Общество
Святлана Ігнатчык, фота photo.bymedia.net

Вуліцы забойцаў

Да гэтага часу вуліцы і плошчы нашых гарадоў увекавечваюць прозвішчы катаў. А самым галоўным з іх у Беларусі ўсталяваны помнікі.

Мінск змяшчае 780 вуліц, назвы якіх у большасці ўвасабляюць здабыткі расійскай культуры і гісторыі. Безліч вуліц названы ў гонар дзеячаў Другой сусветнай вайны. Але зараз мы цікавімся тымі вуліцамі сталіцы, перайменаванне якіх павінна адбыцца ў першую чаргу. Гэта вуліцы, назвы якіх ўвекавечылі прозвішчы асобаў, вінаватых у забойствах і рэпрэсіях вялікай колькасці людзей.

Мы распыталі старшыню Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка, якія назвы вуліц ён лічыць недапушчальнымі, і папрасілі пракаментаваць свае меркаванні.

— Перш, чым вылучыць дзесятку такіх вуліц, хацеў бы нагадаць, што яшчэ ў 90-я гады мінчане мелі права абіраць дэпутатаў у гарсаветы, якія плённа працавалі ў кірунку вяртання вуліцам народных, людскіх назваў. Але пасля 1996 года гэтая праца, на жаль, скончылася. Шмат вуліц Мінска так і засталіся ў расійска-імперскім мінулым. Некаторыя з іх да гэтага часу носяць прозвішчы тых катаў, якія вінаватыя ў забойствах мільёнаў людзей, у тым ліку, беларусаў. У першую чаргу — гэта Ул.Ленін, Ф.Дзяржынскі, П.Панамарэнка. Іх я, не вагаючыся, паставіў бы ў першую тройку.

Вуліца і станцыя метро Плошча Леніна. Ленін – савецкі палітычны дзеяч, стваральнік партыі камуністаў (бальшавікоў), здзейсніў Кастрычніцкі пераварот і стаў заснавальнікам самай страшнай ваенна-палітычнай сістэмы, дзякуючы якой былы вынішчаны дзесяткі мільёнаў людзей.

Праспект Дзяржынскага. Савецкі дзяржаўны дзеяч, стваральнік карнага органа – ЧК. Гэта структура некалькі разоў мяняла назвы — ГПУ, НКВД, МГБ, КДБ, але ж пад любымі з іх менавіта гэты карны орган ад утварэння і да нашага часу праводзіў рэпрэсіі грамадзян. Дзяржынскі – адзін з арганізатараў «чырвонага тэрору».

Вуліца Панамарэнкі. Быў дасланы кіраваць БССР, з 1938 па 1947 гады — першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі. З’яўляўся саўдзельнікам Сталіна, Берыі і Цанавы. Форма кіравання гэтага “засланага казачка” нагадвала начальніка турмы, як кажуць крымінальнікі, “хазяіна”. Такія рэчы як пасляваенны голад, рэпрэсіі, асабліва ў Заходняй Беларусі, немагчыма было здзяйсняць без такога вось “гаспадара”.

Далей Вячаслаў Сіўчык вылучыў больш «дробных» катаў:

Вуліца, Завулак, Плошча Калініна; помнік Калініну. Пры жыцці «раскручваўся» афіцыйнай прапагандай, як «усесаюзны стараста». Адзін з галоўных арганізатараў раскулачванняў. Наогул, Калінін удзельнічаў ва ўсіх сталінскіх злачынствах да апошніх дзён свайго жыцця. У сакавіку 1940 года прымаў рашэнне пра расстрэл палонных афіцэраў польскай арміі.

У 1925 годзе Калінін выказаўся супраць таго, каб яго імем называліся населеныя пункты, але цягам 6 гадоў яго погляды памяняліся. У 1931 годзе ён сам падпісаў пастанову аб перайменаванні г.Твер у г.Калінін.

Вуліца Суворава. Перайшоў з гісторыі царскай Расіі ў гісторыю Савецкага Саюза. Расійскія грамадзяне лічаць Суворава геніяльным палкаводцам, але ў дачыненні да Беларусі ён з'яўляецца агрэсарам. Узгадайце падаўленне паўстання, якім кіраваў наш нацыянальны герой Тадэвуш Касцюшка. Сувораў вызначаўся страшнымі масавымі катаваннямі і знішчэннем мірнага насельніцтва.

Вуліца Свярдлова. Адзін з кіраўнікоў яшчэ ленінскай Савецкай Расіі, які прымаў актыўны ўдзел у стварэнні рэпрэсіўнай сістэмы. Вядомы такі факт, што 2 верасня 1918 года Свярдлоў распрацаваў і падпісаў дакумент -- зварот ВЦВК аб пераўтварэнні савецкай рэспублікі ў адзіны ваенны лагер, які пазней быў дапоўнены і абвяшчаў масавы чырвоны тэрор супраць любых ворагаў рэвалюцыі.

Вуліца Кірава. Непасрэдны арганізатар рэпрэсій з 1926 г. у Петраградзе.

«...ЧК-ГПУ — это орган, призванный карать, а если попросту изобразить это дело, — не только карать, а карать по-настоящему, чтобы на том свете был заметен прирост населения, благодаря деятельности нашего ГПУ». (Цытата з выступу Кірава на святкаванні 15-годдзя ЧК-АГПУ ў 1932 годзе. Заўв. аўтара.)

Вуліца Куйбышава. Верны ленінец-сталінец, з 1927 года член Палітбюро ЦК ВКП(б), адзін з галоўных кіраўнікоў гвалтоўнай калектывізацыі.

Вуліца Тухачэўскага. Вядомы чырвоны камандзір, у «заслугах» якога, напрыклад, падаўленне Тамбоўскага паўстання сялян, супраць якіх па яго рашэнні былі прыменены атрутныя газы.

Вуліца Будзённага. Яшчэ адзін буйны чырвоны маршал. Дарэчы, менавіта ён прымаў самы актыўны ўдзел у знішчэнні таго ж самага Тухачэўскага. А так — звычайны верны сталінец, жыццё і дзейнасць якога не вызначалася гуманізмам.

— На гэтай дзесятцы нельга спыняцца, — падсумаваў Вячаслаў Сіўчык. – У Мінску яшчэ шмат вуліц, завулкаў і плошчаў, якія маюць цяпер бязглуздыя ідэалагічныя назвы (вул. Камуністычная, зав. Рабкораўскі і г.д.) ці ўшаноўваюць імёны людзей, вельмі далёкіх да нашай нацыі. Але большую культурную небяспеку прадстаўляюць тапанімічныя назвы, у якіх увекавечаны прозвішчы забойцаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)