Политика

Вячорка: Сустрэча Ціханоўскай і Байдэна да апошняга моманту трымалася ў сакрэце

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка – пра сустрэчу ў Белым доме.

– Гэтая сустрэча да апошняга моманту трымалася ў сакрэце, – напісаў Вячорка. – Ціханоўскую віталі ў Белым доме як нацыянальнага лідэра, з пратаколам і цырыманіяламі.

Ад гатэлю Willard, дзе звычайна спыняюцца прэзыдэнты (тут сёньня таксама спыніўся прэм’ер Іраку) Ціханоўскую суправаджалі супрацоўнікі службы дыпляматычнай бясьпекі.

На ўваходзе ў Белы дом зрабілі тэст на ковід. Ціханоўская спачатку сустрэлася з прадстаўніком Рады па нацыянальнай бясьпецы, потым яе правялі ў заходняе крыло Белага дома, дзе працуе прэзыдэнт Байдэн і дарадца па нацыяльнай бясьпецы Саліван. Сустрэча адбылася у пакоі Рузвэльта, які знаходзіцца каля Авальнага кабінэту. У гэтым пакоі адбываліся многія гістарычныя сустрэчы і падзеі.

Ініцыятыва сустрэчы належыць Беламу дому і, кажуць, самому Байдэну. Ціханоўская распавяла пра апошнія падзеі ў Беларусі, эскаляцыю рэпрэсіяў, і стратэгію дэмакратычных сілаў. Ціханоўская падкрэсьліла неабходнасьць ціску на рэжым і дапамогі грамадзянскай супольнасьці. Сама Ціханоўская лічыць сустрэчу вельмі цёплай і сяброўскай.

Сам факт сустрэчы — гэта магутны сыгнал салідарнасьці беларусам, якія працягваюць змаганьне ў Беларусі і асабліва тым, хто ў турмах. Але гэта таксама і пасланьне людзям рэжыму, што злачынствы рэжыму не застануцца беспакаранымі, і адзіны выхад з крызісу — праз свабодныя выбары.

Сьвятлана Ціханоўская робіць неймаверна важную працу. З гэтай сустрэчы пачынаецца новая старонка беларуска-амэрыканскіх адносінаў. Ніводнага беларуса не прымалі на такім узроўні. Гэта задзел на доўгую пэрспэктыву, інвэстыцыя ў будучыню. Рэжым так ці інакш падзе, і ўжо цяпер трэба думаць, што далей.

Сустрэча з прэзыдэнтам ЗША – гэта прызнаньне вычыну ўсяго беларускага народу. Узровень сустрэчаў у Вашынгтоне такі толькі таму, што беларусы ўжо цэлы год, кожны дзень дэманструюць беспрэцэдэнтную мужнасьць, якая ўражвае і захапляе ўвесь сьвет.

Асабліва хачу падзякаваць усёй камандзе Сьвятлане Ціханоўскай, сябрам Каардынацыйнай рады, НАУ Паўла Латушкі, Валеру і Вераніцы Цапкалам, і ўсім дэмакратычным сілам, а таксама ISANS і Мікалаю Халезіну ды Натальлі Калядзе. Асаблівы дзякуй беларускай дыяспары ў ЗША, Народным амбасадам. Дзякуй тэлеграм-каналам і незалежным мэдыям. Дзякуй фондам, якія падтрымліваюць беларусаў і праваабаронцам.

Гэта ўсё вынік каманднай працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(46)