«Вясне» – 25 год: «Нам не ўдасца зачыніць рот, няхай не спадзяюцца»

26 красавіка праваабаронцы «Вясны» правялі прэс-канферэнцыю, прысвечаную дваццаціпяцігоддзю арганізацыі, пад час якой падсумавалі вынікі сваёй дзейнасці і далі ацэнку стану з правамі чалавека за апошні час, піша spring96.org.

Старшыня Правабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі зрабіў кароткі экскурс у гісторыю арганізацыі, зрабіўшы выснову, што аднымі з важнымі вехамі дзейнасці з’яўляліся выбарчыя кампаніі.

«Нам не ўдасца зачыніць рот, няхай не спадзяюцца»

«Год за годам мы можам пералічваць гэтыя 25 гадоў, і ў кожным годзе можна адзначаць нейкія падзеі, якія ўплывалі на нашую дзейнасць, на якія таксама ўплывалі і мы.  Калі б нам напачатку сказалі, што мы будзем далей працягваць сваю дзейнасць, то мы тады не паверылі б, засмяяліся: «Не, так доўга гвалт над правамі чалавека працягвацца не можа».

Калі ўзгадваць найбольш значныя падзеі, то яны найперш звязаныя з выбарчымі кампаніямі. Гэта выбары 2001 года, якія прывялі да ліквідацыі «Вясны» ў 2003 годзе, затым выбары 2006 года, у выніку якіх мы знаходзіліся пад пагрозай крымінальнага артыкула 193-1 КК за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Па гэтым артыкуле былі асуджаныя амаль 20 актывістаў «Маладога фронту», у ліку Алег Корбан, Зміцер Дашкевіч і іншыя.  

Памятнымі былі і выбары 2010 года, якія скончыліся для нас вобшукамі і серыяй арыштаў, у тым ліку і маім. Але «Вясна» працягвала працаваць, працуе яна і зараз».

Бяляцкі адзначыў важную працу грамадскіх прыёмных, якія дзейнічаюць практычна ва ўсіх вялікіх гарадах, праз якія прайшлі тысячы пацярпелых грамадзян, узгадаў іншыя накірункі дзейнасці. Адзначыў даўгатэрміновыя і стратэгічныя кампаніі, якія характрарызуюць дзейнасць арганізацыі: «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

«Лета 2020 года нейкім жахлівым чынам вярнула нас у мінулыя крызісныя часы. За гэтыя 25 гадоў улады не заўважылі, што вырасла новае пакаленне беларусаў, для якіх правы чалавека не пусты гук.

Зараз улада будуецца на гвалце і хлусні. Дастаткова паслухаць навіны апошніх дзён, паслухаць «сур’ёзныя» гісторыі пра 150 джыпаў з кулямётамі, якія мусілі прыехаць з Літвы, каб скінуць прэзідэнта, пра трагічна-камічны выпадак у жодзінскай лазні. Гэта ўсё робіцца дзеля таго,каб падтрымліваць і ўтрымліваць узровень страху ў грамадстве".

Паводле Алеся Бяляцкага, Беларусь знаходзіцца яшчэ не ў ваенным, але ўсё адно ў надта складаным становішчы, а людзі ня маюць элемэнтарных правоў. Аднак яны ўсведамляюць неабходнасьць барацьбы за іх.

«Мы як праваабаронцы, ніколі не пагодзімся з тым што людзі ў нас пазбаўленыя самых элементарных правоў, гарантаваных Канстытуцыяй. Рэпрэсіі, якія абрынуліся на грамадства, закранаюць таксама і праваабаронцаў, – адзначыў Бяляцкі, - Чацвёра нашых сяброў зараз знаходзяцца ў зняволенні. Мы думаем як дабіцца вызвалення Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка Леаніда Судаленкі і Таццяны Ласіца.

Гучаць пагрозы аб расправе з намі з боку афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі. Але гэта нас не спыніць, няхай не спадзяюцца, што ім удасца закрыць нам рот.

Грамадства знаходзіцца зараз у вострай фазе крызісу, калі махровая, фактычна сталінская рэакцыя правіць баль.  Мы ўваходзім у новую чвэрць свайго існавання з велізарнымі выклікамі.

Але грамадства цяпер зусім іншае. Гэта нам дае ўстойлівы аптымізм і упэўненасць, што ўсё тое, што мы рабілі і робім, гэта ўсё не дарэмна».

«Суддзі проста ўдасканальваюць практыкі і стандарты прафесійнага дна»

Сябра Рады «Вясны» Валянцін Стэфановіч выказаў вялікую занепакоенасць зменамі ў многія законы, якія рыхтуюцца і вось-вось будуць прынятыя і падпісаныя прэзідэнтам.

«Сёння ў нас дваістыя адчуванні. З аднаго боку мы радыя, што адзначаем такі значны юбілей, а з іншага – моцна засмучае той фон, на якім гэта адбываецца сёння.

Мы назіраем моцны крызіс з правамі чалавека, які пачаўся нават не ў жніўні, а ў траўні мінулага года, калі рэпрэсіі супалі з пачаткам выбарчай кампаніі. У нас ужо тады з’явіліся дзесятак палітычных зняволеных, у тым ліку непасрэдных удзельнікаў выбараў.

Масавыя і сістэмныя рэпрэсіі ў краіне закранулі вельмі шырокае кола беларускага грамадства. Гэта не толькі адміністратыўны, ці крымінальны пераслед, гэта яшчэ і звальненні з працы, адлічэнне студэнтаў. Задзейнічаная ўся дзяржаўная машына, якая хутка пераарыентавалася выключна на рэпрэсіўныя дзеянні.

Самая цяжкая з такіх форм – палітычна матываваны крымінальна пераслед. На сённяшні дзень па дадзеных Генпракуратуры заведзена больш за 3 000 тысяч «экстрэмісцкіх» крымінальных спраў. Аб'ёмы велізарныя.

Гратэскныя формы набывае і адміністрацыйны пераслед. Людзей затрымліваюць нават за вопратку пэўных колераў. Нашыя суддзі проста ўдасканальваюць практыкі і стандарты прафесійнага дна».

Асобна Стэфановіч спыніўся на зменах у заканадаўстве, якія даволі хутка прымаюцца парламентам і якіх характарызуе рэпрэсіўная скіраванасць. Найперш, гэта змены ў Закон аб сродках масавай інфармацыі, якія прадугледжваюць нават крымінальную адказнасць  уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за размяшчэнне забароненай да распаўсюду інфармацыі. Фармулёўкі гэтага закона сфармуляваныя неканкрэтна і размыта, і трактаваць іх можна даволі шырака.

Змены ў Закон аб палітычных партыях могуць прывесці, на думку праваабаронцы, да перэрэгістрацыі многіх з партый, а частку іх і да ліквідацыі ўвогуле.

Змены ў Закон аб адвакатуры яшчэ больш узмацняюць кантроль Мінюста за адвакатамі. Ім будзе практычна забаронена ажыццяўляць дзейнасць у іншых формах, акрамя працы ў межах Калегій адвакатаў.

У горшы бок прывядуць змены ў Закон аб масавых мерапрыемствах, а папраўкі ў Крымінальны кодэкс уводзяць дадатковыя склады злачынства, якія ўзмацняюць адказнасць за дзеянні «экстрэміскага характару», прадугледжаюць пакаранне за ўдзел у такіх арганізацыях, або нават за спрыянне такой дзейнасці.

«Але найбольшую нашу занепакоенасць выклікае Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму, паколькі ён падразумевае пакаранне за любую публічную крытыку дзеючый улады, афіцыйных асобаў і гэтак далей.  Гэта закон вяртае нас у часы махровай савеччыны, у камуністычнае мінулае.

Непакоюся, што калі гэтыя законы будуць прынятыя ў тым выглядзе, у якім яны зараз прадстаўленыя, то любая публічная дзейнасць у Беларусі будзе моцна абцяжараная.

Гэтыя новаўвядзенні сведчаць аб тым, што крызіс с правамі чалавека робіцца сістэмным. На падаўленне іншадумства працуе ўся дзяржаўная машына».

«Грэбаванне правамі чалавека ў корані падарвала давер да органаў правапарадку, а таксама давер і павагу да сістэмы правасуддзя»

Юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка распавёў аб тым, як ішла праца над новым аналітычным дакладам «Крымінальны пераслед па палітычных матывах. Беларусь 2020-2021 гг.»

«Мы адкрыта і галосна набралі валанцёраў, падключылі сябраў наша арганізацыі з мэтай назірання за крымінальнымі працэсамі ў беларускіх судах. Пад час маніторынгу было ахоплена 59 судоў у 46 гарадах, што дазволіла правесці прафесійнае назіранне за 150 судовымі працэсамі.

Прычым, юрысты і аналітыкі не абмяжоўваліся толькі разглядам спраў у судах, яны ахоплівалі больш шырокія аспекты: ад моманту затрымання да магчымасці абскардзіць вынесены прысуд.

У прыватнасці, мы прыйшлі да высновы, што ў перыяд 2020 -2021 года ўтрыманне пад вартай стала яшчэ адным інструментам рэпрэсій у адносінах да тых, хто падвергнуўся крымінальнаму пераследу, звязанаму з апошнімі грамадска-палітычнымі падзеямі».

Характэрна, што больш за 70% затрыманых па такіх крымінальных справах да суда ўтрымліваліся пад вартай, хаця, напрыклад,год таму  у агульным масіве крымінальных спраў пад варту змяшчалася толькі 24% падазраваных, што  сведчыць аб перадузятым стаўленні да фігурантаў падобных спраў.

«У працэсе вытворчасці па крымінальных справах, у тым ліку – у судах, адзначаецца паўсюднае парушэнне нацыянальных нормаў права, канстытуцыйных і міжнародна-прызнаных стандартаў справядлівага суда. Грэбаванне правамі чалавека і ігнараванне найгрубейшых парушэнняў у корані падарвала давер да органаў правапарадку, а таксама давер і павагу да сістэмы правасуддзя» – рэзюмаваў Сапелка.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:12)