратычных сілах, пасярэднік быў бы не патрэбны. Але сітуацыя іншая. Калі яны змогуць абысціся без Рады – на здароўе. Я спецыяльна прыехаў з Варшавы, дзе знаходзіцца ліцэй, адмяніў свой удзел у некалькіх фестывалях, каб прысутнічаць на чарговым пасяджэнні. Я ўвогуле мог бы зараз на атлантычным узбярэжжы Францыі піць чырвонае бардо і паказваць сваё кіно, якое там зараз круціцца, але ўсім нам ёсць чаго рабіць тут.

— Хто-небудзь новы з ліку прэтэндэнтаў далучыўся да вашага абмеркавання?

— Да нас далучыўся спадар Кастусёў з БНФ. Ён займае даволі ўцямную і канструктыўную пазіцыю і зараз разглядае магчымасць подпісу пад абавязацельствамі, якія падпісалі ўсе, апроч Саннікава, Мілінкевіча і Міхалевіча.

— Гэта значыць, што вылучаць адзінага кандыдата ад Беларускага незалежніцкага блоку ўжо не будуць, і вы фактычна аказаліся адзінай пляцоўкай для перамоў?

— У прынцыпе так. У БНБ нешта не заладзілася. Таму іншай перамовачнай пляцоўкі зараз няма.

Спадзяемся, што нарэшце да нас далучацца і спадары Мілінкевіч, Саннікаў і Міхалевіч. Мы кожны раз дасылаем ім запрашэнні. Але не таму, што мы іх так любім, а таму, што гэта трэба для ўсіх. Іх матывы таксама навідавоку. Гэтыя людзі не маюць 100%-най упэўненасці, што менавіта яны будуць абраныя ў выніку працэдуры, таму і не жадаюць браць у гэтым удзел. Але ж яны таксама разумеюць, што калі пойдзе некалькі калон, то гэта будзе параза.

— Ніхто з удзельнікаў “круглага стала” за гэты час не адмовіўся ад сваіх прэзідэнцкіх амбіцый?

— Ужо адмовіўся спадар Баршчэўскі. Казулін казаў пра тое, што гатовы адмовіцца, калі ўсе пагодзяцца на тое, што будзе “адзіны” кандыдат.

— Чакайце, але ж Казулін яшчэ раней казаў у інтэрв’ю “Эха Масквы”, што не будзе вылучаць сваю кандыдатуру. Ён зноў перадумаў?

— Сітуацыя мяняецца, і мы жадалі, каб Казулін усё ж такі ўдзельнічаў. Бо Казулін – гэта вядомы баец, які пацвердзіў сваю вартасць, таму мы б не хацелі яго губляць і для “круглага стала”, і для працэсу, і ўвогуле для Беларусі.

Зразумела, што кожны з прэтэндэнтаў яшчэ не губляе надзею прарвацца паасобку, знайсці рэсурс і абагнаць усіх. Але ясна, што гэты рэсурс, дастатковы, каб правесці сапраўды выніковую кампанію, пакуль нікім з іх не знойдзены. Таму і ідзе вось гэтае расцягванне працэсу і часу. Калі б гэтае вызначэнне адбылося, мы былі б ужо зусім на іншым этапе, у тым ліку і ў пошуку рэсурсаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)